Моўны рухавік рэкламы

Беларускай рэкламы не бачна, але яна ёсць — прыкладна такімі словамі можна ахарактарызаваць стан беларускамоўнай рэкламы, для якой ужо другі год запар ладзіцца адмысловы фэст “ADNAK!.

Фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі “ADNAK! распачаў прыём працаў. Конкурсная праграма фестывалю 2011 года будзе значна пашыраная за кошт новых тэм і кірункаў, якія існуюць на камунікацыйнай прасторы Беларусі.



Беларускай рэкламы не бачна, але яна ёсць — прыкладна такімі словамі можна ахарактарызаваць стан беларускамоўнай рэкламы, для якой ужо другі год запар ладзіцца адмысловы фэст “ADNAK!.

Фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі “ADNAK! распачаў прыём працаў. Конкурсная праграма фестывалю 2011 года будзе значна пашыраная за кошт новых тэм і кірункаў, якія існуюць на камунікацыйнай прасторы Беларусі.

Галоўная адметнасць другога фестывалю: разам са звычайнай рэкламай і PR значная ўвага надаецца працам, скіраваным на прасоўванне розных культурніцкіх праектаў, якія былі створаныя і прасоўваліся да аўдыторыі маркетынгавымі інструментамі і шляхамі. Такім чынам, апроч рэкламы і прамоцыі, у фестывалі возьмуць удзел іншыя камунікатыўныя праекты, напрыклад, фотапленэры, выставы, выдавецкія, кіна-, відэа-, тэатральныя пастановы і іншыя культурніцкія і грамадскія праекты.

Прадстаўнік інтэрнэт-парталу Marketing.by і адзін з арганізатараў фестывалю Сяргей Скараход, паводле сваіх назіранняў, верыць у перспектыву пашырэння сферу ўжытку беларускай мовы. “Магу адзначыць тэндэнцыю, што людзі ва ўзросце 40–50 гадоў бяруць падручнікі і пачынаюць вучыць мову. Для кожнага свае прычыны, гэта не ёсць заслуга фестывалю, але сам факт, што людзі пачалі разумець, што мова — гэта не калгас, а носьбіт культуры і камунікацыі. І за гэтым працэсам рэклама будзе ісці, — зазначае арганізатар фэсту беларускамоўнай рэкламы.

У шэрагу арганізатараў “ADNAK! і кампанія “Будзьма беларусамі!, яе каардынатарка Ніна Шыдлоўская мяркуе, што ўжыванне беларукай мовы ў рэкламе грае на карысць рэкламадаўцаў. “На сённяшні дзень у Беларусі няшмат беларускамоўнай рэкламы, беларускаарыентаванай, што само па сабе прыцягвае ўвагу спажыўцоў. А ўлічваючы тое, што кампанія “Будзьма беларусамі! моцна апякуецца тым, каб беларуская мова максімальна ўваходзіла ва ўсе сферы ўжытку нашага грамадства, мы зацікаўленыя ў тым, каб рэклама як адзін з самых хуткіх і штодзённых фактараў, якія ўплываюць на свядомасць і падсвядомасць людзей, таксама станавілася беларускамоўнай. Вельмі важная для нас і якасць той рэкламы, але той фактар, што беларускамоўная рэклама сама па сабе выбіваецца з агульнага шэрагу, на маю думку, для вытворцаў рэкламы мусіць быць стымулам, каб рабіць рэкламу па-беларуску, — гаворыць Шыдлоўская.

Збор працаў будзе весціся з 15 сакавіка па 6 чэрвеня. Асноўны фестывальны дзень пройдзе 23 чэрвеня. Цягам гэтага дня будуць ладзіцца майстар-класы вядучых беларускіх рэкламістаў, круглыя сталы і сустрэчы з удзелам прафесійных гульцоў рэкламнага і камунікатыўнага рынкаў Рэспублікі Беларусь. Фіналам стане ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў фестывалю 2011 года.
 

Каментаваць