Моладзь БНФ абвясціла флешмоб у падтрымку Рыгора Барадуліна

Інтэрнэт-супольнасць актыўна абмяркоўвае допіс у фейсбуку дырэктара агенцтва «Акадэм-нерухомасць» Аляксандра Гарашчэні, у якім той выказаў непавагу да Рыгора Барадуліна.
Моладзь БНФ таксама не засталася ў баку і выступіла з адпаведнай заявай.

«Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў — выбітныя творцы, якія праславілі нашу радзіму на ўвесь свет і якіх, на жаль, ужо няма з намі. Увесь час нашага існавання нас спрабавалі ачарняць, але гэтыя спробы заўжды былі і будуць марнымі.

У той час, як некаторыя не вельмі адукаваныя людзі дазваляюць сабе абражаць памяць годных сыноў Беларусі, мы застаемся згуртаваннем сапраўдных беларускіх інтэлігентаў, якія ведаюць і шануюць гісторыю і культуру сваёй Радзімы», — адзначаецца ў заяве.


Моладзь БНФ заклікала ўсіх патрыётаў узгадаць творчасць Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна і, далучыўшыся да флэшмоба, цытаваць яго вершы ў сваіх сацыяльных сетках з хэштэгам #ДзядзькаРыгор. «Канешне, заклікаем вас чытаць і памятаць не толькі сёння, не толькі ў інтэрнэце і творы не толькі Рыгора Барадуліна, але і іншых славутых песняроў нашай нацыі».

Таксама аўтары заявы звярнуліся да хлопца, якому не пашчасціла з бацькам: «Шаноўны дружа! Запрашаем цябе прыйсці ў офіс нашай арганізацыі і атрымаць у падарунак зборнік вершаў Рыгора Барадуліна. Мы шчыра жадаем, каб ты быў адукаваным і не паўтараў памылак бацькоў».


Абмеркаванне:

  • Віктар Яварэц
  • 2016-10-18 18:51:49
Зьнявага і абраза асобаў, якія складаюць гонар нашай нацыі - гэта крымінальнае злачыньства!

Каментаваць