Моладзь БНФ: вярнуць ільготы чарнобыльцам!

Моладзь БНФ патрабуе вярнуць ільготы ліквідатарам аварыі на ЧАЭС, а таксама прыняць усе неабходныя меры па ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.

Моладзь БНФ збірае подпісы пад петыцыяй, каб вярнуць ільготы ліквідатарам-чарнобыльцам і тым, хто застаўся жыць на забруджаных тэрыторыях, а таксама прыняць меры па ліквідацыі наступстваў ад аварыі на ЧАЭС. Зварот плануецца накіраваць ў Савет міністраў і Нацыянальны сход.

 “Ужо больш за 30 гадоў прайшло з моманту аварыі на ЧАЭС, а наша краіна дагэтуль пакутуе ад наступстваў той трагедыі. Забруджаныя тэрыторыі, рост анкалагічных захворванняў, парушэнні экалагічнай абстаноўкі і шмат чаго іншага. Але ж, замест таго, каб прыкласці высілкі для ліквідацыі гэтых наступстваў, мы вымушаны канстатаваць, што ўлада не выконвае сваіх абавязкаў па выпраўленні дадзенай сітуацыі.

Скасаваныя ільготы ліквідатарам, вырошчванне сельгаспрадукцыі і размеркаванні маладых спецыялістаў у забруджаныя зоны, недастатковы ўзровень медыцыны у анкалагічнай сферы — вось чаго дасягнула дзеючая ўлада ў сферы ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС”, — адзначаецца ў петыцыі Моладзі БНФ  petitions.by.

Таму Моладзь БНФ патрабуе ад уладаў і парламентарыяў на заканадаўчым узроўні прыняць неабходныя меры па ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС:

1) Вярнуць ільготы ліквідатарам на ЧАЭС і жыхарам забруджаных ад ЧАЭС тэрыторый.

2) Забараніць вырошваць с/г на забруджаных тэрыторыях.

3) Забараніць размяркоўваць маладых спецыялістаў на забруджаныя тэрыторыі.

4) Павялічыць выдаткі на медыцыну ў анкалагічнай сферы.

5) Выпрацаваць працэдуру абавязковай праверкі насельніцтва на анкалагічныя захворванні.

 

Паводле прэс-службы Моладзі БНФ

 

Каментаваць