Моладзь БНФ за рэабілітацыю Ларысы Геніюш

Моладзь БНФ распачала кампанію за рэабілітацыю беларускай паэткі і грамадскай дзеячкі Ларысы Геніюш.

Кампанія пачалася зборам подпісаў, якія будуць перададзеныя ў Генеральную пракуратуру ды Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь. За рэабілітацыю Ларысы Геніюш ужо падпісаліся каля 200 чалавек.

Таксама Моладзь БНФ мае намер дамагчыся ўключэння твораў Ларысы Геніюш у школьную праграму. З гэтай прапановай яны звернуцца ў Міністэрства адукацыі. Адначасова будуць працаваць са школьнікамі, ладзіць літаратурныя чытанні, вечарыны, паездкі на радзіму Геніюш.

У планах усталяванне помніка і  ўшанаванне памяці шляхам перайменавання вуліцы ў гонар Ларысы Геніюш.

Па словах лідара Моладзі БНФ Юрася Лукашэвіча, гэта ўжо не першая спроба рэабілітацыі Ларысы Геніюш. «На нашу думку, раней улады адмаўлялі ў гэтым, бо на той момант былі не гатовы да гэтага. Яны баяліся рэзанансу., бо як гэта прызнаць, што ў СССР парушаліся правы чалавека, асуджаліся невінаватыя і г.д. Але спадзяемся, што ўлады гатовы да змен, гатовы падтрымаць беларускаць і папулярызаваць творчасць выбітных беларусаў», — кажа Юрась.

Моладзь БНФ заклікае ўсіх неабыякавых людзей далучацца да кампаніі, ставіць свой подпіс і сачыць за навінамі. Падпісацца зараз можна ў офісе Партыі БНФ, на адмысловых пікетах у Мінску, Гомелі, Брэсце, Воршы і Магілёве.

Усе навіны будуць публікавацца пад хэштэгам #Геніюш2016

Афіцыйная старонка кампаніі: http://vk.com/club124863824


Каментаваць