Моладзь прыдумвала нацыянальны брэнд

Напрыканцы жніўня ў Троках прайшла традыцыйная Летняя школа Руху “За Свабоду”. Сёлета галоўнай тэмай школы стаў “Нацыянальны брэнд Беларусі”.



У школе навучаліся больш за 20 чалавек ад 18 да 30 гадоў з 15 гарадоў Беларусі. Па выніках Школы ўдзельнікі стварылі брэндавыя рэпрэзентатыўныя прома-ролікі для кожнай вобласці краіны, у якіх выявілі іх сучасныя і гістарычныя адметнасці і міфы, выкарыстаўшы досвед і веды, атрыманыя цягам тыднёвага навучання.

Моладзь спалучыла адпачынак і навучанне. Гатэльны катэдж, стылізаваны пад Палацавы комплекс, мясціўся ў лесе на беразе возера. У перапынках між навучаннем, удзельнікі каталіся на роварах і чоўнах. Таксама для слухачоў Школы быў арганізаваны візіт у мэрыю Трокаў, а ў Вільні адбылася экскурсія ў музей ахвяраў сталінізму і па беларускіх мясцінах літоўскай сталіцы, якую правёў мясцовы беларус Кірыл Атаманчык.

Мэта Школы — абмеркаваць складнікі брэнда Беларусі, выпрацаваць шляхі фармавання пазітыўнага вобразу Беларусі сярод замежнікаў і саміх беларусаў, прааналізаваць прыклады выкарыстання нацыянальных адметнасцяў як паспяховых маркетынгавых крокаў”, — адзначыў Алесь Лагвінец, дырэктар Школы, намеснік старшыні Руху “За Свабоду”.

Школа Руху “За Свабоду” ў гэтым годзе была прысвечаная вобразу Беларусі ў свеце. Разбіраліся, што фармуе "брэнд" краіны, як яго можна змяняць, на што імідж уплывае ў міжнародных стасунках, развіцці турызму, прыцягненні інвестыцый ды проста ў чалавечых адносінах. Выкладчыкі сёлета былі проста зоркамі і самі па сабе "брэндамі". Асабліва цешыць, што сярод іх былі ўдзельнікі папярэдніх школаў — паэтка і свецкая львіца Валярына Кустава, актывіст і валанцёр Андрэй Стрыжак, а таксама рэдактар інтэрнэт часопіса “Ідэя” Рыгор Астапеня. Мы хацелі, каб удзельнікі гэтага году, неверагодна цікавыя і актыўныя маладыя людзі, задумаліся над брэндам Беларусі, бліжэй пазнаёміліся з выкладчыкамі — зоркамі беларускай журналістыкі, гісторыі, турызму, і разам пачалі працаваць над удасканаленнем іміджу нашай краіны. І выглядае на тое, што ў нас атрымалася…” — распавяла Вераніка Мазуркевіч, адна з арганізатарак і куратар Школы.

Цягам навучання маладыя людзі, акрамя іншага, працавалі над канцэптамі і рэбрэндынгам беларускіх міфаў, гістарычных постацяў і падзей.

Напрыканцы Школы адбылося галасаванне і абмеркаванне ўсіх удзельнікаў за найлепшыя прома-ролікі. Пераможцамі, якіх узнагародзіў першы намеснік старшыні Руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч, сталіся каманды Гародні і Гомелю. Неўзабаве ролікі пераможцаў можна будзе ўбачыць на сайце.

У школе выступалі асобы, якія прадстаўлялі незалежнае меркаванне з розных ракурсаў. Больш за ўсё ўразілі выклады Андрэя Лянкевіча, Марыны Бароўкі, Змітра Карэнкі, Франака Вячоркі, Валярыны Куставай, Аляксандра Класкоўскага, Андрэя Стрыжака, а таксама выкладнікаў з Нямеччыны, Літвы і ЗША, — распавёў Станіслаў Стэсік, удзельнік Школы. — Таксама гэтая школа дала добрыя практычныя веды. Напрыклад, цяжка вытлумачыць як, напрыклад, працаваць з медыямі, калі гэта не паказаць на прыкладзе. А нам акурат усё паказвалі і самім прапаноўвалі папрактыкавацца! Калі хтосьці кажа, што беларуская моладзь абыякавая, то гэтая школа паказчык таго, што мы хочам працаваць, атрымліваць веды, прабівацца наперад — дзеля сябе і сваёй краіны!”

Увечары 29 жніўня, калі ўдзельнікі школы вярталіся дадому, на літоўска-беларускай мяжы быў зладжаны пільны дагляд дакументаў усіх прысутных — асабліва службовыя асобы цікавіліся матэрыяламі навучальнай праграмы Летняй Школы. Пасля дагляду, што заняў каля дзвюх гадзінаў, аўтобус прапусцілі на Мінск.

Улада перастрахоўваецца. Адукацыйныя курсы для моладзі ўяўляюць наўпроставую пагрозу, толькі калі разглядаць іх як выклік дзяржаўнай сістэме ідэалогіі і прапаганды. Мы вучым моладзь быць прагнай да новых ведаў, аналізаваць і самастойнага мысліць. Такія грамадзяне ствараюць нязручнасці ўладзе, бо не стануць успрымаць усё наверсе і задаюць нязручныя пытанні”, — пракаментаваў затрыманне аўтобуса Юрась Губарэвіч.

Фота Аляксея Пiскуна і Змітра Карэнкі

Абмеркаванне:

  • Аляксей
  • 2015-09-03 20:16:51
Не, няма тут маіх фотак :)
  • Валярына
  • 2015-09-04 21:13:22
Наступны раз абавязкова будуць!) Столькі файных фотак наўздагон было, што хоць разарвіся з ввбарам)

Каментаваць