Мова як зброя

Апошнім часам чынавентсва заклапацілася праблемай ужытку беларускай мовы.Пэўна, пачулі вядомы інтэрнэт-мем: «Размаўляйце цішэй па-руску, а то Пуцін дашле танкі вас ратаваць!» 



Апошнім часам як грамадства, так і чыноўніцтва заклапацілася праблемай існавання і ўжытку беларускай мовы.

З’езд Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, які прайшоў у Мінску 2 лістапада, наведала галоўны спецыяліст Упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Людміла Лебедзь. Яна не пабачыла ніякіх праблемаў з ужываннем беларускай мовы. «Дакументы, якія прыходзяць да нас па-беларуску, атрымліваюць беларускамоўны адказ. Развіваецца беларускамоўны тэатр і наша музычная культура. Нашы паэты-песеннікі ствараюць добрыя беларускамоўныя песні, якія з задавальненнем выконваюць і прафесійныя артысты, і аматары. Мы існуем у беларускім асяроддзі», — заявіла Людміла Лебедзь Радыё «Свабода».

Яна ўпэўненая, што моўная праблема ў Беларусі — гэта праблема сямейнага выхавання, а суіснаванне дзвюх моваў — рускай і беларускай — не праблема. На заўвагу аб тым, што асяроддзе не спрыяе пераходу на беларускую мову, чыноўніца заявіла, што асабіста ў яе няма ніякіх перашкод гаварыць на той мове, на якой хочацца, у тым ліку на беларускай.

Калісьці я таксама адказваў на пытанне НІСЭПД: «Ці хвалюе вас стан беларускай мовы?». Спачатку я намыліўся быў адказаць «не», бо для мяне не праблема стасавацца па-беларуску. Але калі дапетрыў, што апытанка агульнанацыянальная, і варта ацэньваць не «асабістыя адносіны», а стан беларускай мовы ў цэлым, то давялося адказаць «так». Сапраўды, з беларускай мовай у нас шмат праблемаў.

І літаральна цягам месяца гэтай праблеме пачалі надаваць шмат увагі. Напрыканцы верасня Лукашэнка заявіў, што ў школах варта было б дадаць гадзіну ў тыдзень на беларускую мову. Прэм’ер Міхаіл Мясніковіч на калегіі Саўміна раптам выступіў па-беларуску. Нават неўгамонны «крыэйтар», віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік заявіў: «Гэта будзе жахліва, калі мы страцім мову. Чым мы тады будзем адрознівацца ад нашых суседзяў?» Як наступства ўсяго гэтага, зараз абмяркоўваецца пытанне аб тым, каб увесці абавязковы экзамен па дзвюх дзяржаўных мовах за курс сярэдняй школы (цяпер навучэнцы здаюць такі экзамен па выбару).

На сустрэчы з пісьменнікамі Лукашэннка заўважыў, што яму дастаткова «пару гадзінаў» паразмаўляць па-беларуску, каб цалкам перайсці на мову. Дый сентэнцыі старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыса Пятровіча наконт беларускіх класаў, беларускамоўных школаў і, урэшце, беларускамоўнай ВНУ Аляксандр Рыгоравіч выслухаў, можа, і без імпэту, але з пэўным паразуменнем.

Дык чаму ж улады (не ўсе, што праўда) раптам заклапаціліся праблемай развіцця нацыянальнай мовы? Бо пасля 1994 года згортванне «гвалтоўнай беларусізацыі» падавалася як ці не найпершае дасягненне кіраўніка краіны?

Улады зразумелі, што мова — гэта таксама зброя. Асабліва яскрава гэта выявілася ў падзеях ва Украіне. З аднаго боку, менавіта пагроза «гвалтоўнай украінізацыі» падштурхнула Данбас у накірунку «рускай вясны», а потым і «Наваросіі». З іншага — руская мова стала мовай не толькі «межнацыянальных зносінаў», але і мовай варожасці, дасціпнай прапаганды і інфармацыйнай вайны.

Ва ўладзе, пэўна, пачулі развагі пра тое, што на Данбасе Пуцін не спыніцца. Паўстае простае пытанне: «Хто наступны?». Беларусь выглядае лёгкім кавалкам, які проста пракаўтнуць. І справа не ў нас, а ў тым, што важней для Пуціна — страта праз далучэнне адзінага саюзніка альбо ўласны рэйтынг, які трэба падсілкоў­ваць геапалітычнымі перамогамі «рускага свету».

Так што нам трэба даказаць, што мы — не «Паўночна-Заходні край», а суверэнная дзяржава са сваёй мовай, гербам, сцягам і гэтак далей. І спадзявацца на тое, што другую хвалю экспансіі «рускага свету» Захад не пацерпіць.

Праблема мовы, такім чынам, перастала быць праблемай «вузкаінтэлігенцкай», а стала праблемай грамадскай і геапалітычнай. Паводле дадзеных ліпеньскіх апытанняў Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі, сярод найбольш вострых пагрозаў для краіны на бліжэйшую чвэрць стагоддзя грамадзяне краіны назвалі страту роднай мовы — разам са змяншэннем колькасці насельніцтва, п’янствам і алкагалізмам, наплывам мігрантаў, экалагічнымі праблемамі і зніжэннем узроўню жыцця. А паводле атласу ЮНЭСКА «Мовы свету ў небяспецы», беларуская мова таксама знаходзіцца пад пагрозай знікнення.

Пад пагрозай экспансіі «рускага свету» нам даводзіцца зноў вяртацца туды, адкуль сышлі пасля рэферэндуму 1995 года, які «зраўняў у правах» рускую і беларускую мовы. Ці пойдуць улады на «адраджэнне Адраджэння»? І наколькі глыбокай будзе «другая хваля беларусізацыі»? Нават калі яна будзе фармальнай, гэта лепш, чым нічога.

Каментаваць