Муза нашага двара

Панадворак нашага невялікага двухпавярховага дома на паўночным ускрайку Мінска анічым не розніўся ад многіх сталічных двароў. Аднекуль прыходзіў дворнік, які рабіў сваю справу нядбайна, нібыта з-пад палкі… 



Аднак суседзі — Ніна Астапенка, Ганна Жахоўская, Мікалай Жахоўскі, Яўгенія Гурына і . Алена Шкленік не далі двару заняпасці, пачалі даглядаць яго, саджаць кветкі і ўпрыгожваць маляўнічымі кампазіцыямі.

Прычым зрабілі іх з падручных сродкаў і старызны, якія кожны гараджанін можа знайсці ў сваёй гаспадарцы. Цяпер жыхары і госці нашага дома могуць палюбавацца сямейкай белых лебедзяў, якая “плыве” па цёмна-зялёным газоне да штучнага возера, ладнай шэрай вожычыхай, якая цішком прабіраецца паўз грыбную палянку і дэкаратыўныя клумбы ў пошуках свайго вожыка і дзяцей... На раскідзістай ліпе суседзі размясцілі былыя дзіцячыя цацкі — невялічкую жоўтую пантэру і аграмадную малпу.

Сапраўднай завадатаркай і натхніцелькай жыхароў нашага дому з’яўляецца Ганна Жахоўская, якая змяніла былога нядбайнага дворніка на ягонай пасадзе. Прычым, гэтая змена была доўгачаканай, натуральнай і вельмі ўдалай, бо панадворак стала даглядаць працавітая і аўтарытэтная жанчына. Менавіта дзякуючы ёй двор заўсёды прыбраны, на газонах своечасова пастрыжаная трава, дагледжаныя дрэўцы і кустоўе, з вясны да самых прымаразкаў на клумбах растуць кветкі. 

Спадарыня Ганна родам з Лагойшчыны, вырасла без бацькі і вымушаная была з ранняга дзяцінства дапамагаць маці ва ўсіх справах. Каб падняць трох дачок, трэба было трымаць карову і парсюкоў. Вось чаму на вясковай гаспадарцы маленькай Ганне даводзілася шмат працаваць з рання да цямна, прычым выконваць і ўсю мужскую працу, каб дапамагчы маці і сёстрам… Так што з маленства дзяўчынка прызвычаілася шанаваць працу, выконваць яе адказна і грунтоўна.

Пра гэта сведчыць вялізны стос грамат і падзяк, што атрымала Ганна Жахоўская за сваю сумленную 35-гадовую працу на пасадзе загадчыка адміністрацыйна-гаспадарчага аддзелу сталічнага “Вадаканалу”, пра гэта сведчыць упрыгожаны і ўтульны наш двор, што пасля выхаду на пенсію любоўна даглядае яго гаспадыня. І як у гады сваёй маладосці, без будзільніка прачынаецца а пятай гадзіне, каб штодзень, нягледзячы на надвор’е, рабіць сваю справу. 

Вось і зараз, напярэдадні Новага году і Калядаў спадарыня Ганна зрабіла сваім суседзям чарговы прыемны падарунак — паставіла і ўпрыгожыла ялінку. Дык павіншуем музу нашага двара з надыходзячымі святамі, падзякуем ёй за клопаты і дабрыню, пажадаем Ганне Казіміраўне доўгіх гадоў шчаслівага жыцця.

Каментаваць