Мужчына ў дэкрэтным: дзіва ці шараговая з’ява

У беларускай сям’і ролі жанчыны і мужчыны выразна падзеленыя. Жанчына — гэта маці і гаспадыня. У жыцці дзіцяці тата прысутнічае мінімальна. Узорам у пераўтварэнні традыцыйных мадэляў можна назваць Швецыю.



Тата ці мама?

Афіцыйная статыстыка сведчыць, што толькі адзін працэнт беларускіх тат ідуць у дэкрэтны адпачынак. Гэта прыкладна 2 700 мужчын, у той час як дэкрэтны па доглядзе за дзіцём бяруць 290 000 жанчын.

Зрэшты, роля мужчын у сямейным побыце таксама невялікая. У 2014 годзе Белстат рабіў у фокус-групе даследаванне вольнага часу. Яго вынікі паказалі, што жанчыны істотна больш, чым мужчыны, выдаткоўваюць часу на сямейныя справы і догляд за дзецьмі.

На догляд за дзецьмі жанчыны выдаткоўваюць больш часу на некалькі працэнтных пунктаў, а на хатнія справы ў жанчын у сярэднім за дзень сыходзіць каля 3 гадзін 35 хвілін, у мужчын — 54 хвіліны.

Эксперт у галіне гендэрных адносін Таццяна Шчурко ў каментары на тэматычным сайце rebenok.by адзначыла, што для беларускіх мужчын дэкрэтны адпачынак выглядае амаль знявагай.

«Нам толькі вядома, што гэта зусім невялікі працэнт — на ўзроўні статыстычнай хібнасці, — заўважае эксперт. — І гэтаму ёсць некалькі прычын. Па-першае, у Беларусі, як правіла, жанчыны зарабляюць менш. Таму, калі ў сям'і вырашаюць, хто застанецца дома з дзіцем, выключна эканамічна выбар відавочны — жанчына. Па-другое, у нашым грамадстве існуе ўстойлівы стэрэатып, што мама лепш справіцца з выхаваннем дзіцяці, што гэта натуральная функцыя жанчыны, а мужчыну наогул не ўласціва важдацца з дзецьмі. Акрамя таго, у нашай краіне рэпрадуктыўная праца лічыцца дробяззю. У CV не напішаш, што ты тры гады прасядзела дома з дзіцем — ніякіх бонусаў працадаўца табе за гэта не прапануе».

Што тычыцца татаў, то многія з іх, на думку Шчурко, асцерагаюцца негатыўнага ўспрымання ў грамадстве. «Муж маёй сяброўкі сышоў у адпачынак па догляду за дзіцем, і ўсе сябры яго асудзілі».

У гэтым кантэксце цікава выглядае досвед Швецыі і ролі шведскіх мужчын у выхаванні дзяцей. У Швецыі дэкрэтны адпачынак па догляду за нованароджаным складае 16 месяцаў. Але толькі пры ўмове, што і маці, і бацька возьмуць хаця б два месяцы з гэтых шаснаццаці. У адваротным выпадку аплацяць толькі чатырнаццаць месяцаў дэкрэтнага. То бок адмыслова закладзены механізм, што заахвочвае бацьку мінімум на два месяцы пайсці ў дэкрэтны. Дзякуючы гэтаму стымулу каля 75 % шведскіх мужчынаў сыходзяць у адпачынак па догляду за дзіцём, яны забіраюць 25,5 % дзён аплачваемага дэкрэтнага.

Яшчэ адна адметнасць шведскай сістэмы палягае ў тым, што дні дэкрэтнага адпачынку (поўныя ці часткова) можна браць да таго, як дзіцяці споўніцца восем гадоў або да заканчэння ім першага класа школы.

У Швецыі шмат бясплатных дзіцячых цэнтраў (яны звычайна належаць муніцыпальным службам), дзе можна бавіць час. У адным з такіх цэнтраў «Масон» у невялікім горадзе Кальмар, я пазнаёмілася з Патрыкам.

«Масон» — своеасаблівы аналаг гульнявой пляцоўкі, але з кухняй і ўсімі неабходнымі атрыбутамі, працуе штодня з 8.30 да 16.00. Некалькі разоў на тыдзень у гэты цэнтр прыходзіць лекар агульнай практыкі Патрык са сваімі дзецьмі — паўтарагадовай дачкой Саннай і чатырохгадовым сынам Філіпам.

Апошнія шэсць месяцаў у дэкрэтным па доглядзе за Саннай знаходзіцца Патрык. Бацькі дзялілі абавязкі і па выхаванні Філіпа падобным чынам — першы год у адпачынку па доглядзе за сынам была мама, пасля з дзіцёнкам сядзеў Патрык.

Па словах Патрыка, у дэкрэтны ён выйшаў не з пачуцця абавязку, як гэта можа здацца на першы погляд беларускаму абывацелю. «Мне захацелася трохі свабоды, і, калі, дачцэ споўніўся год, я выйшаў у дэкрэтны. Мне не трэба рана ўставаць, я сяджу дома з дзецьмі. Яны прачынаюцца каля 7 раніцы, а на працу я ўставаў на гадзіну раней. Жыццё стала больш прыемным. Працаваць нашмат складаней, чым быць з дзецьмі дома. Асабліва прыемна знаходзіцца ў дэкрэтным летам», — дзеліцца досведам ненамінальнага бацькоўства Патрык.

Праз два тыдні Патрык выходзіць на службу, і з гэтага моманту яго жонка (адміністратар у грамадскім сектары) будзе працаваць на гадзіну менш, каб забіраць дзяцей з садку крыху раней. Дарэчы, дзіцячы садок каштуе каля 150 еўра, за дваіх дзяцей аплата не нашмат павялічваецца. Гэта толькі 10 % ад рэальнага кошту, астатнюю частку плаціць дзяржава.

Таты з маленькімі дзецьмі на вуліцах Кальмара сустракаліся часта. Не адзінкавая гэта з’ява і для ўсёй Швецыі.


Эканамічныя стымулы

Як вядома, 1 лістапада ў Беларусі змяніўся мінімальны спажывецкі бюджэт. Адпаведна, гэта паўплывала на сацыяльныя выплаты — крыху ўзраслі дапамогі па доглядзе за дзіцём да 3 гадоў і за дзіцём-інвалідам.

Выплаты па доглядзе за першым дзіцём да трох гадоў (дэкрэтныя) цяпер складаюць 2 433 700 рублёў, што эквівалентна прыкладна 140 доларам. Грошы невялікія, і нармальна жыць толькі на іх маці і дзіця без старонняй дапамогі наўрад ці змогуць.

Таму без мужа і бацькі, заробак якога нашмат большы за дапамогу па доглядзе за дзіцём, і які бярэ на сябе функцыю кармільца, не абысціся. А калі так, то жанчына аўтаматычна займаецца дзецьмі і домам.

Хаця, дзеля справядлівасці, варта сказаць, што ў рэгіёнах нярэдка сустракаюцца і заробкі ўзроўню дзіцячай дапамогі.

Працяглы перыяд дэкрэтнага (3 гады), калі яго бярэ толькі маці, падтрымлівае гендэрную сегрэгацыю на рынку працы і ў заработнай плаце. Знаходжанне на працягу трох гадоў у дэкрэтным робіць жанчыну эканамічна залежнай ад мужа, вядзе да страты працоўнай кваліфікацыі.

Каб такога не адбывалася, каб і жанчына, і мужчына маглі нароўні рэалізаваць свой прафесійны патэнцыял, у Швецыі распрацавана іншая сістэма.

У Швецыі 480 дзён дэкрэтнага аплачваюцца па тарыфе 80% ад заробку, але не большага чым 37 000 шведскіх крон у месяц (прыкладна 3 700 еўра). А таксама 90 дзён па тарыфе 180 крон у дзень. Кожны з бацькоў атрымлівае па 195 дзён па высокаму тарыфу і па 45 дзён па больш нізкаму тарыфу. Бацькі могуць перадаць адзін аднаму частку сваіх дзён, але 60 дзён зарэзервавана для таго з бацькоў, чыя зарплата вышэй.


Чытайце таксама «Бабы нараджаюць, мужыкі — працуюць» 


Таксама мужчыны і жанчыны ў дэкрэце атрымліваюць фінансавую падтрымку ад свайго працадаўцы (прафсаюза), але гэтыя выплаты рэгулюцца ўнутранымі правіламі.

«На самай справе, сям'я губляе ў грошах, калі мужчына сыходзіць у дэкрэтны. Я, напрыклад, зарабляю нашмат больш, чым мая жонка. І калі б не ўсе даплаты, то мы б прыстойна страцілі. Аднак з усімі выплатамі нашы даходы з жонкай прыкладна зраўняліся», — распавядае Патрык пра эканамічны бок выхавання дзяцей.

У Швецыі тата ў дэкрэтным — нармальная з’ява. «Гэта — рэлакс, магчымасць зблізіцца са сваімі дзецьмі, спазнаць іх лепей. Гэтым шанцам прыемна скарыстацца», — гаворыць Патрык.

Тут варта дадаць, што ўдзел бацькі ў выхаванні дзяцей — не ёсць ломкаю сацыяльных роляў, як тое можа выглядаць. Гэта — адказнасць дарослых людзей за выхаванне сваіх нашчадкаў ды адпаведнасць ладу жыцця ў сучасным свеце. У выпадку Швецыі дзяржава гэта своечасова асэнсавала і знайшла інструменты, што дапамагаюць людзям прыняць новае.


Досвед іншых краін

У Японіі мужчын-работнікаў муніцыпальных устаноў прымусова адпраўляюць у 40-дзённы аплачаны адпачынак па догляду за дзіцем. У краіне, дзе сярэднестатыстычны бацька надае дому і дзецям толькі 48 хвілін у дзень, гэта адзіны выхад прымусіць мужчыну ўмацаваць сваю ролю ў выхаванні дзіцяці

У Нарвегіі з 1 ліпеня 2013 года ў поўным аб'ёме (100% заработнай платы) бацькам будзе аплачвацца 49 тыдняў адпачынку па догляду за дзіцем, 14 тыдняў гэтага адпачынку можа ўзяць мужчына. Прычым сысці ў дэкрэт бацькі дзіцяці могуць нават разам. Яшчэ 59 тыдняў дэкрэтнага адпачынку аплачваецца на 80% ад заробку.

Новы закон шмат гадоў лабіравалі шматлікія нарвежскія арганізацыі, якія змагаюцца за правы бацькоў. Ва ўрадзе ж Нарвегіі падкрэсліваюць, што адстойвалі не столькі правы мужчын, колькі інтарэсы дзяцей, якім часта не хапае ўвагі і клопату з боку бацькоў.

У Германіі адпачынак па догляду за дзіцём, па статыстыцы, сёння бярэ кожны чацвёрты бацька (у 2007 годзе было толькі 3,5%). Такі рост эксперты тлумачаць з'яўленнем у 2007 годзе аплачанага адпачынку па догляду за дзіцем, ці бацькоўскай дапамогі, як яго яшчэ называюць. Сутнасць закону была ў тым, што калі ў дэкрэт сыходзіць толькі адзін з бацькоў, аплачваецца год, а ў выпадку гатоўнасці абодвух партнёраў, дзяржава кампенсуе 14 месяцаў адпачынку па догляду за дзіцем. Пры гэтым бацькі вольныя самі вырашаць, хто з іх на які тэрмін сыдзе ў дэкрэтны адпачынак.

Фота аўтара і Міхаіла Аршынскага

Каментаваць