Музыка за кратамі

“На месцы майго Дзімы мог апынуцца любы з 40 тысяч звычайных людзей, што выйшлі на плошчу 19 снежня, — раз за разам паўтарае Клаўдзія Буланава. Яе сын не ўваходзіць у палітычныя партыі ці апазіцыйныя моладзевыя арганізацыі. Тым не менш, хлопец ужо трэці месяц сядзіць на Валадарцы па абвінавачанні ва ўдзеле ў масавых беспарадках.

Дзесяць дзён пекла



“На месцы майго Дзімы мог апынуцца любы з 40 тысяч звычайных людзей, што выйшлі на плошчу 19 снежня, — раз за разам паўтарае Клаўдзія Буланава. Яе сын не ўваходзіць у палітычныя партыі ці апазіцыйныя моладзевыя арганізацыі. Тым не менш, хлопец ужо трэці месяц сядзіць на Валадарцы па абвінавачанні ва ўдзеле ў масавых беспарадках.

Дзесяць дзён пекла

Першыя дні пасля арышту сына Клаўдзія Буланава забудзе няхутка. “Дзіма пайшоў праводзіць сваю дзяўчыну (прынамсі, мне так сказаў), увечары тэлефануе: “Мама, я ў аўтазаку. Я і слова такога ніколі не чула. Пазней ператэлефанаваў: “Я на Акрэсціна, у мяне разбітая галава. Шукай мяне праз міліцыю. Я злавіла таксоўку, прыехала пад сцены ізалятара, а там дзясяткі аграмадных машын — тых самы аўтазакаў, — узгадвае жанчына ноч 19 снежня. — Я падышла да людзей, адзін мужчына сказаў мне: “Запомніце слова “Вясна. Гэта пазней я ўжо даведалася, што існуе такі праваабарончы цэнтр “Вясна, а тады я была ў паніцы. Што рабіць? Куды звяртацца? Першыя дзесяць дзён я жыла як у пекле.

Адбыўшы дзесяць сутак адміністрацыйнага арышту, сын вярнуўся дадому. “А праз паўтара тыдні яго выклікалі ў міліцыю на допыт. Дзіма папрасіў даслаць позву, яму сказалі пачакаць дома — маўляў, ніякіх праблем, зараз прывязем. Прыехалі нейкія людзі ў цывільным, нават не паказалі папер, і вывелі з кватэры. Апошні раз Дзіма патэлефанаваў пасля допыту, голас гучаў як быццам бы з-пад зямлі. Сказаў, што яго абвінавачваюць у масавых беспарадках. Следчы і дзяжурны адвакат разам на яго крычалі, у выніку ён падпісаў частковае прызнанне. Паказалі артыкул і сказалі: “Твае дзеянні патрапляюць пад гэтыя фармулёўкі. Падпішы частковае прызнанне — выйдзеш. Не выйшаў… — выгукае Клаўдзія Буланава.

“У 18 гадоў сам пайшоў хрысціцца

Сцены ў кватэры Буланавых упрыгожаныя пейзажамі — падарункамі сябровак-мастачак спадарыні Клаўдзіі, рэпрадукцыямі “Нараджэння Венеры Сандра Батычэлі і “Троіцы Андрэя Рублёва. Клаўдзія Булавана — біёлаг, выкладае ва ўніверсітэце. “Я скончыла музычную школу па класе фартэпіяна, мая сястра — па класе скрыпкі, а Дзіма захапляецца гітараю, — апавядае Клаўдзія Якаўлеўна, заўважаючы маю цікаўнасць да велічнага чорнага піяніна ў зале. — Я ў дзяцінстве спрабавала адвесці Дзіму ў музычную школу, але чамусьці яму не прыйшлося тое даспадобы. У восьмым класе ён сам пачаў займацца музыкай, і вось ужо больш за 10 гадоў Дзіма ёю жыве. Ён заўсёды быў самастойным. Нават хрысціцца пайшоў сам у 18 гадоў: я была “партыйнаю дамай, хрысціць дзяцей не было прынята. Зараз на газетным століку ў былой “партыйнай дамы — іконы, Евангелле, свечкі з Іерусаліма і фотаздымак сына. Кожную раніцу жанчына распачынае чытаннем Бібліі і малітвамі за сына і іншых бязвінна зняволеных.

Кожны дзень Клаўдзія Буланава чытае Біблію

Клаўдзія Якаўлеўна кажа, што яе сын доўгі час не мог абраць паміж медыцынай і музыкай. “Ён у дзяцінстве захапляўся біялогіяй. Асабліва шкадаваў дыназаўраў за тое, што так заўчасна вымерлі. У памяць пра дыназаўраў вывучыў усе іх назвы па-лацінску. Раз прыйшоў да мяне, назваў па-лацінску нейкага дыназаўра і пытаецца: “Мама, а якія ў яго зубы: альвеалярныя ці трубчатыя? Паставіў мяне ў тупік. Дакарае: “Ты ж кандыдат навук — і не ведаеш, якія ў гэтага дыназаўра зубы?! Я кажу: “Сыне, у мяне іншая вузкая спецыялізацыя. Адкуль жа мне ведаць, якія ў яго зубы? Дзіма тады з такім гонарам пахваліўся, што зубы ў дыназаўра трубчатыя, і ўсё мне пра яго расказаў, — смяецца Клаўдзія Буланава.

Хлопец скончыў медвучэльню, хацеў перад паступленнем у медыцынскі інстытут на свае вочы паглядзець, як працуюць лекары. Працаваў медбратам у інфекцыйным шпіталі. Адпрацаваўшы тэрмін размеркавання, Дзмітрый вырашыў усё ж прафесійна заняцца музыкай і паступіў у Інстытут сучасных ведаў на кафедру мастацтва эстрады.

Дзіма іграў прагрэсіў-метал (музыка ў стылі “Pink Floyd, “Queen). Якраз перад арыштам ён сфармаваў новы склад гурта з даволі вопытных музыкаў, ездзіў па Беларусі, выступаў у клубах Мінска, Гомеля. Напісаў праект на стварэнне ўласнай студыі для маладых музыкаў, нават знайшоў спонсара. Хлопец спрабуе пісаць музыку і ў турме, але, будучы басістам, без інструмента гэта рабіць амаль немагчыма.

А яшчэ хлопец пачаў пісаць па-беларуску. “Я перачытвала Караткевіча і на эмоцыях скончыла ліст сказам на беларускай мове. Ён напісаў у адказ слупок па-беларуску. А ў апошні раз — цэлы ліст! Я б і сама яму адказала па-беларуску, але пісала адказ у горадзе, дык не было слоўніка пад рукою, — шкадуе Клаўдзія Буланава.

Мы абавязкова пераможам

Гаворачы пра сына, Клаўдзія Якаўлеўна дэталёва ўзгадвае ягоны арышт, памятае даты ўсіх лістоў і скаргаў. А скаргаў было нямала — большая частка напісана з нагоды цяжкой хваробы Дзімы, што напаткала яго на Валадарцы, зваліла з ног літаральным сэнсе гэтых словаў.

“Адным ранкам Дзіма проста не змог устаць — не валодаў нагамі. Да гэтага ў яго хварэла горла, цёк нос — мяне гэта моцна напружвала, бо калісьці ў яго была рэўматычная ліхаманка як ускладненне прастуды. Мае дрэнныя прадчуванні спраўдзіліся — у яго апынулася паўторная рэўматычная ліхаманка з захворваннем сэрца — эндакардытам, — патлумачыла Клаўдзія Буланава. З вялікімі цяжкасцямі жанчына дамаглася, каб сына цягам месяца перавялі ў Рэспубліканскую агульнасаматычную лякарню (шпіталь для вязняў), дзе яму распачалі лячэнне. Дзіма на ногі ўстаў, але ж сэрца маці працягвае непакоіцца: “Дзіму нават не падабралі лекі. Замест таго, каб праверыць, якія яму падыходзяць, і мэтанакіравана знішчаць хваробу, яму проста ўсё колюць па чарзе, правяраючы, што эфектыўней…



Клаўдзія Буланава доўга распавядае пра лячэнне сына, жанчына патраціла шмат уласнага часу і грошай, каб дапамагчы сыну выжыць. Дзмітрыя лечаць ужо два месяцы, але яго жыццё працягвае знаходзіцца ў небяспецы. Клаўдзія Буланава ўсміхаецца, узгадваючы адзін з лістоў-адпісак наконт лячэння сына. Адпісак было безліч, але гэтая больш за ўсе іншыя ўразіла жанчыну сваёй нахабнасцю: “Я падрабязна апісала стан здароўя сына; напісала, якія я лекі набывала, з якімі лекарамі сустракалася, як лекар па маёй настойлівасці прыязджаў у турму аглядаць сына, змяняў яму дыягназ, і пыталася, якія далейшыя меры з таго боку будуць прынятыя ў працэсе ягонага лячэння. Прыйшоў адказ: проста перапісаны ўвесь мой ліст, і выстаўлялася гэта, як быццам бы яны ўсё гэта рабілі.

“Дзіма на акцыі асабліва не хадзіў, хоць палітыкай цікавіўся. Быў на Плошчы ў 2006 годзе, прыйшоў і зараз, але што будзе далей — нават не ўяўляю, — сумуе па каханым дзяўчына Дзімы Надзея. Цяпер дзве мужныя жанчыны спрабуюць адваяваць у неміласэрнага лёсу свайго Дзіму. “Мы з Дзімам дамовіліся, што будзем моцнымі. Я буду моцнай дзеля яго, а ён — дзеля мяне. Так мы абавязкова пераможам, — упэўнена гаворыць Клаўдзія Буланава, запальваючы выратавальную свечку з Іерусаліма.

 

Каментаваць