МЗС падтрымала ініцыятыву ТБМ

Міністэрства замежных спраў Беларусі падтрымала ініцыятыву РГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны па падрыхтоўцы міжнароднага сертыфіката беларускай мовы, паведаміла карэспандэнту “НЧ першы намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім.
 

Паводле яе слоў, сябры грамадскага аб’яднання пачалі распрацоўку сертыфіката беларускай мовы як замежнай і ў верасні стварылі адмысловую рабочую групу. Як адзначыла Анісім, неабходнасць сертыфіката абумоўлена рэгулярнымі зваротамі ў ТБМ замежных грамадзян, якія вывучаюць беларускую мову ў айчынных ВНУ і ў замежжы. “Гэтыя людзі маюць пільную патрэбу ў адпаведным сертыфікаце ўзроўняў валодання беларускай мовай як замежнай: адны хацелі б праверыць уласныя веды і матываваць сябе ў больш глыбокім і дасканалым валоданні моваю, другія -- развіваць у сябе навыкі самакантролю і самаацэнкі, трэція жадалі б уладкавацца на працу, дзе спатрэбіцца пацвярджэнне іхняга ведання беларускай мовы і/ці свабоднага карыстання ёю, -- сказала Анісім. На яе думку, наяўнасць сертыфіката, які адпавядае міжнародным стандартам валодання моваю, паспрыяе павышэнню як міжнароднага статусу самой дзяржаўнай беларускай мовы, так і іміджу краіны. “А паколькі такія сертыфікаты  распрацаваны для іншых еўрапейскіх моў, нашая праца ў гэтым кірунку адпавядае еўрапейскай традыцыі, стандартам Еўразвязу і указанням Асацыяцыі лінгвістычнага тэставання ў Еўропе (ALTE), -- адзначыла намеснік старшыні ТБМ.

Яна паведаміла, што ў розных навучальных установах Беларусі шмат робіцца дзеля папулярызацыі беларускай мовы: не толькі яе прафесійнае выкладанне замежным грамадзянам на філфаку Белдзяржуніверсітэту, але і рапрацоўка адпаведных тыпавых, вучэбных і рабочых праграм, стварэнне і выданне дапаможнікаў для навучання беларускай мове як замежнай у розных ВНУ. Акрамя таго, паколькі БДУ ўваходзіць ў лік 20 % лепшых універсітэтаў свету, мае шырокія міжнародныя сувязі з універсітэтамі Еўропы, Азіі і Амерыкі, дык сертыфікацыйныя іспыты па беларускай мове як замежнай мэтазгодна праводзіць на базе менавіта гэтай асноўнай вышэйшай навучальнай установы краіны, мяркуе Анісім.  

Паводле яе слоў, 13 верасня кіраўніцтва ТБМ звярнулася да міністра замежных спраў Уладзіміра Макея з просьбай падтрымаць прапанову грамадскага аб’яднання па падрыхтоўцы сертыфіката і дэлегаваць свайго прадстаўніка ў рабочую групу.

Днямі ТБМ атрымала адказ з МЗС, у якім паведамляецца, што міністэрства падтрымлівае ідэю грамадскасці аб распрацоўцы сертыфікату і накіруе прапанову ТБМ у адрас зацікаўленых дзяржаўных структур. Як лічаць у МЗС, “гэтая праца павінна праводзіцца дзяржаўнымі ўстановамі (міністэрствамі адукацыі і культуры) з абавязковым удзелам ВНУ і пры магчымай падтрымцы грамадскіх арганізацый.      

Алена Анісім звярнула ўвагу на тое, што Міністэрства адукацыі адмоўна аднеслася ла прапановы ТБМ накіраваць свайго прадстаўніка ў рабочую групу. Сваю пазіцыю міністэрства матывавала тым, што распрацоўка міжнароднага сертыфіката беларускай мовы як замежнай “выходзіць за межы кампетэнцыі гэтай дзяржаўнай структуры.    
 

Каментаваць