Нічога асабістага — толькі бізнес

Мінулы тыдзень быў вельмі багаты на гучныя заявы, якія далей за заявы не пайшлі. Прычым гэта былі заявы знакавыя. Расія, прыкладам, вуснамі свайго пасла адказала на гучныя выпады Аляксандра Лукашэнкі.



Мінулы тыдзень быў вельмі багаты на гучныя заявы, якія далей за заявы не пайшлі. Прычым гэта былі заявы знакавыя. Расія, прыкладам, вуснамі свайго пасла адказала на гучныя выпады Аляксандра Лукашэнкі.

Яшчэ 9 красавіка беларускі прэзідэнт заявіў, што Беларусь не заслугоўвае «такога стаўлення» з боку Расіі. «Дайшло да таго, што пачалі публічна папракаць, маўляў, далі вам крэдыт у 2 мільярда долараў. Нам МВФ даў крэдыт на лепшых умовах. А колькі Расіяй за апошнія паўтара-два гады было выцягнута з эканомікі Беларусі за кошт незаконнага ўвядзення пошліны на нафту, трохразовага павышэння цаны на газ? Больш за 10 мільярдаў долараў за паўтара гады забралі і 2 мільярда долараў пад дзікі працэнт далі! Што ж, дзякуй, што далі, хаця б так, і то добра», — сказаў А. Лукашэнка.

І вось нарэшце на гэтым тыдні адказ прэзідэнту даў расійскі пасол у Беларусі Аляксандр Сурыкаў. Трэба ўважліва разабрацца, колькі Расія «выцягнула», а колькі «ўнесла» ў эканоміку Беларусі, заявіў ён.

Ён зазначыў, што «ў сувязі з ростам цэн на нафту ў 2006–2008 гадах Расія плаўна павышала цэны на газ: ва ўзгодненым рэжыме, у адпаведнасці з заключанымі кантрактамі на газ і нафту». «Калі ў 2006 годзе сусветная цана на газ была 293 долары, Беларусь плаціла амаль 47 долараў, гэта значыць менш на 247 долараў. У 2008 годзе сусветная цана на газ склала 409 долараў, Беларусь плаціла 128, гэта значыць на 281 долар менш», — нагадаў дыпламат.

Паводле слоў Сурыкава, за перыяд з 2006 па 2008 год Беларусь заплаціла Расіі за энерганосьбіты «прыкладна на 10 мільярдаў долараў больш, чым раней». «Але ў той жа час, — падкрэсліў Сурыкаў, — скрытыя прэферэнцыі на розніцы ў цэнах на энерганосьбіты ў 2006 годзе прынеслі эканоміцы Беларусі 9,4 мільярда долараў, а ў 2008 годзе — 11,5 мільярда».

Кіраўнік расійскай дыпмісіі заявіў, што Беларусь «не будзе плаціць тыя рыначныя цэны на энерганосьбіты з Расіі, якія будуць устаноўлены для астатніх імпарцёраў, бо адсутнічаюць вывазныя пошліны». А гэта «вельмі сур’ёзная канкурэнтная перавага для беларускай эканомікі». «Таму, калі кажуць, што Расія нешта адабрала або выпампавала, трэба ўважліва разабрацца. У мяне ўражанне, што нават наадварот: мы «ўнеслі» ў Беларусь дадаткова 2,5 мільярда долараў», — лічыць Аляксандр Сурыкаў.

Нарэшце Расія прызналася ў тым, што яна фактычна спансуе эканоміку Беларусі. Пра гэта шмат казалі беларускія палітыкі і незалежныя эканамісты, але раней улада ўсе абвінавачванні абвяргала. Зараз жа — супраць фактаў не папрэш.

Добрую навіну прынесла і сесія Палаты прадстаўнікоў. 15 красавіка дэпутаты прынялі ў двух чытаннях законапраект «Аб амністыі ў сувязі з 65-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў».

У выніку амністыі будзе вызвалена каля 4,5 тысяч чалавек. Мяркуемая эканомія сродкаў рэспубліканскага бюджэту складзе 2 мільярда рублёў. Паводле законапраекта, ад крымінальнай адказнасці будуць вызвалены льготныя катэгорыі асобаў, якія ўчынілі злачынствы, што не ўяўляюць значнай грамадскай небяспекі (да двух гадоў пазбаўлення волі), і менш цяжкія злачынствы (да шасці гадоў пазбаўлення волі). Гэта непаўналетнія; цяжарныя або жанчыны і адзінокія мужчыны, што маюць непаўналетніх дзяцей; пенсіянеры; інваліды; хворыя на актыўную форму туберкулёзу; ВІЧ-інфікаваныя; ветэраны баявых дзеянняў; удзельнікі ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС; асобы, якія атрымалі раненні пры выкананні абавязкаў у перыяд праходжання службы.

Іншыя катэгорыі асобаў будуць вызваляцца ад пакарання ў выглядзе арышту, абмежавання волі, накіравання ў дысцыплінарную воінскую часць, пазбаўлення волі пры асуджэнні за злачынствы, што не ўяўляюць значнай грамадскай небяспекі, а таксама пры асуджэнні да арышту — незалежна ад тэрміну адбывання пакарання; за менш цяжкія злачынствы — пры адбыванні не менш чым адной чвэрці тэрміну пакарання; за асаблівыя цяжкія эканамічныя злачынствы: крадзеж, махлярства, прысваенне або растрату, крадзеж шляхам выкарыстання камп’ютэрнай тэхнікі ў буйным і асабліва буйным памеры (за выключэннем асобаў, якія ўчынілі злачынствы ў складзе арганізаванай групы) — пры адбыванні не менш чым адной траціны тэрміну пакарання; за любое злачынства — калі да завяршэння тэрміну адбывання пакарання засталося менш як год.

Пры гэтым асуджаныя, якія не падлягаюць вызваленню ад далейшага адбывання пакарання, будуць вызваляцца ад названых пакаранняў часткова тэрмінам на год.

А тым часам фінансавыя цяжкасці напаткалі саму апазіцыю. Партыя БНФ можа страціць офіс у цэнтры Мінска. ЖРЭА Савецкага раёна сталіцы адмаўляецца працягваць тэрмін арэнды з кіраўніцтвам цэнтральнага офіса партыі.

Як зазначаецца ў лісце, які прыйшоў у офіс Партыі БНФ 13 красавіка, тэрмін арэнды заканчваецца 8 ліпеня 2009 года і працягвацца не будзе. У ЖРЭА сцвярджаюць, што арандатар «сістэматычна парушае ўмовы дамовы: аплата прыходзіць несвоечасова і не ў поўным аб’ёме, у выніку чаго на пачатак красавіка ўтварылася запазычанасць у суме 6 мільёнаў 381 тысяч 396 рублёў». У лісце прапаноўваецца ў тэрмін да 17 красавіка аплаціць запазычанасць, а таксама вызваліць займанае памяшканне пасля заканчэння тэрміну дзеяння дагавора. У адваротным выпадку ЖРЭА мае намер звярнуцца ў гаспадарчы суд з іскам аб высяленні.

Каментуючы сітуацыю, сакратар управы Партыі БНФ Наталля Красуцкая паведаміла, што запазычанасць у памеры 6 мільёнаў рублёў была пагашана 9 красавіка. Аднак сёння, паводле слоў Красуцкай, у банку паведамілі пра яшчэ адну запазычанасць — у памеры 2,7 мільёна рублёў. «Гэта сам банк наблытаў са сваімі плацежнымі ведамасцямі», — сцвярджае сакратар.

Офіс Партыі БНФ — не толькі офіс партыі, але і культурна-інфармацыйны цэнтр, дзе праходзяць розныя мерапрыемствы дэмакратычных партый і арганізацый Беларусі. Шкада будзе, калі яго страцяць...

Таксама ўскладнілася і сітуацыя вакол неафіцыйнага Саюза палякаў на Беларусі. 15 сакавіка гэтага года на VII з’ездзе неафіцыйнага Саюза палякаў была прынята адозва да Аляксандра Лукашэнкі з прапановай наладзіць дыялог паміж арганізацыяй і дзяржструктурамі. Такі дыялог, зазначалася ў дакуменце, мог бы спрыяць дзяржаўнай рэгістрацыі СПБ.

Але 13 красавіка тэкст адозвы вярнуўся да кіраўніцтва аб’яднання з афіцыйным каментарам Адміністрацыі прэзідэнта. У ім гаворыцца, што афіцыйным Саюзам палякаў на Беларусі кіруе Юзэф Лучнік, а ўсе астатнія прысвойваюць сабе права гаварыць ад імя гэтай арганізацыі.
 

Каментаваць