Ніхто на вулічныя маршы не выходзіць

На прадпрыемстве «Граніт» у горадзе Мікашэвічы (Брэсцкая вобласць) 430 рабочых падалі заявы на звальненне з прычыны нізкіх заробкаў. Калі гэтая інфармацыя стала галоснай, то нехта нават параўнаў сітуацыю з Польшчай часоў «Салідарнасці» ды выказаў спадзеў на тое, што «з Мікашэвічаў усё пачнецца». Аднак высветлілася, што ўсё значна больш празаічна.



На прадпрыемстве «Граніт» у горадзе Мікашэвічы (Брэсцкая вобласць) 430 рабочых падалі заявы на звальненне з прычыны нізкіх заробкаў. Калі гэтая інфармацыя стала галоснай, то нехта нават параўнаў сітуацыю з Польшчай часоў «Салідарнасці» ды выказаў спадзеў на тое, што «з Мікашэвічаў усё пачнецца». Аднак высветлілася, што ўсё значна больш празаічна.

Рабочых не задавальняюць заробкі ў 200–400 долараў, людзі пачалі шукаць сабе новыя месцы працы ды пісаць заявы на звальненне. Прычым з пачатку года заробак быццам бы нават паменшыўся. «У студзені мне толькі чатыры чалавекі сказалі, што атрымалі калі шасці мільёнаў. У сакавіку называлі суму ў чатыры мільёны», — таму людзі, якія працуюць у цяжкіх умовах горназдабываючай прамысловасці, і шукаюць больш прыбытковыя месцы.

Кіраўніцтва «Граніту» звальняць людзей адмаўляецца ды патрабуе ад іх месячнай адпрацоўкі. Некаторыя, па словах лідара мясцовай суполкі Беларускага незалежнага прафсаюза Алега Стахаевіча, нават ідуць на прагулы ды адкрыты канфлікт з кіраўніцтвам.

Больш таго, адміністрацыя прадпрыемства «Граніт» абвяргае інфармацыю аб масавым звальненні працоўных. «Гэтую інфармацыю мы не пацвярджаем катэгарычна», — заявіла выконваючая абавязкі намесніка гендырэктара Маргарыта Сераокая.

«Гэты факт дакладна мае месца. Гарадок невялікі, мы ведаем адзін аднаго. Інфармацыя пра звальненні ходзіць ужо месяц. А лічба ў 430 чалавек, па нашых звестках, была агучаная на апошняй планёрцы, — распавядае прафсаюзны лідар Алег Стахаевіч. — Але адміністрацыя ніяк не ідзе на ўрэгуляванне канфлікту, яны скачуць пад дудку зверху. Што ім сказалі, тое і робяць».

Спадар Алег (яго, да слова, звольнілі з прадпрыемства на пачатку года) распавядае, што людзі згодныя нават быць звольненымі за прагулы. «Адзін рабочы напісаў заяву на звальненне, яе не задаволілі. Тады чалавек папросту не выйшаў на працу ды папрасіў звольніць яго за прагул. Сказалі, што ніякага прагула не было, але кожны дзень пачалі правяраць на алкатэстэры, потым нават завезлі ў бальніцу ды прымусілі здаць кроў на аналіз наяўнасці алкаголю. Гэтыя паводзіны вывелі чалавека з сябе, ён пайшоў у бухгалтэрыю ды матам запатрабаваў звальняць яго за п’янку, калі такая справа. Іншы чалавек знайшоў у Мінску працу дальнабойніка з заробкам у 1,5 тысячы еўра. Яго таксама звальняць не хочуць, а вакантнае месца не будзе чакаць працяглы тэрмін. У снежні мінулага года кіраўніцтва казала, што палова раёна на чарзе стаіць, каб уладкавацца на «Граніт» працаваць. Калі б гэта было праўда, то падпісалі заявы на звальненне без праблем», — распавядае пра канфлікты рабочых з працадаўцам Стахаевіч.

З Мінску інфармацыя пра пратэсты суровых мужыкоў, што працуюць у кар’ерах Мікашэвічаў на здабычы граніту, выглядае даволі ўнушальна. Але насамрэч размах гэтага супраціву значна меншы. Ніхто тысячамі на вулічныя маршы не выходзіць, масавыя публічныя сходы з ультыматыўнымі патрабаваннямі не ладзіць. Нават колькасць тых, хто хоча звольніцца, становіцца вядомай з планёркі кіраўніцтва. Выглядае, што беларусам да еднасці яшчэ расці і расці — пакуль гэта выступы адзіночак.

«На нас кінулі ўсю рэпрэсіўную машыну, — тлумачыць разрозненасць рабочых Стахаевіч. — Пасля нашай заявы аб намеры стварыць на прадпрыемстве незалежны прафсаюз змянілі правілы ўнутранага распарадку, прапускную сістэму. Я не магу прыехаць на «Граніт» ды зладзіць там сустрэчу. Не могуць сабрацца масава і тыя, хто там працуе». Пытаюся, што перашкаджае людзям зладзіць сход пасля працоўнага дня хоць бы ў якім парку ці на прыватным падворку? «Мы збіраемся па некалькі дзясяткаў чалавек, гэта ёсць. Але людзей масава запалохалі. І цяпер нашая праца скіраваная на тое, каб паказаць, што не ўсё так страшна, як можа падацца. Я за гэты час даведаўся, што такое беларус. Падыходзіць рабочы і расказвае, як яго «прэсавалі». Аказваецца, пазваніў начальнік ды пытаўся, як яго справы. Парадавацца трэба, што начальства вырашыла пацікавіцца тваімі справамі, а не думаць адразу ж пра прэсінг».

Кіраўнік Беларускага незалежнага прафсаюза Мікалай Зімін таксама пацвярджае, што сітуацыя на «Граніце» мае лакальны характар. «Папросту гэтай праблемы раней ніхто востра не ўздымаў, а цяпер пачалі адстойваць свае правы на годны заробак. Кіраўніцтва іншых прадпрыемстваў, дзе ёсць нашы зарэгістраваныя суполкі, больш-менш знаходзіць паразуменне з работнікамі. На «Граніце» суполка на стадыі рэгістрацыі, нам складана працаваць з кіраўніцтвам, бо для нас там няма вызначаных прававых нормаў узаемаадносінаў. Кіраўніцтва «Граніту» гаворыць, што калі арганізацыя незарэгістраваная, то і слухаць нас няма чаго. Хаця на ўзроўні дамоўленасцяў можна было б нешта вырашыць, каб праблема не набывала такога маштабу, — гаворыць кіраўнік Беларускага незалежнага прафсаюзу, дадае, што хацелася б цвярозасці і палюбоўнай дамовы: — Мы б не хацелі, каб гэты канфлікт выліваўся ў супрацьстаянне з наймальнікам. Кіраўніцтва мусіць бачыць у нас партнёраў, але не праціўнікаў. Мы спадзяёмся на цвярозы розум. Мяркую, гэты выпадак больш празаічны, чым гэта каму падаецца».

Беларускі незалежны прафсаюз спрабаваў зладзіць на Першамай мітынг у Мікашэвічах з падтрымкай мясцовых актывістаў, рабочых. Але гарвыканкам такой дамовы не даў, цяпер ідуць разборкі яшчэ і з-за гэтай забароны. «А многія былі гатовыя прыехаць і падтрымаць рабочых з «Граніту» публічна», — падсумоўвае няспраўджаныя планы Мікалай Зімін.

Што тычыцца афіцыйнага прафсаюзу, які за малаэфектыўную працу на пачатку года крытыкаваў кіраўнік Брэсцкай вобласці Канстанцін Сумар, то, па словах Алега Стахаевіча, сваёй дзейнасці на прадпрыемстве прафсаюз не змяніў. Хіба што «больш актыўна сталі раздаваць пуцёўкі і падарункі».

У снежні 2011 года каля 600 работнікаў РУВП «Граніт» пакінулі прафсаюзную арганізацыю свайго прадпрыемства з-за таго, што былі незадаволеная працай прафкама, нізкай зарплатай, хамскім стаўленнем адміністрацыі. Супрацоўнікі прадпрыемства звярнуліся ў незалежны прафсаюз.

«Граніт» займаецца здабычай і перапрацоўкай горных парод. На прадпрыемстве працуюць каля трох тысяч чалавек.

 

Каментаваць