Нірвана беларуса: будні беларускага санаторыя

“Як у санаторыі! — шчасліва пацягваўся дзядзька Грыша, развальваючыся на посцілцы. Перад намі стаяў трохлітровы слоік са свежым малаком, ляжалі пакроены шматок сала, зялёныя пёркі цыбулі і “цаглінка хлебу — такі зазвычай завозяць у беларускія сельпо, і сяляне выстройваюцца па яго ў даўгія чэргі. Побач з намі сохла толькі што паварушанае сена, пад якім сноўдалі мышкі-палёўкі, а часам у кірунку найбліжэйшага балота дзелавіта прапаўзалі гадзюкі.



“Як у санаторыі! — шчасліва пацягваўся дзядзька Грыша, развальваючыся на посцілцы. Перад намі стаяў трохлітровы слоік са свежым малаком, ляжалі пакроены шматок сала, зялёныя пёркі цыбулі і “цаглінка хлебу — такі зазвычай завозяць у беларускія сельпо, і сяляне выстройваюцца па яго ў даўгія чэргі. Побач з намі сохла толькі што паварушанае сена, пад якім сноўдалі мышкі-палёўкі, а часам у кірунку найбліжэйшага балота дзелавіта прапаўзалі гадзюкі. Дзядзька Грыша ляжаў роўна дзве гадзіны — да пары, пакуль сена не трэба было пачынаць зграбаць у стажкі. І гэта былі самыя залатыя гадзіны дня, а можа быць, і ўсяго лета.

Каб зразумець, пра што гэта дзядзька Грыша, давялося дажыць амаль да яго тагачаснага веку і атрымаць пуцёўку ў Самы Сапраўдны Беларускі Санаторый.

Маскоўскі вырай


Беларускі санаторна-курортны фонд — расійскі вырай. Гэта, здаецца, не навіна і не сакрэт. Паводле газеты “Камсамольская праўда, у 2010 годзе беларускія санаторыі наведалі 98 тысяч расіянаў. І толькі трапіўшы ў гушчу тэмы, разумееш, наколькі не перабольшаная гэтая лічба. У санаторый “Лясныя азёры няпроста дабрацца з Мінску — расклад адзінага аўтобуса прыстасаваны пад патрэбы ўшацкіх студэнтаў, якія навучаюцца ў сталіцы. Затое курсіруе спецыяльны санаторны бусік на аўтавакзал ва Ушачы, адкуль адпачывальнікаў аператыўна давозяць на піцерскія і маскоўскія цягнікі ў Віцебск і Полацк. “І гэта яшчэ не сезон, — каментуе сітуацыю суседка па століку, аматарка санаторнага лячэння па лініі прафсаюзаў, — здабыць пуцёўку на лета беларусу амаль немагчыма...

Расіяне, як і любыя замежнікі, плацяць у беларускім санаторыі ўдвая, а то і ўтрая больш за грамадзян Беларусі. Паводле іх сведчанняў — у сярэднім 20 тысяч расійскіх рублёў з чалавека. І гэта, паводле іх словаў, удвая-ўтрая танней, чым паездка ў любы з санаторыяў Расіі. Як сцвярджае мой магілёўскі сябар, які нядаўна перасякаў усходнюю мяжу РБ, “палова жыхароў Пскоўскай вобласці або толькі што вярнулася з беларускага санаторыя, або збіраецца ехаць туды вось проста цяпер.

Параўнальна нізкія кошты, ветлівы прыём і сапраўднае малако — вось тры кіты, на якіх трымаецца санаторны бізнэс Беларусі. На першы сняданак пасля заезду госці з Расіі масава замаўляюць сабе паліты смятанай тваражок. Гэта амаль рытуал.

Цэнтральны праменад санаторыя ў абедзенны час ператвараецца ў кірмаш — сюды звозяць вясковыя прысмакі, касметыку і кітайскія сувеніры з усёй ваколіцы. Ушачы — адміністратыўны цэнтр раёну, ні разу не памежнага з Расіяй. У дзяржаўным (!) універмагу ў пакупнікоў пытаюцца: “Якімі рублямі будзеце расплачвацца? “Хозяйка, купи! — сутаргава чапляецца ў рукаво гандлярка на рынку ва Ушачах. Каб вокамгненна адпусціла, варта проста адказаць па-беларуску.

На самым буйным партале, прысвечаным санаторна-курортнаму турызму Беларусі, — sanatorii.by — зарэгістравана 103 санаторыя. І ўсе яны, у той ці іншай ступені, выжываюць і нават квітнеюць за кошт расійскага капіталу. Чэшскае міністэрства культуры і турызму ў 2005 годзе выдаткавала вялікія грошы, каб перамагчы сусветны стэрэатып Чэхіі як краіны, дзе можна ў неабмежаваных колькасцях напівацца танным півам і легальным абсэнтам (прычым пажадана ўперамешку). Чэхі абралі сваім дэвізам на пяцігодку да 2010 года словы “klid a pohoda (“цішыня і спакой). Беларускі дэвіз мог бы гучаць як “смятана, тваражок і душ Шарко.

Душа санаторыя

У кожным таварыстве вы знойдзеце таго, каго можна назваць “душой кампаніі. Адпачывальнікі ў санаторыі — выпадковая супольнасць, на фоне якой непазбежна вылучаецца пэўны тып людзей, якіх можна назваць “душой санаторыя. Гэта зазвычай мужчыны ў веку ад 40 да 60-ці, тыя самыя, якія могуць без дазволу зазірнуць у масажны кабінет і таямніча прамовіць: “Алачка, як і дамаўляліся, а чацвёртай у альтанцы за трэцім корпусам!.. А чацвёртай у альтанцы за трэцім корпусам збіраецца невялічкі натоўп, які шыхтуецца цугам і з пакункамі ў руках сыходзіць у найбліжэйшы лес, ачолены ўсё тым жа мужчынам. Праз гадзіну з гушчару ўжо даносіцца смех жанчын і дымок шашлыку.

Каб мы не памыліліся адносна іх сацыяльнай місіі, такія мужчыны абазначаюць сябе, проста як падарожнікі флікерамі, уніформай, ролю якой у амаль абавязковым парадку грае спартовы гарнітур незвычайнага колеру. Падчас майго перабывання ў санаторыі былі зафіксаваныя морквава-аранжавы, ярка-блакітны, насычана-чырвоны і снежна-белы варыянты санаторных спецгарнітураў. Абавязковыя атрыбуты “душы санаторыя — бейсболка і модныя красоўкі. Важна, каб яны пасавалі да ўсяго гарнітура (на мове мужчын гэта азначае адзіную марку фірмы спортадзення па ўсім целе).

Вечарам душа санаторыя бегае ўздоўж карпусоў і крычыць: “На возера! Усе на возера! Або: “Дамы, я лячу за шампа-а-анскім! Зранку душа санаторыя вохае на ўвесь лечкорпус і гучна наракае на здароўе ў чарзе па працэдуры: выяўляецца, што гарэліцу ўчора запівалі гаючай вадой з мінеральнай крынічкі, а Алачка махнула келіхам шампанскага ў цеснаватым пакоі трэцяга корпусу і расквасіла кінескоп тэлевізара “Віцязь — на кампенсацыю шкоды накіраваная сюды адным з беларускіх прафсаюзаў душа санаторыя аддасць усе адпачынкавыя грошы...

...Без гэтых яркіх агеньчыкаў на прысадзе санаторнага праменаду ў лясным санаторыі было б нудотна. Я амаль упэўненая, што дзядзька Грыша ў свой час быў выдатнай душой санаторыя.

Старажытны курорт

Санаторый для мяне заўсёды асацыяваўся з дабрабытам савецкай імперыі, з маладосцю маёй бабулі, з раннім дзяцінствам, калі дома цэлы месяц не было мамы або таты. Прыгожая сацыялістычная казка пра палац Радзівілаў, адабраны ўладамі савецкага Нясвіжу ў узурпатараў і перададзены працоўнаму класу, каб кожны просты беларус меў права адпачыць і “паправіць здароўе (з вуснаў “душаў санаторыя гэты народны штамп гучыць асабліва цынічна). Гэта групавыя фотаздымкі людзей у пацешных драпавых паліто на фоне раскошнага класіцызму і з надпісам: “Ялта. Февраль 1952... І тым большым было маё здзіўленне, калі звычка чытаць шыльды ў калідорах паліклінік паставіла мяне перад вялікім шчытом “Гісторыя санаторыя “Лясныя азёры.

Мінеральныя воды возера Малая Баркоўшчына былі пазначаныя на швейцарскіх мапах ужо ў 1502 годзе, а ў пачатку ХVІІІ стагоддзя тут ужо дакладна адбывалася лячэнне. У ХІХ стагоддзі тут дзейнічаў шырока вядомы на абшарах былой Рэчы Паспалітай двух народаў ды Расійскай Імперыі курорт, дзе, напрыклад, у 1860 годзе “паправілі здароўе каля 300 чалавек. Некаторыя жылі ў драўляным гатэльчыку, збудаванаму вакол купальняў на 32 ванны (вада падавалася з крыніцаў па дубовых трубах і награвалася). Тыя, каму бракавала месца ў гатэльчыку, спыняліся ў вёсцы, якая, трэба думаць, ужо тады навучылася зарабляць на багатых гасцях з Варшавы і Франкфурту, Масквы і Пецярбургу.

На двух азёрах бруяла чатыры крыніцы — дзве з сернай вадой, а дзве з жалезістай. Галоўны профіль баркоўшчынскай гаючай вады — хваробы апорна-рухальнага апарату: параліч, рэўматызм.  І таму тут густа адбываліся ўсе гэтыя эфектныя гісторыі пра хворых, якіх прывозілі на насілках, а сыходзілі яны ўжо сваімі нагамі... Таксама тут лячылі ад залатухі, няплоднасці, эпілепсіі.

У 1919 годзе ў Баркоўшчыне адчыніўся першы беларускі санаторый, які праіснаваў да Вялікай айчыннай вайны. Цікавасць выклікае факт, што “ў 1941 годзе фашысты захапілі санаторый і цэлы год скарыстоўвалі яго па прамым прызначэнні. “Ну так — лячылі тут ад ран сваіх салдатаў і афіцэраў, — задуменна пацвярджае даведкавую інфармацыю маладая масажыстка, ды так, нібыта была сведкай падзеяў. Паколькі ў познія гады вайны Ушаччына была фактычна партызанскай рэспублікай, доўга немцы не лячыліся — прайгралі беларускім партызанам бітву за джакузі і пры адступленні санаторый спалілі. Аднавіць працу ён змог ужо толькі ў 1961 годзе.

А з канца 1990-х пачынаецца ўжо зусім сучасная гісторыя санаторыя “Лясныя азёры — з СПА і салямі Мёртвага мора, але апісанне ўсіх гэтых вабнотаў я пакіну калегам з парталу sanatorii.by. Галоўнае, інфармацыя з шыльды цалкам пацвярджаецца, калі спускаешся з высокага берагу да возера Доўжына. Як і пяць стагоддзяў таму, лясныя азёры Ушаччыны агаломшваюць сваёй тэрапеўтычнай прыгажосцю.

Выхад у астрал

Такім чынам, рэспектабельныя расійскія пажылыя пары, самотныя беларускія ваўкі ды ваўчыцы па накіраванні прафсаюзаў — і паміж імі я, цалкам выпадкова. “Девочки, это деревня, и поэтому развлечений там нет вообще никаких!!! — гэты водгук у інтэрнэце быў найлепшай рэкамендацыяй для чалавека, які зарабляе на жыццё анонсамі, правядзеннем і апісаннем культурных мерапрыемстваў. І ў выніку я няблага адпачыла ад усяго гэтага і “паправіла здароўе — хоць ні разу не схадзіла ў лес разам з Алачкай і іншымі. Але галоўнае, я канчаткова зразумела, пра што вялося дзядзьку Грышу.

Беларускі санаторый — гэта кароткатэрміновы выхад у астрал у разгар цяжкой працы. Санаторый — нірвана беларуса. Санаторый — гэта баракамера сацыяльна арыентаванай дзяржавы, увасабленне мары накшталт вядомага гогалеўскага “каб галушкі самі ў рот заскоквалі. Санаторыі — гэта не проста гаючыя гразі або дыетычнае харчаванне на аснове “сапраўднага малака. Санаторый — гэта месца, дзе за цябе ўсё вырашылі іншыя — дактары, медсёстры, кухары на кухні. У санаторыі тваё жыццё рэгламентаванае, прадуманае, а таму бестурботнае. Тваражок, смятана, душ Шарко і тэлевізар “Віцязь. І твой адзіны клопат — не зачапіць гэты тэлевізар келіхам ад шампанскага, і тады ты будзеш мець сілы і імпэт з чыстым сумленнем заступіць на новую працоўную змену.
 

Каментаваць