Ніводнай бульбіны ў Расію!

Дагуляліся! Кіраўнік Расспажыўнагляду Генадзь Анішчанка заявіў у сераду, што не выключае змянення рэжыму свабоднага гандлю Расіі з Беларуссю для паставак усёй беларускай прадукцыі.



Дагуляліся! Кіраўнік Расспажыўнагляду Генадзь Анішчанка заявіў у сераду, што не выключае змянення рэжыму свабоднага гандлю Расіі з Беларуссю для паставак усёй беларускай прадукцыі.

Фармальна раз’юшанасць Анішчанкі выклікала тое, што Беларусь рээкспартуе ў Расію віно і вінаматэрыялы забароненых малдаўскіх вытворцаў. «Ёсць падставы лічыць, што праз Беларусь у Расію ажыццяўляюцца пастаўкі віна і вінаматэрыялаў не дазволеных у Расіі малдаўскіх вытворцаў, а таксама пастаўкі гэтых вырабаў з іншых рэгіёнаў, на якія ў Расійскай Федэрацыі накладзена поўная забарона», — сказаў ён. Паводле яго слоў, пацвярджэнне інфармацыі аб рээкспарце «пацягне за сабой сур’ёзныя абмежавальныя меры і прэтэнзіі да беларускага боку».

Але не сакрэт, што сам спадар Анішчанка і ягоны Расспажыўнагляд даўно ўжо з’яўляюцца ніякім не «наглядам», а інструментам палітычнага ціску на краіны, якія чымсьці не спадабаліся Расіі. Расіі не спадабалася Малдова сваім імкненнем у Еўрасаюз — абмежавалі экспарт малдоўскіх вінаў. Не спадабалася Літва, — забаранілі экспарт шпротаў. Канфлікт з Грузіяй, — забаранілі экспарт грузінскага віна. Зараз не спадабалася Беларусь.

Адметна тое, што гэтая заяўка была агучана на наступны дзень пасля даволі рэзкіх выказванняў у бок Расіі Аляксандра Лукашэнкі падчас рабочай паездкі ў Гомельскую вобласць 7 красавіка. Ён заявіў, што адмова Масквы выдзеліць Беларусі крэдыт у 100 мільярдаў рублёў сведчыць пра тое, што дзеянні Расіі не адпавядаюць прадэклараваным памкненням.

«Як можна выступаць з намерамі, каб валюта стала рэгіянальнай, а ў перспектыве, магчыма, і выйшла на ўзровень сусветнай (як амерыканскі долар або японская іена), і разам з тым не ісці практычна па гэтым шляху? — сказаў А. Лукашэнка. — Беларусь не зыходзіць у сваіх прапановах па крэдытах з таго, што мы нібыта хочам перахапіць яшчэ сотню мільярдаў рублёў. Гэта ў Расіі, напэўна, так хочуць гэта паказаць. Мы хочам, каб былі рэальныя крокі, якія б дазвалялі бачыць, што гэтыя працэсы насамрэч чагосьці вартыя». На думку прэзідэнта, расійскі бок пакуль не імкнецца ажыццяўляць практычных дзеянняў у гэтым кірунку.

Беларускі прэзідэнт абвінаваціў расійскіх чыноўнікаў у невыкананні дамоўленасцей. «Што тычыцца Расіі, то тут назіраецца не зусім прыстойнае стаўленне. І я не баюся пра гэта публічна аб’явіць», — сказаў А. Лукашэнка. Ён абурыўся тым, што дасягнутыя на вышэйшым узроўні дамоўленасці зрываюцца або блакуюцца на ніжэйшых узроўнях, што стварае праблемы для нармальнага двухбаковага гандлю ў межах Саюзнай дзяржавы. «Мы дамовіліся, што будзем 150 долараў плаціць за газ. А потым прыязджаюць іншыя і кажуць: маўляў, не, малавата. Гэта значыць, тое, пра што дамаўляемся, не праходзіць. Расійскі бок нам таксама кажа: аддайце заводы, аддайце тое і гэта… Не, сёння ніхто ва ўмовах крызісу нічога задарма прадаваць не будзе», — заявіў прэзідэнт.

Вось і спрацаваў «ніжэйшы ўзровень» Анішчанкі...

Але з чым застанецца Расія, калі Анішчанка сапраўды выканае сваю пагрозу? Без грузінскага і малдоўскага віна і каньякоў, без літоўскіх да латвійскіх шпротаў яны ўжо засталіся. Застануцца без бульбы, беларускага малака ды смятаны, а таксама садавіны і гародніны. Карацей, у выпадку такіх мераў у іх — ні чаркі ні шкваркі. Так што лепш бы спадар Анішчанка маўчаў.

А напярэдадні гэтага прэзідэнт Беларусі зусім нечакана прыняў адстаўку міністра ўнутраных спраў Уладзіміра Навумава. З афіцыйнай фармулёўкай «па стане здароўя». Потым сам жа Лукашэнка дадаў, што «чалавек знясілены, ён сапраўды стаміўся». «Навошта дабіваць чалавека на гэтай працы», — заўважыў прэзідэнт.

Канешне, як тут не стомішся! Навумаў абяцаў начэй не спаць, пакуль справа па выбуху ў Мінску 4 ліпеня мінулага года не будзе расследаваная. Дзевяць месяцаў прайшло, за гэты час можна было дзіцё нарадзіць, а следства, акрамя масавай дактыласкапіі насельніцтва, ні на міліметр не пасунулася. А Навумаў жа не спіць! Да таго ж, пешыя вандроўкі па-над Нараччу па сто кэмэ за 5 гадзін здароўя наўрад ці прыбаўляюць. Іншым разам здаецца, што лепш бы Навумаў піў і паліў, — менш бы здароўя страціў.

Але галоўнай падзеяй тыдня трэба прызнаць усё ж такі іншае. На гэтым тыдні, 6 красавіка, споўнілася 10 год з дня заўчаснай смерці выбітнага грамадскага і палітычнага дзеяча, былога дэпутата Вярхоўнага Савета Беларусі, былога мэра горада Генадзя Карпенкі.

7 красавіка ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры прайшла вечарына памяці Генадзя Карпенкі. У ёй узялі ўдзел сябры, калегі і паплечнікі палітыка, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса. Вяла вечарыну заслужаная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка.

Выступаючы перад прысутнымі, народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч зазначыў, што з Генадзем Карпенкам яны сябравалі і ў Маладзечне, і ў Мінску, у Вярхоўным Савеце. «Калі б у 1994 годзе кандыдатам у прэзідэнты стаў Генадзь Дзмітрыевіч, то ён меў бы рэальныя шансы стаць кіраўніком краіны, таму што валодаў усімі тымі якасцямі, якія патрэбны для заняцця гэтай высокай пасады. Яго любіў народ. Яго нельга было не любіць, — такога шчырага, добрага і адкрытага. Я не ўяўляю яго ў якасці бюракрата», — зазначыў Н. Гілевіч.

Ганаровы старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Станіслаў Багданкевіч расказаў пра сваю працу з Генадзем Карпенкам у Вярхоўным Савеце, у АГП і Нацыянальным выканаўчым камітэце — ценявым урадзе, створаным апазіцыяй. «Ён адбыўся як чалавек, ён быў вялікі грамадзянін Беларусі», — зазначыў С. Багданкевіч.

Успамінамі пра палітыка падзяліліся былы старшыня Вярхоўнага Савета Мечаслаў Грыб і паэт Уладзімір Някляеў, прысвечаную яму песню выканаў бард Алесь Камоцкі.

Падчас вечарыны памяці адбылася прэзентацыя кнігі «Генадзь Карпенка. Хроніка няздзейсненых надзей» і дакументальнага фільма «Дзень «Ч», таксама прысвечанага Г. Карпенку.

А АГП у гэты дзень накіравала ў Маладзечанскі гарвыканкам заяву з просьбай надаць адной з новых вуліц імя Генадзя Карпенкі, які так шмат зрабіў для свайго горада.

Сапраўды, колькі я бачыў Генадзя Дзмітрыевіча, у яго на твары заўсёды была ўсмешка...

Каментаваць