На 900-годдзе ў Слуцку выдаткавалі 20 мільярдаў недэмінаваных рублёў

Але на асвятленне горада ў вячэрні час грошай, відаць, ужо не хапіла. Ці гэта было зроблена спецыяльна, каб супрацоўнікі Слуцкага РАУС не пабачылі п’яных?


Старажытны Слуцк 1 і 2 кастрычніка адсвяткаваў 900 гадоў з дня першай згадкі ў пісьмовых крыніцах. Зрэшты, горад быў згаданы ў летапісе з сумнай нагоды. Паводле «Аповесці мінулых часоў» у 1116 годзе кіеўскі князь Уладзімір напаў на менскага князя Глеба Усяслававіча, але перад тым спаліў горад Случаск.


Сёлета тыя не вельмі святочныя падзеі 900-гадовай даўніны адзначылі з шырокім размахам і, нягледзячы на эканамічныя цяжкасці, зладзілі мноства святочных мерапрыемстваў.

Асноўныя святкаванні адбыліся ў цэнтры горада — на плошчы каля райвыканкама і набярэжнай ракі Случ. Менавіта тут, непадалёку ад скрыжавання вуліц Леніна і Максіма Багдановіча, у сутоках рэк Случы і Бычка, калісьці знаходзілася найстаражытнейшая частка сучаснага Слуцка — гарадзішча.

 

Свята распачалося тэатралізаваным шэсцем «Слаўны ў вяках горад Слуцк». Па цэнтральнай вуліцы Леніна прайшлі дэманстранты, пераапранутыя ў гістарычных герояў Случчыны з розных эпох. Да іх далучыліся прадстаўнікі прадпрыемстваў і розных устаноў горада.


Зладзілі ў Слуцку і свой маленькі парад тэхнікі: у святочным шэсці ўдзельнічала калона сельскагаспадарчай тэхнікі. На свежа пакладзеным асфальце яна пакінула сляды ад шынных пратэктараў.


Гала-канцэрт, выступленні самадзейных калектываў гарадскога дома культуры, розныя забаўляльныя праграмы, выставы падвор’яў сельскіх саветаў, дзіцячыя забаўляльныя гарадкі, выстава-продаж рамесных вырабаў, спартыўныя спаборніцтвы і розныя шоу — святочных мерапрыемстваў было шмат.


Народу таксама было нямала. Знешне горад нагадваў вялікае вясковае 
вяселле. Паўсюль па перыметры набярэжнай Случы паставілі столікі, дзе 
людзі елі і пілі. Напярэдадні гараджане былі праінфармаваны пра забарону
 продажу моцных напояў у крамах каля месца святочнага гуляння. Аднак 
ініцыятыўныя і ахвочыя да моцных напояў людзі і тут знайшлі выхад.


Народу таксама было нямала. Знешне горад нагадваў вялікае вясковае вяселле. Паўсюль па перыметры набярэжнай Случы паставілі столікі, дзе людзі елі і пілі. Напярэдадні гараджане былі праінфармаваны пра забарону продажу моцных напояў у крамах каля месца святочнага гуляння. Аднак ініцыятыўныя і ахвочыя да моцных напояў людзі і тут знайшлі выхад.




 — Ну што ж за свята без нашай гарэлачкі? — весела паведаміў мужчына, які дужа прасіў не згадваць яго імя. — Вось бачыце, тут напісана: «Мінеральная вада». Замест яе наліта тое, што мужыкам патрэбна. І закуска адпаведная: мяса, салёныя гурочкі, селядзец. Шашлычок тут узялі, а астатняе — з дому прынеслі. Не скажу, што ўсе так робяць — не нюхаў іншыя бутэлькі. Але ведаю, што шмат хто мае такое застолле. Жанчынкі п’юць віно з папяровых пакетаў з-пад соку. Усім добра: і нам лягчэй весяліцца ды таньчыць, і міліцыя робіць выгляд, што ўсё добра. Галоўнае — не перапіць і не пабіцца, каб не прыцягнуць да сябе ўвагу.
Двум маладым мужчынам з чырвонымі тварамі, якія пахістваліся, але мэтаскіравана ішлі з вуліцы Багдановіча на плошчу, я параіла адпачыць і не ісці ў цэнтр. Прыпомніла ім выпадак з братамі Барбашынскімі, якія былі жорстка затрыманы міліцыяй. Мужчыны ў адказ толькі засмяяліся:

Сёння ўсенароднае свята, міліцыянты нас не будуць затрымліваць, — упэўнены не надта цвярозы хлопец.

А калі затрымаюць — мы за сябе пастаім!

Дарэчы, найбольшая колькасць міліцыянтаў была заўважана на адмыслова агароджанай плошчы каля райвыканкама. Уваход туды кантраляваўся. Аднак за агароджай падчас канцэрта было не так ужо і шмат народу, шмат случчан месцілася на знешнім баку агароджы — магчыма, не падабаўся індывідуальны агляд рэчаў.


Асабіста мяне зацікавіў рыцарскі фестываль «Паядынак на Слуцкім замчышчы», які адбываўся на працягу цэлага дня. Выступалі каманды з Гродна, Мінска, Барысава, Маладзечна і Слуцка. Менавіта тут можна было пабачыць надпісы на беларускай мове, пачуць сярэднявечную музыку.


Прыцягвала ўвагу гледачоў і невялікая група «шатландскай пяхоты». Аляксандр Шоць, удзельнік «шатландскай пяхоты» з Маладзечна, распавёў, што ў войску князя Радзівіла былі і шатландскія наёмнікі. Пасля адбыцця службы непадалёку ад Вільні яны стварылі свае пасяленні.

Яго асабістая зацікаўленасць гістарычнай рэстаўрацыяй шатландскай пяхоты звязана нібыта з шатландскім паходжаннем яго прозвішча «Шоць».
Рамесніцкія вырабы былі прадстаўлены на розны густ. Пацікавілася ў рамесніка драўляных вырабаў з Баранавіч Віталя наконт попыту на яго тавары.

 — Шмат людзей цікавяцца, разглядаюць. Падабаюцца драўляныя гадзіннікі, якія каштуюць па 60–70 дэнамінаваных рублёў, габелены з мешкавіны. Паглядзяць — і праходзяць далей. Мусіць, шкадуюць грошай. Некалькі пажылых жанчын купілі шыльды-абярэгі з тэкстам коштам па 19 рублёў, якія месцяцца над уваходам у дамы: «Господи, благослови того, кто входит в этот дом, защити и сохрани того, кто выходит из него, и дай мир тому, кто в нем остается», — дзеліцца назіраннямі малады майстра па дрэве.


Па словах Віталя, рамяство для яго — хобі, якое патрабуе шмат часу, але сям’ю на яго не пракорміш.
Уладальнік гімнастычнага батута, на якім скакалі падлеткі, таксама паскардзіўся на адсутнасць вялікай колькасці жадаючых. Каштавалі тыя скокі на батуце 2,5 рублі на аднаго чалавека.

Адзін з маіх суразмоўцаў, былы дырэктар Казловіцкага дома культуры і рэжысёр Слуцкага народнага тэатра, Аляксандр Туміловіч зазначыў, што святу крыху не хапае беларускасці.

 — Свята мне спадабалася. Гэта ж наш родны горад, дык чаму і б не павесяліцца, — зазначыў Аляксандр. — Але асабіста мне хацелася б мець болей свайго — роднай мовы, беларускіх спеваў, больш беларускай музыкі.


Адносна новым пасярод забаўляльных мерапрыемстваў былі палёты на верталёце над горадам. Каштавалі яны 20 рублёў. І гэтае новаўвядзенне вельмі не спадабалася маёй суседцы па дому. Яна паскардзілася, што на свята не хадзіла з-за мізэрнасці сваёй пенсіі і цэлы дзень прасядзела ў хаце з зачыненай форткай з-за назойлівага гулу верталёта.

У адрозненне ад многіх маладзёнаў, якія пазітыўна паставіліся да святочнай праграмы, пажылая жанчына была настроена вельмі крытычна:

 — Свята толькі тады свята, калі на яго даюць падарункі, — гаворыць непатрыятычная пенсіянерка, седзячы на лаве перад домам у вячэрніх прыцемках. — Калі б з тых 20 мільярдаў, пра якія распавёў старшыня райвыканкама «Кур’еру», падкінулі крыху грошай слуцкім пенсіянерам, інвалідам альбо маламаёмасным людзям — я б таксама запомніла гэты дзень. А так… Ну вось выкінулі грошы на асфальт, па якім пусцілі трактары, яшчэ грошы выкінулі ў паветра падчас салюту — якая мне радасць ад гэтага? Адзін вынік ад свята я ўжо сёння пабачыла — малады чалавек, ледзве жывы ад выпітай гарэлкі, нядаўна ляжаў на лаве каля дома №32 па вуліцы 8-га Сакавіка. Колькі іх такіх да ночы яшчэ сёння будзе! Ды і яміны не залаталі ў мікрараёнах, і святла няма на вуліцах, — скончыла свой крытычны выступ жанчына.

Тое, што цэнтр горада з тысячамі людзьмі патануў у цемрадзі адразу пасля наступлення вечара, — уразіла многіх случчан. У чаканні салюту, які павінен быў адбыцца ў 22 гадзіны, натоўп бадзяўся ў поўнай цемры. Дзе-нідзе з цемры высвечваліся на газонах і ходніках, каля сметніц бутэлькі з-пад моцных напояў. Можа, для асвятлення грошай не хапіла? Ці гэта было зроблена спецыяльна, каб супрацоўнікі Слуцкага РАУС не сустрэліся з п’янымі людзьмі?

Каментаваць