На абаронцу Курапатаў пачалі крымінальную справу за «тэлефоннае мініраванне»

На абаронцу Курапатаў Мікіту Найдзена пачалі крымінальную справу за заведама ілжывае паведамленне пра небяспеку, піша "Еўрарадыё". 
Фота Еўрарадыё

Фота Еўрарадыё


Пра гэта ў сацсетках паведаміў кіраўнік грамадскай ініцыятывы "Альтэрнатыва" Алег Корбан.

Па звестках Корбана, 10 чэрвеня ў 22.45 Найдзен затэлефанаваў у рэстаран "Поедем поедим" і паведаміў, што ў ім закладзеная бомба.

"Адразу ж наведвальнікі і афіцыянты — на вуліцу, праз 10 хв. сюды прыехалі сапёры, МЧС і хуткая дапамога. Усталявалі — паведамленне ілжывае. У 2 гадзіны ночы да Мікіты завітала міліцыя (яго асобу вылічылі больш-менш хутка) — 5 супрацоўнікаў, некаторыя былі ў бронекамізэльках. Затрымалі, агледзелі кватэру, павезлі ў РУУС, дзе адбыўся допыт. Пасля адвезлі ў ІЧУ, дзе яго ўтрымлівалі 3 сутак. Вызвалілі да судовага паседжання пад хатні арышт", — піша Корбан.

Сярод іншых забаронаў Найдзену нельга наведваць месцы масавага збору людзей. Гэта значыць, у тым ліку, пікеты каля Курапатаў.

Хлопец паведаміў Корбану, што ў міліцыі яго не білі, не катавалі, не ціснулі, але рэкамендавалі не ўдзельнічаць у акцыях у Курапатах, а пра свой выпадак нікому не распавядаць.

"Свой учынак Мікіта пракаментаваў нам як неабдуманы, у гэты час ён не думаў аб магчымай крымінальнай адказнасці, яго хвалявала толькі адна справа — хоць нечым дапамагчы ў закрыцці ганебнай рэстарацыі. Вядома, што ў час здзяйснення фатальнага тэлефанавання ён быў цвярозы", — дадае Корбан.
 
Мікіта Найдзен — актывіст “Альтэрнатывы”, яму 27 гадоў. Ён працуе штампоўшчыкам на Мінскім трактарным заводзе, жыве з маці.

Пратэсты супраць рэстарана каля Курапатаў цягнуцца ўжо трэці тыдзень. Абаронцы мемарыяла лічаць абразлівым размяшчэнне там забаўляльнага комплексу.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Anatol Starkou
  • 2018-06-18 16:51:34
Яшчэ адзін герой бел-чырвона-белай нацыі.

Каментаваць