На каго ўпадзе Пізанская вежа, грамадзянства за гераізм: тыдзень вачыма сусветных карыкатурыстаў

Нестабільнасць у Еўрасаюзе, карупцыйны скандал і гандлёвыя войны ЗША — гэтыя і іншыя падзеі тыдня вачыма сусветных карыкатурыстаў.

У Італіі завяршылася фарміраванне новага ўрада, міністрамі якога ўпершыню ў гісторыі аказаліся папулісты-еўраскептыкі. Падобныя трэнды насцярожваюць бізнес. 30 мая амерыканскі мільярдэр Джордж Сорас у кантэксце падзей у Італіі і ў Іспаніі прадказаў глабальны крызіс для ЕС. Атмасферу нестабільнасці ў Еўрасаюзе паспрабаваў перадаць мастацкімі сродкамі карыкатурыст New Orlean Advocate (ЗША).


Кангрэс дэпутатаў Іспаніі адмовіў у даверы ўраду Марыяна Рахоя (Mariano Rajoy) — лідару Народнай партыі (РР). Падставай стаў вердыкт суда па гучнай карупцыйнай справе, у якую былі ўцягнутыя лідары РР. Тое, што сам Рахой ігнараваў гэтыя факты, сведчыць пра яго фантастычную самаўпэўненасць. Гэтаму прысвяціў свой малюнак аўстрыйскі мастак Марыян Камінскі (Marian Kamensky).


Эмігрант Малі 22-гадовы Мамуд Гассам атрымаў французскае грамадзянства за выратаванне хлопчыка. 26 траўня ў Парыжы хлопчык павіс на балконе пятага паверху. Мамуд, які праходзіў міма будынка, без страхоўкі і абсталявання за 30 секунд ускараскаўся па фасадзе на пяты паверх і дапамог зацягнуць дзіця ўнутр. Французскі пашпарт для малійца гэта, вядома, добра, але выбарчы прынцып французскай міграцыйнай палітыкі настолькі відавочны, што стаў аб'ектам шматлікіх жартаў. Карыкатура на дадзеную тэму з нідэрландскага выдання Tjeerd.


Дональд Трамп не на жарт захапіўся гандлёвымі войнамі. Услед за Еўропай і Кітаем урад ЗША ўводзіць імпартныя пошліны на некаторыя віды прадукцыі, якая пастаўляецца на амерыканскі рынак Канадай і Мексікай. На думку карыкатурыста Washington Post, такая фенаменальная канфрантацыя з саюзнікамі пагражае амерыканскай гаспадарцы, якую Дональд выкарыстоўвае падобна гарматнаму ядру.


І на дэсерт карыкатура без палітыкі. Вядомы брытанскі карыкатурыст Мэцью Прытчэтт (Matthew Pritchett), вядомы па мянушчы Matt, іранізуе з намера Еўрасаюза ачысціць сусветны акіян за кошт забароны пластыкавай прадукцыі. На малюнку адзін з рыбакоў выхваляецца перад калегамі: «А ў мяне неяк вось такі пластыкавы пакет сарваўся!».

***
Паглядзіце таксама папярэднія агляды сусветнай карыкатуры. А якія тэмы былі б цікавыя вам? Пішыце ў каментарах!

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2018-06-04 13:51:45
Дзякуй, няблага, але, праўду кажучы, цікавейшым для мяне быў бы агляд "Тыдзень вачыма беларускіх карыкатурыстаў". Разумею, што іх мала, дый далёка не ўсе адгукаюцца на актуальныя падзеі...

Каментаваць