На святкаванне 100-годдзя БHР сабраная палова неабходных сродкаў

На святкаванне 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі на гэты час сабрана на інтэрнэт-платформе talaka.org 17.587 рублёў, 50% працэнтаў ад запланаванай арганізатарамі сумы.


Паведамляецца, што сабраныя сродкі пойдуць на медыйную кампанію, выпуск прома-прадукцыі і яе бясплатны распаўсюд, працу тэматычных сайтаў, арганізацыю вялікага канцэрта, на дапамогу ў арганізацыі тэматычных выставаў ды іншых мерапрыемстваў у межах святкавання 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці БНР.

Як паведамлялася, Мінгарвыканкам дазволіў правядзенне 25 сакавіка каля опернага тэатра ў Мінску мітынгу і канцэрта з нагоды юбілею. Заяўку на правядзенне акцыі падавалі Аб`яднаная грамадзянская партыя, аб`яднанне „БНФ Адраджэньне”, рух „За Свабоду”, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) і асветніцкая ўстанова „Амарока”.

Нагадаем, заяўка на святкаванне 100-годдзя БНР, санкцыянаваная ўладамі, была паўторнай. Першую заяўку падалі ў гарвыканкам 25 студзеня прадстаўнікі 13 партый і арганізацый. Яны прасілі дазволіць правядзенне дэманстрацыі, мітынгу і канцэрта ў цэнтры горада. Сталічныя ўлады забаранілі святкаванне ў такім фармаце. Другая заяўка была пададзеная 28 лютага. У той жа дзень фармат акцыі абмяркоўваўся на сустрэчы заяўнікаў з чыноўнікамі гарвыканкама. Мікалай Статкевіч прапаноўвае 5 сакавіка сабрацца прадстаўнікам арганізацый, якія падавалі першую заяўку, і абмеркаваць, як выйсці з сітуацыі, якая склалася.

Як паведаміў БелаПАН Янукевіч, прадстаўнікі арганізацый, чыю заяўку санкцыянаваў гарвыканкам, будуць кантактаваць з іншымі членамі аргкамітэта па правядзенні акцыі. „Калі будзе жаданне канструктыўна абмяркоўваць далейшую працу, мы возьмем у панядзелак удзел у пасяджэнні аргкамітэта”, — сказаў палітык.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць