На Жамчужнага склалі рапарт за кнігі Алексіевіч

Пра гэта палітвязень паведаміў у апошнім лісце да грамадскай актывісткі Ганны  Шапуцькі.
 

«17 чэрвеня мяне без усялякіх прычын паставілі на ўлік, як экстрэміста. Я за 8 месяцаў у ІК-14 не меў ніводнага парушэння рэжыму ўтрымання, ніводнай заўвагі. Ніколі ў жыцці не ўдзельнічаў у несанкцыянаваных мерапрыемствах, аб чым зараз шкадую)). Сябры паведамілі, што на мяне быў рапарт ад «операў» з абвінавачваннем у распаўсюджванні сярод вязняў экстрэмісцкай літаратуры. Гэта 2 кнігі Святланы Алексіевіч. «Время секонд-хенд» і «Цинковые мальчики» . Пасля такой рэкламы на гэтыя шэдэўры падволілася чарга з жадаючых іх пачытаць вязняў», — напісаў Міхаіл Жамчужны. Вязень апратэставаў гэтае парушэнне, якое, на яго думку, з'яўляецца незаконным і надуманым.

Таксама Міхаіл Жамчужны піша пра праблемы з ліставаннем: «Мае лісты ідуць доўга таму, што са мной сталі такім чынам змагацца «оперы». Спачатку лісты ідуць цэнзуру, затым у операддзел, затым мяне выклікаюць, каб я даў тлумачэнні пра іх змест, затым зноў цэнзару, але іншаму, ад яго зноў іншаму оперу, ён мяне зноў выклікае на тлумачэнні, пасля ідзе на выходныя, ці ў адпачынак і г.д. Таму ліставанне так зацягваецца».

Нагадаем, заснавальнік «Платформ інавэйш» Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне — шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Каментаваць