На Агульнанацыянальнай дыктоўцы прагучаць словы Кастуся Каліноўскага і Максіма Гарэцкага

Творы Кастуся Каліноўскага і Максіма Гарэцкага будуць выкарыстаны пад час VI Агульнанацыянальнай дыктоўкі па беларускай мове, гаворыцца ў плане дзеянняў РГА «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» на 2013 год. Гэты дакумент 20 студзеня ў Мінску зацвердзіла чарговая рада ТБМ.



Першы этап дыктоўкі адбудзецца 21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы, другі этап — 15 сакавіка, у Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, трэці этап — 25 сакавіка, у Дзень Волі, прысвечаны 95-й гадавіне абвяшчэння БНР.

Сярод мерапрыемстваў, што ўвайшлі ў план дзеянняў ТБМ на год, — супрацоўніцтва з дзяржструктурамі па пытанні выкарыстання дзяржаўнай беларускай мовы, у тым ліку ў галіне рэкламы і стандартызацыі, з Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі — па пытанні выдання беларускамоўнай прадукцыя, з банкамі — па пытаннях афармлення па-беларуску бланкаў і рэквізітаў, з прадпрыемствамі — па ўкараненні беларускамоўнага афармлення  прадукцыі і інструкцый. Прадугледжаны комплекс мерапрыемстваў па адзначэнні 150-х угодкаў нацыянальна-вызвольнага паўстання 1863 года, выданне паштовак да дзён народзінаў Кірылы Тураўскага, Максіма Гарэцкага, Вацлава Ластоўскага, Янкі Маўра і Васіля Быкава, адзначэнне юбілеяў (1150-годдзя кірыліцы, 900-годдзя Кірылы Тураўскага, 425-годдзя Статуту ВКЛ 1588 года, 25-годдзя аргкамітэту БНФ «Адраджэньне» і рэспубліканскага гістарычна-асветнага таварыства памяці ахвяр сталінізму «Мартыралог Беларусі», 225-годдзя з дня нараджэння Івана Насовіча, 175-годдзя з дня нараджэння Кастуся Каліноўскага, 125-годдзя з дня нараджэння Язэпа Драздовіча, 100-годдзя з дня нараджэння Эдзі Агняцвет, Майсея Сяднёва і Сяргея Грахоўскага, 75-годдзя з дня нараджэння Янкі Саламевіча і Вячкі Целеша), а таксама 215 гадоў з дня нараджэння Адама Міцкевіча, 130 гадоў з дня нараджэння Францішка Аляхновіча, Сцяпана Некрашэвіча, Янкі Маўра, Аляксандра Цвікевіча, Вацлава Ластоўскага і Язэпа Лёсіка, 120 гадоў з дня нараджэння Максіма Гарэцкага, Паўліны Мядзёлкі і Андрэя Мрыя, 110 год з дня нараджэння Наталлі Арсенневай, 80-годдзя Валянціна Грыцкевіча і 60-годдзя Уладзіміра Арлова.

Старшыня ТБМ Алег Трусаў выказаў падзяку беларускім і замежным фундатарам і ахвярадаўцам, якія матэрыяльна падтрымалі таварыства.

Першы намеснік старшыні грамадскага аб’яднання Алена Анісім звярнула ўвагу на неабходнасць пастаяннага юрыдычнага суправаджэння праваабарончай дзейнасці ТБМ ва ўмовах айчыннага заканадаўства, каторае ўвесь час мяняецца. Паводле яе слоў, неабходна прадоўжыць працу над міжнародным сертыфікатам беларускам мовы. «Для нас самае важнае — распрацаваць стандарты ў дачыненні да трох розных узроўняў ведання роднай мовы. Адпаведна трэба ініцыяваць аб’яўленне конкурсу па напісанню падручнікаў для гэтага сертыфікату. Акрамя таго, запланавана правядзенне міжнароднай канферэнцыі па праблемах вывучэння беларускай мовы, на якой замежныя выкладчыкі змогуць падзяліцца сваім досведам», — сказала Анісім.

Яна нагадала, што 19 чэрвеня 2014 года будзе адзначацца 90-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. Паводле слоў Анісім, ТБМ будзе ініцыяваць рух за беларускую мову, каб 2014 год быў па сутнасці беларускамоўным. «Такім чынам, у нас ёсць год на падрыхтоўку гэтай ініцыятывы і далучэнне да яе шырокіх колаў грамадства», — паведаміла намеснік старшыні ТБМ.

Рада падтрымала прапанову доктара філалагічных навук прафесара Адама Мальдзіса пра неабходнасць правядзення ў амаль 400 суполках беларусаў замежжа конкурсу «Гаспадыня беларусачка» дзеля вызначэння найбольш прывабнай жанчыны, каторая была б цікавай асобаю і гаварыла па-беларуску.

Рада прыняла пастановы аб памерах сяброўскіх складак на год, аб перарэгістрацыі сяброў ТБМ і аб зменах у складзе сакратарыяту грамадскага аб’яднання.

Удзельнікі пасяджэння хвілінай маўчання ўшанавалі памяць сябры ТБМ, выбітнага дзеяча беларускага нацыянальнага адраджэння, археолага і пісьменніка Міхася Чарняўскага, які пайшоў з жыцця раніцай 20 студзеня на 75-м годзе жыцця. 

Каментаваць