На Дзень Волі — марш у падтрымку Украіны

Сёлетні Дзень Волі будзе як ніколі адпавядаць лозунгу паўстанцаў Касцюшкі: «За нашу і вашу свабоду!». Прымеркаванае да 96-х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі шэсце будзе антываеннай скіраванасці і мае на мэце дэклараваць падтрымку Украіне.



Мінгарвыканкам усё ж даў дазвол на правядзенне Дня Волі 25 сакавіка ў Мінску па звыклым маршруце: ад пляцоўкі перад кінатэатрам «Кастрычнік» да плошчы Бангалор. Першасная заяўка на шэсце да плошчы Незалежнасці, зразумела, была адхіленая. Шэсце ж па звыклым маршруце будзе, як заўсёды, па ходніках, без выхаду на праездную частку.

Заяўнікі Дня Волі: Марына Хоміч, Аляксей Янукевіч, Анатоль Сідарэвіч і Алесь Лагвінец

Па заяўцы, шэсце будзе не вельмі масавым, паведаміў адзін з арганізатараў акцыі, лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Таму, што афіцыйна замаўлялі шэсце прыватныя асобы. «Па законе, грамадзяне не могуць заяўляць шэсце і мітынг больш за тысячу чалавек. Таму мы падалі ў заяўцы колькасць удзельнікаў — 950 чалавек. Аднак, я хачу зазначыць, што гэта фактычна першае дазволенае масавае мерапрыемства з пачатку Майдану ва Украіне і з часу расійскага уварвання ў Крым. Таму мы разлічваем на максімальна шырокую колькасць людзей. Кожнаму, хто неабыякавы да гэтай сітуацыі, прадстаўляецца магчымасць выказаць сваё стаўленне да сітуацыі, выказаць падтрымку Украіне і выказаць пратэст дзеянням Расіі», — падкрэсліў Янукевіч.

 

Па ягоных словах, салідарнасць з Украінай — ключавая тэма сёлетняга Дня Волі. «Таму мы са свайго боку будзем раздаваць жоўта-блакітныя і бел-чырвона-белыя стужкі, заклікаем беларусаў, якія маюць такую магчымасць, ужо прыходзіць на акцыю з такімі стужкамі, прыходзіць з украінскімі сцягамі, а таксама самім прыносіць транспаранты і расцяжкі па двух тэмах: 96-годдзю заснавання БНР і па стаўленню да сітуацыі ў рэгіёне і супраць вайны ва Украіне. Гэтыя дзве тэмы былі намі заяўленыя, і іх мы будзем трымацца», — паведаміў Янукевіч.

 

Яшчэ адна замоўніца мерапрыемства, лідэр «Маладых хрысціянскіх дэмакратаў» Марына Хоміч адзначыла, што, паводле рашэння Мінгарвыканкама, на мітынгу павінна выкарыстоўвацца толькі зарэгістраваная сімволіка. Аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» — не зарэгістраваны, адпаведна, уладныя чыноўнікі строга папярэдзілі аб адказнасці па выкарыстанні сімволікі БХД. «Таму мы заклікаем усіх прыносіць украінскія сцягі, бо ўкраінскі сцяг — зараз найбольшы антыдыктатарскі сімвал, чым уся партыйная сімволіка, разам узятая», — заявіла Хоміч.

 

Аргкамітэт БХД пад час мітынгу будзе збіраць подпісы пад петыцыяй супраць уцягвання Беларусі ў вайну і за вызваленне акупаваных Расіяй тэрыторый.

 

Праз сваю праўкраінскую і антываенную скіраванасць Дзень Волі для арганізатараў мерапрыемства будзе больш складаным, чым звычайная акцыя. У часе гутаркі ў Мінгарвыканкаме яшчэ адзін заяўнік, сацыял-дэмакрат Анатоль Сідарэвіч звярнуў увагу адказных міліцэйскіх чыноўнікаў на «іхнюю практыку засылаць правакатараў у шэрагі дэманстрантаў». «Некалькі разоў я сустракаўся з тым, як гэтыя хлопчыкі, звычайна курсанты ці маладыя афіцэры, пераапранутыя ў цывільнае, выбягаюць на праездную частку, выкрыкваюць лозунгі, а потым «знікаюць». А арганізатараў потым штрафуюць — я двойчы плаціў штрафы за такіх «казачкоў». Я не выключаю, што ў нас развітая прарасійская «пятая калона», якая прасякае ўсе эшалоны ўлады і сілавыя структуры. Таму я не выключаю, што 25 сакавіка магчыма, што гэтыя «казачкі» будуць чыніць сярод дэманстрантаў нейкае свінства. Таму трэба быць гатовымі да гэтага», — сказаў Сідарэвіч.

 

Аляксей Янукевіч таксама паведаміў, што ўжо зараз арганізатарамі тэрмінова былі выпушчаныя ўлёткі-заклікі з запрашэннем прыходзіць на Дзень Волі. Да таго ж, яшчэ засталося пару дзён да пачатку асноўнага дня галасавання на мясцовых выбарах. Таму зарэгістраваныя кандыдаты ў дэпутаты, прынамсі, ад Партыі БНФ, ізноў пойдуць «у народ» — гэтым разам запрашаючы людзей наведаць Дзень Волі.

Аляксей Янукевіч: Улёткі ўжо "пайшлі ў народ"

Адзінае, з чым арганізатары не здолелі дамовіцца — гэта з прыездам у Беларусь нейкіх украінскіх гуртоў, каб яны выступілі пад час мітынгу. «Ва Украіне таксама патрэбныя зараз і словы, і спевы, і ім гэта зараз важней», — адзначыў Анатоль Сідарэвіч.

Такім чынам, збор удзельнікаў мерапрыемства — на пляцоўцы ля кінатэатру «Кастрычнік» 25 сакавіка 2014 года з 18 да 18.30. Затым — шэсце па маршруце праспкт Незалежнасці — вуліца Сурганава — парк імя Дружбы народаў з 18.30 да 19.30. Мітынг у парку кароткі — з 19.30 да 20 гадзінаў. Дазволена Мінгарвыканкамам.

Фота аўтара

Каментаваць