Інаўгурацыя. Новы курс

Выбары новага прэзідэнта — заўсёды падзея. Безумоўна, найперш для грамадзян той краіны, дзе яна адбываецца. Але не толькі. Асабліва калі гэта змена лідэраў у такой краіне, як ЗША. Краіне, якая была і ёсць, па вызначэнню новага прэзідэнта Барака Абамы, “самай квітнеючай ды магутная краінай у свеце. Звышдзяржава, палітыка якой, нават здавалася б выключна ўнутраная, так ці інакш адгукаецца ва ўсім свеце.



 І не выпадкова ўвесь свет столькі ўвагі надае феномену Барака Абамы — першага ў гісторыі Злучаных Штатаў прэзідэнта афраамерыканскага паходжання. І выбудоўвае аналітычныя схемы яго новага курса.

Зразумела, што не толькі гэтай асаблівасцю — першы афраамерыканец-прэзідэнт — вызначаюцца як энтузіязм у адносінах да Абамы амерыканцаў, так і выключная ўвага да яго сусветнай супольнасці.

Чэргі на выбарчых участках, натоўпы людзей уздоўж чыгункі, што па ўсяму маршруту сустракалі цягнік, якім ехаў абраны прэзідэнт у Вашынгтон на цырымонію прынясення прысягі, два з паловай мільёна прысутных на інаўгурацыі… Іх ніхто не прымушаў, не арганізоўваў па разнарадцы зверху. Яны ішлі па поклічу душы. Рэйтынг даверу да Абамы — 79 працэнтаў, за якім і больш за палову былых прыхільнікаў Маккейна. Але ўсё гэта не ёсць данінай толькі харызме, красамоўству, абаянню і талентам Абамы. І тым больш не ёсць праявай пакаяння за расавую дыскрымінацыю.

Гэта ўсё знешнія праяўленні, знакі тых супярэчлівых настрояў, якія спакваля выспявалі і назапашваліся за гады праўлення адміністрацыі Буша ў амерыканскім грамадстве, прычым у самых розных яго сацыяльных шыхтах. Сэнс і маштаб праблем, што паўсталі перад ЗША, дакладна вызначыў у сваёй моцнай, эмацыйна-рамантычнай і адначасова рэалістычна абвостранай, інаўгурацыйнай прамове Барак Абама. Гэта крызіс і сур’ёзнае аслабленне эканомікі з адпаведнымі сацыяльнымі стратамі. Гэта вайна “супраць шырокай сеткі гвалту і нянавісці. Гэта страх перад магчымым заняпадам краіны.

Незадавальненне можа быць дэтанатарам як расколу нацыі, так і яднання. Абама выявіў сябе палітыкам, які прапанаваў яднанне. Незалежна ад поглядаў, перакананняў, веравызнання. Дзеля перамен. Нацыя, што сфарміравалася на ідэалах свабоды і дэмакратыі, павярнулася да яго тварам і адказала даверам.

Збегам гістарычных абставін змена прэзідэнтаў сталася знакам змены эпох. Палітыкай адміністрацыі Буша завяршылася эпоха агульнага курса ЗША на сцвярджэнне сваёй дамінуючай ролі ў свеце, на барацьбу з рэжымамі зла метадамі пераважна сілавога ціску.

Абама паварочвае руль палітыкі на забеспячэнне дабрабыту кожнага амерыканца і нацыі ў цэлым. На ўплыўЗША сваім прыкладам, перакананнем у перамоўных працэсах, у супольнай працы, у саюзах з іншымі краінамі і народамі. Але не адмаўляе ні пераемнасці з ранейшай палітыкай Амерыкі, скіраванай на барацьбу з фашызмам, камунізмам і новымі пагрозамі, на апрабаваных прынцыпах свабоды і дэмакратыі.

“Таму я кажу, — прагучала ў прамове, — усім іншым народам і ўрадам, якія глядзяць на нас сёння… Ведайце, што Амерыка з’яўляецца сябрам кожнага народу і кожнага чалавека, жанчыны і дзіцяці, якія імкнуцца да мірнай і годнай будучыні, і што мы гатовыя зноў павесці вас за сабою.

Абвешчаны Абамай палітычны курс ёсць па сутнасці курс, які грунтуецца на базавых прынцыповых каштоўнасцях у спалучэнні з прагматычнымі запатрабаваннямі часу. Яго ж словы “падрыхтаваць краіну да новай эпохі можна вызначыць як лозунг, што акрэслівае маштаб праблем і задач, але разам з тым і меру адказнасці новага прэзідэнта.

У змене стратэгічных акцэнтаў заключаецца і шанец для Беларусі. І першы крок да ўладкавання ўзаемаадносін са Злучанымі Штатамі, які неабходна і можна зрабіць у гэтым накірунку, на паверхні — даць зялёнае святло на работу амбасады ЗША ў Беларусі ў поўным складзе, без усялякіх папярэдніх умоў і патрабаванняў. І тут ужо няма розніцы, як гэта будзе зроблена — намаганнямі групы тэхнакратаў ці кімсьці асабіста. Тым больш, што для гэтага кроку ёсць добрая падстава: адміністрацыя Буша ў свой час не адказала на высылку большасці амерыканскіх дыпламатаў з нашай краіны разрывам дыпламатычных адносін. Не па слабасці, а з самапавагі да сябе як да вялікай дзяржавы, з павагі да сваіх ідэалаў.

Ідэалы — незалежнасці, свабоды, дэмакратыі — аднолькавыя і для малых краін, і для вялікіх, а таму паважаюцца ўсімі (акрамя дыктатарскіх). Не губляць пачуцця ўласнай годнасці, але і не пляжыць, не выстаўляць сябе на агульнае пасмешышча ваяўнічай рыторыкай ні ў чый бок — годная пазіцыя для малой дзяржавы. І найбольш выгодная для яе народа.

Каментаваць