На які дыялог разлічвае Еўропа?

На гэтым тыдні «праездам у Маскву» ў Беларусь зазірнуў Гунар Віганд — дырэктар дэпартамента Расіі, «Усходняга партнёрства», Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЕ Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў. Нічога, акрамя чарговай канстатацыі «шматвектарнасці беларускай палітыкі», гэты візіт не выклікаў.



Як паведаміла прадстаўніцтва ЕС у Беларусі, візіт Віганда галоўным чынам быў прысвечаны «Дыялогу аб мадэрнізацыі Беларусі». Віганд павінен быў сустрэцца з «усімі зацікаўленымі бакамі, каб абмеркаваць напрамкі, па якіх дыялог можа развівацца ў будучыні».

Вельмі цікавы фон, на якім Віганд завітаў у Беларусь. Найперш, Еўропа павінна страціць свае ілюзіі наконт паштовага голуба Уладзіміра Макея. Тыя невядомыя прапановы, якія былі дадзеныя беларускаму міністру замежных спраў у ліпені гэтага года падчас ліпеньскай сустрэчы міністраў замежных спраў ЕС, выкананыя не былі. Прынамсі, гэтага не бачна. А Еўропа, нагадаем, тады ўскладала на іх вялікія надзеі. Прынамсі, еўракамісар па пытаннях пашырэння ЕС і добрасуседства Штэфан Фюле адзначаў: «Адкрыліся магчымасці ўзаемадзеяння з уладамі на такім узроўні, які не тое што не дазваляе нам забыцца аб нашых патрабаваннях і ўмовах, але насамрэч можа іх узмацніць». Узмацніць не выйшла.

За гэты час еўрапейскія дэпутаты даведаліся пра Беларусь больш — быў прыняты знакаміты «даклад Палецкіса», які апісвае сітуацыю ў нашай краіне, але патрабаванні ўсё роўна высоўвае старыя — дэмакратызацыя і вызваленне палітвязняў.

Што тычыцца апошняга, то ад «Макееўскай размовы» некаторыя з палітвязняў былі вызваленыя, а некаторыя пагасілі свае судзімасці — тыя, хто быў асуджаны ўмоўна і з адтэрміноўкай выканання прысуду. Але гэта адбылося «натуральным чынам»: усе выйшлі па сканчэнні тэрмінаў, і ні пра якія «выкананні патрабаванняў Еўропы» гаворка ісці не можа.

То бок, у Еўропы няма падставаў казаць пра тое, што якія-небудзь іх умовы для дыялогу з афіцыйным Мінскам былі выкананыя.

У той жа час Беларусь узмацняе сваё супрацоўніцтва з Расіяй. Як ні дзіўна, скандал з арыштаваным у Мінску менеджарам «Уралкалію» толькі паспрыяў узмацненню двухбаковых стасункаў: прынамсі, паміж Аляксандрам Лукашэнкам і Уладзімірам Пуціным. Пуцін і Лукашэнка не бачыліся, здаецца, з сакавіцкага пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы, калі Аляксандр Рыгоравіч папрасіў у Расіі крэдыт у два мільярды долараў, а Пуцін яму адмовіў. Пасля гэтага абодва прэзідэнты старанна адзін аднаго ігнаравалі. Аляксандр Лукашэнка нават не паляцеў у Кіеў на святкаванне 1025-годдзя хрышчэння Русі, дзе быў расійскі прэзідэнт.

Аднак 23 верасня падчас шараговай канферэнцыі АДКБ Пуцін і Лукашэнка, па паведамленні расійскіх СМІ, сустракаліся сам-насам аж тройчы. Зразумела, гэтыя размовы насілі характар, хутчэй, нефармальны, што заўважыла нават прэс-служба Крамля, але факт застаецца фактам.

Адначасова Беларусь і Расія праводзяць вучэнні «Захад–2013», дзе сумесна «змагаюцца» супраць умоўных незаконных узброеных фарміраванняў. Хаця, здавалася б, Расіі такія вучэнні без патрэбы: у іх гэтых НУФ і без вучэнняў шмат, і не ўмоўных, а так бы кажучы, «безумоўных».

На тэрыторыі Беларусі з’явілася расійская вайсковая база. Некаторыя аналітыкі лічаць, што гэта — толькі пачатак, і такіх базаў у выніку сумесных вучэнняў і дамоўленасцяў у межах АДКБ можа быць больш.

У той сітуацыі, калі ўмовы ЕС для дыялогу не выконваюцца, а супрацоўніцтва з Расіяй квітнее, некаторыя палітыкі пабачылі ў візіце Віганда чарговую спробу Еўропы нагадаць пра сябе. У прыватнасці, сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі адзначыў, што «Дыялог аб мадэрнізацыі Беларусі» ўсё больш ператвараецца ў спробы еўрапейскіх чыноўнікаў любым коштам забяспечыць супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам.

«Мы лічым такія спробы памылковымі і бесперспектыўнымі. З практыкі мінулых гадоў мы ведаем, што любое супрацоўніцтва рэжым спрабуе выкарыстаць для таго, каб узмацніць ціск на грамадзянскую супольнасць. І я збіраюся нагадаць пра абавязальніцтвы ЕС аб немагчымасці роўных перамоваў з уладамі без паляпшэння становішча ўнутры Беларусі. А сітуацыя толькі пагаршаецца. Таму магчымыя толькі трохбаковыя перамовы, якія б былі празрыстымі для беларускай супольнасці. Нельга падтрымліваць рэжым і фінансаваць рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян», — адзначыў Рымашэўскі.

Але большасць аналітыкаў з Рымашэўскім не згодная. «Дыялог аб мадэрнізацыі» зараз сапраўды праходзіць без удзелу дзяржаўнага боку. А гэта значыць, што вынікі такога дыялогу — нулявыя. Эксперты, канешне, распрацоўваюць «мадэрнізацыйныя» праграмы і прапановы, але, калі гэтыя прапановы не ажыццяўляюцца, карысці з такой працы няшмат. З іншага боку, зараз заканчваецца чарговы гадавы этап працы праграмы. Адпаведна, трэба падводзіць вынікі і будаваць планы на будучыню. Таму Віганду цікава паглядзець на тое, што зроблена, і падумаць, як зрабіць лепш. Альбо — увогуле, у сувязі з эканамічным крызісам, які моцна падкасіў ЕС, закрыць гэтую праграму «з мэтай эканоміі дзяржаўных сродкаў».

Канешне, Віганд зацікаўлены ў тым, каб «Дыялог аб мадэрнізацыі» працягваўся. Але не менш зацікаўлены ён і ў тым, каб праграма прыносіла нейкі плён. Ужо шмат разоў казалася пра далучэнне да «ДМБ» (як жартаўліва палітолагі называюць «Дыялог аб мадэрнізацыі») экспертаў з дзяржаўнага сектару. І, відавочна, гэта б дадало «ДМБ» прагрэсу.

Варта заўважыць, што «ДМБ» з’яўляецца доўгатэрміновай праграмай. Усё роўна ўсе напрацоўкі «ДМБ» яшчэ не адзін раз будуць адрэвізіяваныя ў залежнасці ад сітуацыі, што складзецца, і стану беларускага грамадства і дзяржавы. Таму разглядаць гэтую праграму і ўдзел у ёй дзяржаўных экспертаў як пачатак дыялогу, пэўна, не варта. Не трэба і шмат чакаць ад Віганда. Ягоны візіт у Беларусь сапраўды быў тэхнічны.

Каментаваць