На Крапівенскім полі ўшанавалі герояў Аршанскай бітвы (шмат фота)

На Крапівенскае поле пад Оршай прыехалі мастакі, музыкі, паэты, гісторыкі, а таксама тыя, хто цікавіцца мінулым сваёй краіны і памятае пра Дзень беларускай вайсковай славы.



Удзельнікі імпрэзы разгарнулі сцягі і харугвы


Нагадаем, 8 верасня 1514 года беларускае войска на чале з гетманам Канстанцінам Астрожскім на Крапівенскім полі ўшчэнт разбіла ў 2,5 разы большае 80-тысячнае войска маскоўцаў.

На пад’езде да месца правядзення імпрэзы міліцыянты ветліва папярэдзілі кіроўцу аўтобуса, каб ён не заязджаў у горад, бо будзе мець непрыемнасці з ДАІ. Мясцовыя ўлады не дазволілі правядзенне мерапрыемстваў, прысвечаных 500-годдзю перамогі пад Оршай у самім горадзе, але не чынілі ніякіх перашкодаў удзельнікам святкавання на самім Крапівенскім полі, што, звяртаючы ўвагу на мінулыя гады, відавочны прагрэс.

 Міліцыя спыняе аўтобус на пад'ездзе да Крапівенскага поля

Госці з Мінску, Оршы, Барані, Барысава ды некаторых іншых беларускіх гарадоў на Крапівенскім полі сустрэліся з мастакамі суполкі “Пагоня”, якія ўжо цягам некалькіх дзён ладзілі там прысвечаны слаўнай аршанскай перамозе пленэр.

Мастак Беларускага саюза мастакоў Лявон Грышук, што прыехаў на пленэр.

 

Святлана Радкевіч дэманструе свой габелен, зроблены з розных відаў раслін, што растуць на Крапівенскім полі

 

Каля памятнага крыжа выступілі мастак Мікола Купава, гісторык Алесь Краўцэвіч, старажытныя музычныя кампазіцыі выканалі трыа Сяргея Дзевушава і дудар пан Скыргайла. Сваю культавую песню “Наш сцяг” заспяваў Зміцер Вайцюшкевіч. Уладзімір Арлоў прэзентаваў новую кнігу Анатоля Грыцкевіча “Сцягі Оршы”.

 Выступае арганізатар і натхняльнік імпрэзы мастак Мікола Купава

Архіепіскап Наваградскі Паўночна-амерыканскі Святаслаў і святар БАПЦ Леанід Акаловіч

Каб ушанаваць беларускіх герояў, што аддалі свае жыцці за незалежную Беларусь на Крапівенскае поле адмыслова з Украіны прыехаў кіраўнік Беларускай аўтакефальнай царквы архіепіскап Наваградскі Паўночна-амерыканскі Святаслаў, які разам са святаром Ленідам Акаловічам правёў набажэнствы. Каля помніка героям Аршанскай перамогі прысутныя спявалі “Магутны Божа” Наталлі Арсенневай і “Пагоню” Максіма Багдановіча.

Трыа Сяргея Дзевушава

На Крапівенскім полі ў той дзень панавала атмасфера ўрачыстага свята. У небе луналі бел-чырвона-белыя сцягі, харугвы і прапары, вельмі падобныя на тыя, пад якімі войскі Астрожскага баранілі нашу краіну ад маскоўскай навалы.

Сёлета паездка мінчукоў на Крапівенскае поле адбылася дзякуючы падтрымцы Беларускага саюза мастакоў і Руху “За Свабоду”.

Каля валуна з барэльефам аднаго з палкаводцаў беларускага войска Івана Сапегі.

Барэльеф гетмана Канстанціна Астрожскага

Каментаваць