На круглы стол, прысвечаны 94-й гадавіне абвяшчэння БНР, будуць запрошаны прадстаўнікі дзяржаўных структур

На круглы стол, прысвечаны 94-й гадавіне абвяшчэння БНР, будуць запрошаны прадстаўнікі шэрагу дзяржаўных структур. Такое рашэнне было прынятае 2 сакавіка ў Мінску на пасяджэнні грамадзянскай ініцыятывы Рада беларускай інтэлігенцыі.

На круглы стол, прысвечаны 94-й гадавіне абвяшчэння БНР, будуць запрошаны прадстаўнікі шэрагу дзяржаўных структур. Такое рашэнне было прынятае 2 сакавіка ў Мінску на пасяджэнні грамадзянскай ініцыятывы Рада беларускай інтэлігенцыі.

Як паведаміў старшыня аргкамітэта, кіраўнік РБІ, кінарэжысёр і педагог Уладзімер Колас, круглы стол мяркуецца правесці 15 сакавіка па тэме “Роля БНР у працэсе станаўлення беларускай дзяржаўнасці. Паводле яго слоў, да ўдзелу ў пасяджэнні плануецца запрасіць кіраўніцтва Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, супрацоўнікаў гістарычных факультэтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, а таксама прадстаўнікоў шэрагу міністэрстваў, у тым ліку адукацыі і абароны.

Сярод навукоўцаў і палітыкаў, якіх мяркуецца запрасіць да ўдзелу ў круглым стале, названы дактары гістарычных навук Валянцін Голубеў, Леанід Лыч і Захар Шыбека, кандыдаты гістарычных навук Аляксей Кароль, Ігар Кузняцоў, Уладзімер Ляхоўскі і Валянцін Мазец, палітыкі і навукоўцы Вінцук Вячорка, Юры Хадыка і Станіслаў Шушкевіч, пісьменнік Уладзімер Арлоў, паэт і палітык Уладзімер Някляеў, гісторык, палітолаг і літаратуразнаўца Анатоль Сідарэвіч, кінадраматург Уладзімір Халіп.

На думку Коласа, удзел у пасяджэнні людзей, якія па-рознаму уяўляюць сабе гісторыю БНР, дазволіць правесці дыскусію па тэме. “Мы павінны зрабіць ўсё неабходнае, каб праўда пра БНР і яе ролю ў адраджэнні беларускай дзяржаўнасці стала набыткам шырокай грамадскасці, - падкрэсліў Колас.

Ён заклікаў дэмакратычную грамадскасць у рэгіёнах ствараць аргкамітэты святкавання гадавіны абвяшчэння БНР і праводзіць адпаведныя мерапрыемствы з удзелам мясцовай інтэлігенцыі – гісторыкаў, краязнаўцаў, бібліятэкараў, супрацоўнікаў музеяў, мастакоў, настаўнікаў, бардаў, музыкаў, палітыкаў і журналістаў.  

Акрамя круглага стала ў праграму святкавання ўключаны шэсце ў сталіцы ад пляцоўкі перад прэзідыумам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі з мітынгам на плошчы Бангалор, мастацкая выстава і ўрачыстая вечарына.         

Мастак і грамадскі дзеяч Мікола Купава распавёў, што плошча Бангалор з’яўляецца святым месцам для беларусаў, бо менавіта на гэтым пляцы, дзе калісьці знаходзілася Мінская балотная станцыя, у 1863 годзе пад час нацыянальна-вызвольнага паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага супраць расійскага самаўладдзя адбылася сутычка паўстанцаў з аддзелам царскага войска. Паводле слоў Купавы, літаратуразнаўца Уладзімер Содаль рыхтуе для друкаваных СМІ вялікі артыкул па гэтай тэме .  

На думку кінадраматурга Уладзімера Халіпа, арганізатарам шэсця трэба прадугледзець запасны варыянт яго правядзення пры ўмове, калі ўлады не дазволяць праводзіць гэтае святочнае мерапрыемства.

Паводле слоў паэта, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Анатоля Вярцінскага, на круглым стале павінна прагучаць тэма 75-годдзя “вялікага тэрору 1937 года – піку масавых сталінскіх рэпрэсій, якія маюць прамое дачыненне да гісторыі БНР і БССР, а таксама да лёсу беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі.

Трэба адзначыць, што святкаванне гадавіны БНР адбудзецца пад лозунгамі, прысвечанымі абароне незалежнасці Беларусі ад пагроз Расіі і беларускіх уладаў, правядзенню ў краіне свабодных дэмакратычных выбараў, а таксама вызваленню палітзняволеных і поўнай іх рэабілітацыі.

 Як падкрэсліў Колас, самай цікавай і аптымістычнай навіной для беларускага грамадства магла б стаць заява усіх дэмакратычных партый і рухаў аб кансалідацыі намаганняў на галоўныя справы, у тым ліку і ў дачыненні да парламенцкіх выбараў.
 

Каментаваць