На могілках вёскі Строчыцы пахавалі Уладзіміра Кішкурну (фота)

5 верасня на могілках вёскі Строчыцы Мінскага раёну пахавалі выбітнага дзеяча беларускага нацыянальнага адраджэння Уладзіміра Кішкурну.



Развітанне, на якое сабраліся яго родныя, сваякі, сябры і паплечнікі, пачалося на прыватнай сядзібе Кішкурны ў Мінску і завершылася на вясковых могілках у Строчыцах.  Пад час жалобнай цырымоніі, што адбывалася пад бел-чырвона-белым сцягамі, выконваліся песні беларускага нацыянальнага адраджэння. 

Тыя, хто прыйшоў развітацца з Уладзімірам Кішкурнам, адзначалі ўнікальнасць гэтай асобы, якая злучала ў сабе артыстызм і нязломнасць натуры, паслядоўнасць у змаганні за беларускую Беларусь, уменне сябраваць, жартаўлівасць, добразычлівасць і жаданне дапамагчы іншым. Можа таму ў яго было так многа сяброў па ўсёй Беларусі. Удзельнікі развітання з спадаром Уладзімірам выказалі ўпэўненасць, што ягоныя справы і імя назаўжды застануцца ў найноўшай гісторыі краіны. 

У пахаванні Уладзіміра Кішкурны ўдзельнічаў святар евангелічнай рэфармацкай царквы Андрэй Дылюк.

Нагадаем, што Уладзімір Кішкурна загінуў у выніку дарожна-транспартнага здарэння, што адбылося 2 верасня пад Івацэвічамі (Брэсцкая вобласць).

Каментаваць