На Новы год у падарунак — хлеб

13-гадовай Леры з вёскі Залессе Акцябрскага раёну, што на Гомельшчыне, падарылі на Новы год — хлеб.



Хлеб "Царскі"


Як распавяла НЧ бабуля дзяўчынкі Глафіра Спундэр, 27 снежня ў Доме творчасці райцэнтру адбылася добрачынная ёлка, пад час якой мясцовыя дэпутаты і прадстаўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму Акцябрскага райвыканкама ўручылі Леры навагодні падарунак — чорны хлеб “Арыгінальны” і “Царскі” з курагою, арэхамі і семкамі сланечніку, дзве вялікія кардонкі пячэння і мяккую цацку.

І хаця бабуля лічыць, што хлеб — самы высакародны падарунак, мне здаецца, што на Новы год дзеці чакаюць нешта іншае. Ва ўсялякім выпадку, прыпамінаю сваё пасляваеннае дзяцінства, калі пад Новы год атрымліваў чаканы падарунак, ашаломлена разглядаў яго і лічыў, колькі цытрусавых, яблык, арэхаў і розных гатункаў канфет (асабліва апошніх!) знаходзілася ў папяровым мяшэчку. А калі ж пад ёлкаю знаходзіў банку мёду, цацку ці нейкую абнову, ад радасці доўга не мог супакоіцца.

А сёння, калі нашыя дзеці з малых гадоў маюць мабільнікі, кампутары і розныя электронныя гульні, можа і чорны хлеб узрушвае і выклікае станоўчыя эмоцыі. І хоць, як сведчыць спадарыня Глафіра, для ўнучкі любыя падарункі не прыносяць асаблівай радасці, бо дзяўчынка — круглая сірата (яе бацькі сышлі ў іншы свет), аднак Лера, якая вучыцца ў Акцябрскай гімназіі і марыць стаць доктарам ці праграмістам, цёпла ўспрыняла гэты незвычайны падарунак. Што і казаць — дзіця ёсць дзіця.    

Абмеркаванне:

  • Коваленко
  • 2014-01-07 21:43:53
Позорище! У чиновников не нашлось денег на конфеты и фрукты для ребёнка. Неужели своим детям дарили тоже хлеб?
  • ВР
  • 2014-01-08 20:42:38
Па-мойму, цукеркамі дзяцей адорваюць занадта часта, а хлеб, пра які ідзе гаворка, сапраўды смачны. Галоўнае, што дзяўчынцы спадабаўся "незвычайны падарунак".

Каментаваць