На пакрыўджаных…

На гэтым тыдні беларускі афіцыйны лідэр зноў пакрыўдзіўся на расійскае кіраўніцтва. Маўляў, нас зноў наш найбліжэйшы хаўруснік не пускае на свае рынкі.



На гэтым тыдні беларускі афіцыйны лідэр зноў пакрыўдзіўся на расійскае кіраўніцтва. Маўляў, нас зноў наш найбліжэйшы хаўруснік не пускае на свае рынкі.

 «Калі мы пачынаем блакаваць адзін аднаго ў гэтых пытаннях, і Расія пачынае блакаваць Беларусь і не пускаць на свой рынак, каму патрэбны гэтыя так званыя інтэграцыйныя працэсы? — задаўся пытаннем Аляксандр Лукашэнка падчас свайго наведвання Магілёўскае вобласці. — Толькі мяне ў гэтым абвінавачваць не трэба, не я ў гэтым вінаваты, што ў нас не рухаецца інтэграцыя, што мы там на Захад развярнуліся, ва «Усходняе партнёрства» ўступілі і гэтак далей. А куды нам падзецца?»

А куды ж улады глядзелі апошнія 15 год? Ці спадзяваліся і надалей на звыклую расійскую халяву ў выглядзе нізкіх цэнаў на вуглевадароды і такім чынам прыхаванае субсідаванне нашай эканомікі? Раней трэба было думаць, а не чакаць крызісу, які захлынуў у тым ліку і Беларусь. Выратаванне тапельцаў…

У сваю чаргу, і апазіцыя не спіць у шапку. Прынамсі, маладая яе частка. Так, моладзевыя грамадскія і палітычныя актывісты 26 мая на прэс-канферэнцыі ў Мінску абвясцілі пра гатоўнасць узяць адказнасць за лёс краіны, а таксама пра сваё аб’яднанне для дасягнення рэальных перамен у Беларусі.

Па словах сустаршыні незарэгістраванай партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Паўла Севярынца, мысленне прадстаўнікоў старога пакалення палітыкаў прывяло да стагнацыі ў дэмакратычным руху, калі лідэры розных палітычных сіл не могуць дамовіцца паміж сабою дзеля дасягнення агульных мэтаў.


Як адзначыў Павел Севярынец, «цяпер сярод моладзевых лідэраў ёсць тыя, хто гатовы да канструктыўнага дыялогу з уладай. Ёсць і тыя, хто бескампрамісны ў дачыненні да яе, але мы можам знайсці агульныя пункты сутыкнення і дамовіцца паміж сабою».

Для аб’яднання сваіх мэтаў актывісты падпісалі маніфест, у якім заявілі, што вітаюць рашэнне Еўрасаюза ўключыць краіну ў праграму «Усходняе партнёрства», ухваляюць умацаванне эканамічных, культурных і навуковых сувязяў Беларусі з ЕС і супрацоўніцтва Еўрасаюза з беларускай грамадзянскай супольнасцю і палітычнымі партыямі, падтрымліваюць дзеянні лідэра руху «За Свабоду» Аляксандра Мілінкевіча па наладжванні адносінаў Беларусі з ЕС дзеля ўмацавання незалежнасці краіны на ўмовах дэмакратызацыі і павагі правоў чалавека, будуць каардынаваць сваю дзейнасць з мэтай распрацоўкі і ажыццяўлення канкрэтных крокаў на шляху рэфармавання і еўрапейскай інтэграцыі Беларусі. Сярод падпісантаў маніфеста — кіраўнікі зарэгістраванага ў Чэхіі Міжнароднага моладзевага аб’яднання «Малады Фронт» Зміцер Дашкевіч і Наста Палажанка, намеснік старшыні руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч, лідэр незарэгістраванай моладзевай арганізацыі «Маладая Беларусь» Артур Фінькевіч і іншыя актывісты.

Артур Фінькевіч, Павел Севярынец, Наста Палажанка, Юрась Губарэвіч


Усё добра, толькі вось у прысутных на прэс-канферэнцыі склалася ўражанне, што дакумент гэты скіраваны на падтрымку аднаго канкрэтнага палітыка, і тым самым моладзевыя актывісты ўжо пачалі ўдзел у наступнай кампаніі па выбарах прэзідэнта.

Яшчэ адной важнай падзеяй мінулых сямі дзён стаўся VII справаздачна-выбарчы з’езд Грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя журналістаў». Форум прайшоў без інтрыг і нечаканасцяў, кіраўніком БАЖу зноў абрана Жанна Літвіна — заснавальніца і нязменны кіраўнік асацыяцыі. Дэлегаты з’езду прынялі звароты да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і да прэм’ер-міністра Сяргея Сідорскага. Ад першых журналісты пераважна недзяржаўных выданняў патрабуюць перагляду заканадаўства, якое дазваляе прыцягваць людзей да адказнасці за распаўсюд «экстрэмісцкай інфармацыі», а Сяргея Сідорскага заклікаюць стварыць роўныя эканамічныя ўмовы для СМІ розных форм уласнасці і паспрыяць вяртанню трынаццаці незалежных выданняў у дзяржаўную сістэму распаўсюду і падпіскі. Што да мяне асабіста, то мне падаецца, што гэтыя заклікі калег так і застануцца голасам таго, хто кліча ў пустыні.

Прыемным момантам форума стаўся выхад сігнальных асобнікаў кнігі беларускага журналіста Аляксандра Тамковіча «Інтэрв’ю, якіх не было». У зборніку на пытанні Аляксандра адказалі сорак беларускіх журналістаў, сярод якіх — старшыня БАЖу Жанна Літвіна, а таксама Святлана Калінкіна, Ірына Халіп, Аляксандр Коктыш, Вольга Бабак і іншыя майстры пяра і слова.

Каментаваць