На радзіме дырэктара клуба «Dozari» падазраюць у махлярстве

Скандал з «рускімі вечарынамі» у клубе «Dozari» прыцягнуў увагу да асобы арт-дырэктара клуба — Аляксандра Кроітара. Журналісты раскапалі цікавыя факты пра ягоную дзейнасць у мінулым.



Як пісала «Камсамольская праўда — Кемерава» у 2008 годзе, сённяшні арт-дырэктар «Dozari» на радзіме ў Кемерава пазычаў грошы ў мясцовых бізнесменаў і не вяртаў іх.

Як паведамляла газета, Аляксандр узяў 41 тысячу расійскіх рублёў у бізнэсоўца Васіля і абяцаў вярнуць грошы праз 4 дні. Кроітар патлумачыў, што грошы яму патрэбныя, каб аддаць перадаплату маскоўскім дыджэям, але грошы не вярнуў ні праз 4 дні, ні праз год. Па словах пацярпелага, 25-гадовы Аляксандр Кроітар рэгулярна займаў «прыстойныя сумы ў заможных людзей, каб потым ніколі не вярнуць іх назад».

Аналагічныя абвінавачванні можна знайсці і ў беларускім сегменце інтэрнэту. Нібыта арт-дырэктар Dozari «павінен буйныя сумы грошай артыстам». «На тэлефоны не адказвае, сустрэч пазбягае», — напісаў адзін з блогераў месяц таму.

Нагадаем, на днях Аляксандр Кроітар апынуўся ў цэнтры скандалу з-за арганізацыі правакацыйных вечарынак Russian night і «Рускім быць модна» у менскім клубе Dozari. На афішы быў намаляваны Пуцін, аўтамат Калашнікава, матрошкі і Крэмль.

Сам ён тлумачыць гэта тым, што вечарыны арганізуюцца для расійскіх турыстаў.

Каментаваць