На шляху ад пераследу да талерантнасці

«Няма ніякай талерантнасці. Ёсць злосць, якая выліваецца ў трагедыі», — напісала ў фб сяброўка Міхаіла Пішчэўскага, пасля яго смерці. Гэта трагедыя стала нагодай, каб узгадаць, як ставіліся да ЛГБТ супольнасці ў савецкія часы.



Крымінальны артыкул

У крымінальных кодэксах саюзных рэспублік, прынятых у 1926 годзе, не было згадак пра «мужаложства» — гомасексуальнасць была дэкрыміналізаваная, пра што афіцыйныя асобы з СССР з гонарам за сваю «сацыялістычную радзіму» казалі за мяжой на сексалагічных кангрэсах. Але сталінскі рэжым усё змяніў.

13 снежня 1933 года намеснік старшыні Аб’яднанага дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення (АДПУ) Генрых Ягода накіраваў сакратару ЦК УКП(б) Іосіфу Сталіну запіску, у якой прапаноўваў рэкрыміналізаваць «педэрастыю». На запісцы з’явілася ўхвальная рэзалюцыя Сталіна, і ўжо 16 снежня Палітбюро ЦК УКП(б) прыняло пастанову «Аб крымінальнай адказнасці за педэрастыю».

7 сакавіка 1934 года Прэзідыум ЦВК СССР прыняў пастанову «Аб крымінальнай адказнасці за мужаложства», у якой былі змененыя ў параўнанні з першапачатковым праектам фармулёўкі і ўсталяваныя ніжнія межы пакарання. Пастанова была абавязковай для выканання цэнтральнымі выканаўчымі камітэтамі ўсіх саюзных рэспублік.

У Крымінальны кодэкс Беларускай ССР адпаведны артыкул 2351 быў уведзены 30 красавіка 1934 года. Пакаранне за мужаложства засталося і ў Крымінальным кодэксе Беларускай ССР, які ўступіў у дзеянне з 1 красавіка 1961 года, артыкул меў іншы нумар (119) і змененую фармулёўку. Дзеянне гэтага артыкула было адмененае толькі з 1 траўня 1994 года пад ціскам міжнародных арганізацый, у якія незалежная Беларусь уступала.

Беларускія юрысты стараліся ніяк артыкул 119 КК БССР не каментаваць. Так, у беларускім падручніку па крымінальным праве для студэнтаў-юрыстаў тлумачэнне гэтага артыкула зводзілася да пераказу крымінальнага кодэкса сваімі словамі. Змест тэрміну «мужаложства» тлумачыўся праз сінонімы «гомасексуалізм», «педэрастыя», а таксама праз вызначэнне: «мужаложствам з’яўляюцца палавыя зносіны мужчыны з мужчынам». Нават лацінскага тэрміну coitus per anum аўтары падручніка пабаяліся (а можа, яго і не ведалі). Адпаведна, студэнты-юрысты ў БССР нават не вельмі выразна сабе ўяўлялі, што ж пераследавалася крымінальным кодэксам.

Праўда, у гэты самы час некаторыя расійскія юрысты не толькі разбіралі ў сваіх публікацыях сутнасць артыкула, але і выказваліся за скасаванне яго першай часткі, то бок дэкрыміналізацыю добраахвотных аднаполых стасункаў паміж поўнагадовымі мужчынамі.

Па-свойму «даследавалі» праблематыку спецыялісты ад судовай медыцыны. Так, супрацоўнік Бюро судова-медыцынскай экспертызы Масквы і Маскоўскай вобласці І. Блюмін. Ён распрацаваў даволі падрабязную інструкцыю па «экспертызе гомасексуалізму» і нават абараніў кандыдацкую дысертацыю, цалкам прысвечаную судмедэкспертызе «мужаложства». Дысертацыя насіла завуаляваную назву «Матэрыялы да экспертызы палавых станаў».

Блюмін абапіраўся на аўтараў другой паловы ХІХ стагоддзя (Амбруаза Тардзьё, Ёгана Каспера ды іншых) і выказваў шкадаванні, што з таго часу судовая экспертыза не займалася «мэтанакіраванымі даследаваннямі па дадзеным пытанні». Судова-медыцынскі эксперт прапускаў міма сваёй увагі, што ў большасці краін Еўропы на час абароны яго дысертацыі (1970 год) гомасексуальнасць была дэкрыміналізаваная.

Сухія лічбы

Як вядома, у СССР большая частка статыстыкі была сакрэтнай. Гэта тычылася і крымінальнай статыстыкі. Апублікаваных дадзеных пра абсалютную колькасць пакараных за «мужаложства» няма, але цэнзура дазволіла агучыць, што ў 1961–1973 гадах судзімасць па артыкуле 119 у БССР складала ад 0,02% да 0,7% ад ліку асуджаных за злачынствы супраць асобы.

Каб знайсці дадзеныя ў абсалютных лічбах, я звярнуўся да статыстыкі Міністэрства юстыцыі БССР, якая захоўваецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь. Крымінальная статыстыка БССР рассакрэчаная толькі па 1960 год уключна. Даваенныя фонды Міністэрства юстыцыі захаваліся вельмі ўрыўкава, статыстыка даваеннага часу не захавалася. Звесткі пра колькасць асуджаных па розных артыкулах крымінальнага кодэкса можна атрымаць з запоўненых бланкаў формы №10. У гэтых бланках, якія вырабляліся ў Маскве і былі аднолькавымі для ўсяго СССР, была асобная графа для артыкула 154а КК РСФСР («мужаложства») і адпаведных артыкулаў крымінальных кодэксаў іншых рэспублік.

Статыстыка першых паваенных гадоў недакладная — часта клеркі з абласных аддзелаў юстыцыі блыталі нумары артыкулаў ці ўпісвалі колькасць асуджаных па адным артыкуле ў графу асуджэнняў па іншым.

Так ці іначай, але колькасць асуджаных у 1945–1960 гадах заставалася мізэрнай. Звяртае на сябе ўвагу, што ў некалькіх выпадках тэрмін зняволення асуджаных быў ніжэй за ніжні парог магчымага па артыкуле 2351 (тры гады).

У некалькіх выпадках артыкул 2351 быў прыменены да зняволеных. Можна меркаваць, што ён выкарыстоўваўся адміністрацыяй карных устаноў, каб прынізіць непакорных зняволеных і пакінуць іх у месцах пазбаўлення волі на больш працяглы тэрмін.

Табліца 1. Колькасць асуджаных па артыкуле 2351 КК БССР (1945–1960 гады). Дадзеныя публікуюцца ўпершыню

Год

Колькасць асуджаных

1945

0

1946

1

1947

0

1948

2

1949

0 (1?)1

1950

0

1951

1

1952

2

1953

1

1954

0

1955

0 (1?)

1956

4

1957

4

1958

6

1959

4

1960

0



1    Агульнарэспубліканскія і абласныя справаздачы даюць розныя лічбы.

Карыстаючыся спасылкамі англійскага даследчыка Дэна Хілі на фонды Дзяржаўнага архіву Расійскай Федэрацыі, атрымалася знайсці статыстыку наконт асуджаных па Беларускай ССР з 1961 года і пазней.

Як і ў цэлым па СССР, у БССР заўважны істотны рост колькасці асуджаных па артыкуле «мужаложства» ў хрушчоўскія і брэжнеўскія гады, з адзінак да дзясяткаў асуджаных у год.

Заўважна, што ў некаторыя гады праходзілі аблавы на гомасексуальных мужчын. Іначай цяжка патлумачыць, чаму ў 1966 годзе было асуджана толькі 3 чалавекі, а ў 1970 — 33. Падобнае бачна і ў статыстыцы па Эстоніі, апублікаванай Ціітам Вейспакам: 1967 год — 17 асуджаных, 1968 год — 1 асуджаны.

Табліца 2. Колькасць асуджаных па артыкуле 119 КК БССР, артыкуле 121 КК РСФСР і аналагічных артыкулах крымінальных кодэксаў саюзных рэспублік (1961–1972 гады). Дадзеныя па БССР публікуюцца ўпершыню

Год

Колькасць асуджаных па СССР

Колькасць асуджаных па БССР

1961

705

10

1962

767

1

1963

831

13

1964

777

4

1965

627

5

1966

770

3

1967

940

25

1968

756

20

1969

993

13

1970

1223

33

1971

1206

20

1972

1255

10

Пытанне рэабілітацыі

Мне не вядома, каб нехта раней у Беларусі ставіў пытанне пра рэабілітацыю людзей, асуджаных па першай частцы артыкула «мужаложства» Крымінальнага кодэксу Беларускай ССР (стасункі па ўзаемнай згодзе паміж мужчынамі, якія дасягнулі 18 гадоў). Такая рэабілітацыя, з верагоднай далейшай выплатай кампенсацый былым асуджаным і іх сем’ям, неабходная. Пры цяперашнім палітычным рэжыме гэта можа здавацца фантастычным, але на выпадак яго змены неабходна мець распрацаваны падыход да праблемы.

Дарэчы, гэта тычыцца не толькі асуджаных за «мужаложства». У Беларусі ў асноўным былі рэабілітаваныя тыя, хто ў свой час патрапіў пад дзеянне палітычных артыкулаў крымінальнага кодэксу БССР (за так званыя «контррэвалюцыйныя злачынствы» ці «антысаветчына»). Але ў крымінальных кодэксах як 1926-га (са шматлікімі змяненнямі і дапаўненнямі), так і 1961 года было вельмі шмат юрыдычных нормаў, якія дазвалялі адвольна рэпрэсаваць практычна кожнага.

Напрыклад, у 1930–1931 гадах быў уведзены ў дзеянне артыкул КК БССР 941, які прадугледжваў адказнасць за «злоснае невыкананне пастаноў і правіл, якія забяспечваюць паспяховую калектывізацыю сельскай гаспадаркі, у тым ліку злосны забой і распродаж жывёлы». Артыкул 118а «уцёкі з месца абавязковага пасялення або з дарогі да яго, а таксама паяўленне ў мясцовасці, дзе жыць данай асобе забаронена» мог шырока выкарыстоўвацца супраць ссыльных «кулакоў» ці прадстаўнікоў «антысавецкі настроеных» этнічных груп, якія спрабавалі вярнуцца на радзіму.

І такіх артыкулаў былі дзясяткі. Можна было трапіць у зняволенне за спазненне на працу і сыход з фабрычна-заводскага навучання, невыпрацоўку абавязковага мінімуму працадзён у калгасе, здзяйсненне абортаў ды многае іншае.

Некаторыя артыкулы сталінскіх гадоў, зрэшты, захаваліся. Да такіх належыць, напрыклад, «выраб і распаўсюд парнаграфіі», па якім можна асудзіць любога прышчавага падлетка, што размясціў у сваім «ВКонтакте» спасылку на парнаролік. Дадамо, што ў сталінскія гады каралася таксама захаванне «парнаграфічных твораў», то бок тэрмін да пяці гадоў можна было атрымаць за томік Баркова ў хатняй бібліятэцы.

Неабходна заняцца сур’ёзнымі даследаваннямі складу рэпрэсаваных паводле артыкулаў і ставіць пытанне пра паўторную масавую рэабілітацыю. Прычым гэтая рэабілітацыя, як, напрыклад, у выпадку з ахвярамі артыкула «мужаложства», не мусіць абмяжоўвацца толькі сталінскімі гадамі ці толькі гадамі СССР, бо дзеянне некаторых артыкулаў працягвалася і пазней.

Аўтар выказвае падзяку Ірыне Ралдугінай (г. Масква), якая ўдзельнічала ў архіўных росшуках

Каментаваць