На Случчыне загадчык клуба звольніўся пасля таго, як міліцыя сарвала паказ фільма пра Слуцкі збройны чын

Загадчык сельскага Дома культуры ў Слуцкім раёне звольніўся, не вытрымаўшы ідэалагічнага ціску. Гэта здарылася пасля таго як у ягоным клубе міліцыя сарвала паказ фільма пра Слуцкі збройны чын.



Аляксандр Туміловіч падчас рэпетыцыі спектакля «Хочаш - вер, Хочаш - не вер» у Слуцкім ГДК. 2009 год. Фота Алеся Дастанкі, kurjer.info


Аляксандр Туміловіч, загадчык Дома культуры вёскі Казловічы, у якім вечарам 23 лістапада міліцыянты разагналі гледачоў фільма пра Слуцкі збройны чын, напісаў заяву пра звальненьне, паведамляе «Радыё Свабода».
 
 
«Не хачу пад такой ідэалёгіяй працаваць»,— кажа Аляксандр Туміловіч.— Я сам напісаў заяву. Ніхто мяне не звальняў. Калі людзям не дазваляюць сабрацца для нечага свайго, то не хачу!— тлумачыць прычыны свайго ўчынку Аляксандр Туміловіч.
 
 
Здарэньне, якое адбылося ў суботу, стала для яго толькі штуршком, каб адважыцца на такі ўчынак. «Кіраўніцтва яшчэ як было рада,— кажа Аляксандр Туміловіч. — Мяне з рэжысэраў здымалі, нават не пытаючыся ў мяне. Я быў рэжысёрам тэатра. Спэктакль мне забаранялі паказваць!»
 
 
Аляксандр тры гады ўзначальваў дом культуры вёскі Казловічы. Ягоны заробак складаў 2 мільёны 400 тысяч беларускіх рублёў. «Вы ж разумееце, што мужчыну ў 42 гады немагчыма з такім заробкам без падпрацовак», — распавядае Аляксандр пра сваё жыцьцё.
 
 
Да таго яшчэ два гады працаваў у аддзеле культуры ў гарадзкім Доме культуры Слуцку. Аляксандр кажа, што мае аўтарытэт і павагу з боку жыхароў і кіраўніцтва мясцовай гаспадаркі, дасягнуў посьпехаў у працы.
 
 
Ягоны спэктакль па п’есе Сяргея Кавалёва «Стомлены д’ябал» быў уганараваны гран-пры фэстывалю «Бярэзінская рампа».
 
 
«А ў Слуцку пасьля фэстываля мне яго не дазволілі паказваць! Вы разумееце, што гэта такое? — усхвалявана пытаецца Аляксандр. — Калі забараняюць, значыць, ім ня хочацца. «Мудрамера», клясыка беларускай драматургіі, я паказаў у 2012 годзе. І за яго мяне па поўнай праграме, як ката: «Ты ніхто, казалі!» Ну і вось так…
 
 
А пасьля «Стомленага д’ябла» гэта быў проста шок! Я прыяжджаю пасьля фэстываля, радасны, з узнагародамі, зь велізарным дыплёмам, які цяпер вісіць у кабінэце дырэктара Дома культуры, і на дзень тэатра хачу паказаць гэты спэктакль, а мне кажуць: «Нет!»
 
 
З працай у культуры,— кажа Аляксандр,— давядзецца разьвітацца: «Але я не перажываю,— працягвае ён.— Шмат каму з работнікаў культуры няма куды пайсьці.
 
 
А я кіроўца першага клясу, у мяне ўсе катэгорыі. Я мэханік па аўтатранспарце. Маю вышэйшую адукацыю, хай сабе і тэатральную, што дазволіць мне дзе-нідзе ўладкавацца. Плюс таксістаў у нас ніхто не адмяняў!»
 
 
23 лістапада людзі сабраліся ў Доме культуры ў Казловічах на прагляд фільма пра Слуцкі збройны чын. Гэта выклікала ўвагу з боку мясцовай міліцыі.
 
 
Кіраўнік міліцыянтаў Дзьмітры Шклярэўскі патлумачыў, што ў арганізатаркі імпрэзы Зінаіды Цімошак «няма санкцыі на сустрэчу».
 
 
Міліцыянты «больш за дзьве гадзіны вялі допыты, разьбіўшыся на «тройкі» у 4-5 памяшканьнях Дома культуры. Адны з іх стаялі пры дзьвярах залі, каб суправаджаць на допыты і не даць нікому зьбегчы», — паведаміла Зінаіда Цімошак Радыё Свабода.
 
 
Цімошак кажа, што супрацоўнікі МУС высьвятлялі ў прысутных — а сярод іх было шмат людзей сталага веку — ці ёсьць у гэтай сустрэчы палітычны аспэкт.
 
 
На імпрэзу Цімошак запрасіла менскага гісторыка Ніну Стужынскую. Стужынская плянавала паказаць фільм «40 дзён сялянскай рэспублікі». Стужынская спрычынілася да стварэньня гэтага фільма, які ўжо быў паказаны ў эфіры АНТ.
 
 
«Сорамна за невуцтва ўладаў», — пракамэнтавала Стужынская дзеяньні слуцкай міліцыі. На Цімошак міліцыянты склалі пратакол паводле адміністрацыйнага артыкулу за «парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня сходаў». Яе папярэдзілі, што справа будзе перададзеная ў суд.
 
 
svaboda.org

Каментаваць