На сведак ціснуць

На працэсе па справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў сведкі масава заяўляюць пра ціск на іх з боку следства з мэтай атрымаць доказы, якія кампраметуюць Мікалая Аўтуховіча.

На працэсе па справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў сведкі масава заяўляюць пра ціск на іх з боку следства з мэтай атрымаць доказы, якія кампраметуюць Мікалая Аўтуховіча.

Паводле слоў праваабаронцы Алега Волчака, 29 сакавіка ў судзе дапыталі пяць сведак. «Прадпрымальнік з Оршы Ігар Пузікаў расказаў, што ў 2005 годзе спрабаваў перадаць Аўтуховічу ў турму запіску, каб атрымаць згоду на набыццё ў яго «дзвюх-трох адзінак аўтатэхнікі». Запіску Пузікаў прасіў перадаць знаёмага, супрацоўніка турмы Сяргея Шнітко, але той адмовіўся яе перадаваць. Аднак, паводле слоў Пузікава, следчыя прымусілі яго сказаць, што запіска ў турму ўсё ж патрапіла. Ён паказаў, што следчыя яму пагражалі, абяцалі хуткае вызваленне, і пад націскам ён даў патрэбныя следству паказанні, аднак у судзе ілгаць адмовіўся», — паведаміў Волчак.

Паводле слоў праваабаронцы, пра псіхалагічны ціск на следстве гаварыла і сведка Людміла Парэмская, былы бухгалтар фірмы Аўтуховіча. «Яна заявіла, што сказала б усё, што заўгодна, абы яе вызвалілі», — адзначыў Волчак. Ён падкрэсліў, што Парэмская таксама не пацвердзіла віну Аўтуховіча.

Былы «афганец» Канстанцін Уланаў расказаў пра тое, як сустракаўся з Аўтуховічам і Аляксандрам Ларыным у Мінску ў 2005 годзе. Паводле версіі следства, падчас гэтай сустрэчы яны сачылі за намеснікам міністра па падатках і зборах Васілём Каменкам, рыхтуючы на яго замах. «Аднак у судзе Уланаў заявіў, што ніхто ні за кім не сачыў. У турме на Уланава пачаўся псіхалагічны ціск, акрамя таго, у следчым ізалятары ён перанёс інфаркт», — расказаў Волчак.

«Абвінавачанне рассыпаецца на вачах. Я не ведаю, на што разлічвалі следчыя і дазнавальнікі, няўжо яны думалі, што сведкі ў судзе пра гэта не раскажуць? Але мяне турбуе, што гэтыя дзеянні ўчынялі супрацоўнікі элітнага падраздзялення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй. Калі яны так парушаюць закон, то што гаварыць пра следчых з раённых гарадоў і пасёлкаў... Усе гэтыя дзеянні можна расцаніць як дыскрэдытацыю праваахоўных органаў», — заявіў Алег Волчак.

Пры гэтым праваабаронца яшчэ раз адзначыў, што доказы, атрыманыя пад ціскам, не могуць быць пакладзены ў аснову абвінаваўчага прысуду.

Нагадаем, у Вярхоўным судзе разглядаецца крымінальная справа, па якой праходзяць Мікалай Аўтуховіч, Уладзімір Асіпенка, Аляксандр Ларын і Міхаіл Казлоў. Першых трох абвінавачваюць у падрыхтоўцы тэрарыстычнага акта ў дачыненні да намесніка міністра па падатках і зборах Васіля Каменкі і былога старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Саўчанкі. Аўтуховіч і Асіпенка таксама абвінавачваюцца ў арганізацыі падпалу дома былога начальніка Ваўкавыскага РАУС Сяргея Кацубы ў 2004 годзе. Падпалкоўнік міліцыі Міхаіл Казлоў, былы кіраўнік УБАЗ па Гродзенскай вобласці, абвінавачваецца ў тым, што ведаў пра планы падрыхтоўкі тэрарыстычнага акта, але не прыняў мер па яго прадухіленні.
 

Каментаваць