На Заходнім фронце без пераменаў

Еўропа вырашыла, што з Беларуссю нічога не зробіш. Маштабная зверка гадзіннікаў напярэдадні саміта Усходняга партнёрства ў Вільні паказала, што ў Беларусі і Еўропы ўсё яшчэ розныя часавыя паясы. Прычым, і ў наўпроставым, і ў пераносным сэнсах.



Найперш, шмат вэрхалу нарабіў візіт у Беларусь двух еўрапейскіх дыпламатаў: напрыканцы мінулага тыдня да нас завіталі дырэктара па палітычных пытаннях МЗС Польшчы і МЗС Швецыі Яраслаў Браткевіч і Торб’ёрн Сульстрэм. Відавочна, што гэты візіт быў у межах падрыхтоўкі да таго самага саміта УП. Але варта зазначыць узровень такога кантакту.

Калі па ўсіх астатніх краінах — удзельніцах УП ездзяць міністры замежных спраў Польшчы і Швецыі Радаслаў Сікорскі і Карл Більдт, то «мінскі візіт» ажыццявіўся нават не на ўзроўні намеснікаў замежных справаў: прыехалі дырэктары палітычных пытаннях.

У прынцыпе, ужо шмат казалася, што «беларускае пытанне» на гэтым саміце ператварылася з першапачатковага ў другаснае. Найперш, канешне, усіх цікавіць пагадненне Украіны аб асацыяцыі з ЕС.

Да таго ж, Беларусь сама не выканала ніякія нормы і ўмовы, па якіх мог бы быць прагрэс у адносінах. Найперш, у беларускіх турмах застаюцца палітвязні. І гэта тое пытанне, без адказу на якое прагрэс у адносінах з ЕС немагчымы.

Важнасць пытання наяўнасці палітзняволеных прадэманстраваў і Еўрасаюз. Як паведаміла кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Мінску Майра Мора, выступаючы 29 кастрычніка на міжнароднай канферэнцыі «Стратэгіі будучай палітыкі ЕС у дачыненні да Беларусі» ў Вільні, Рада ЕС плануе прадоўжыць дзеянне санкцый у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў да 31 кастрычніка 2014 года.

Па яе словах, з «чорнага спісу» будуць выкрасленыя 13 чалавек і пяць прадпрыемстваў: ЕС лічыць, што «больш няма прычын для знаходжання іх у спісе». Але, тым не менш, яшчэ тры прозвішчы будуць у гэты спіс дададзеныя.

Варта адзначыць, што скарачэнне спісу неўязных у Еўропу ніякім чынам не азначае «паляпшэнне сітуацыі» альбо «разуменне Еўропай памылковасці сваіх дзеянняў». Проста гэты спіс карэктуецца штогод.

Акрамя таго, па словах Моры, Еўрасаюз працягне аказваць падтрымку беларускаму народу. «За апошнія два гады ЕС узмацніў падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці і беларускага народа ў цэлым. Еўрасаюз узмоцніць дыялог з грамадзянскай супольнасцю, у тым ліку і праз праграму «Еўрапейскі дыялог для мадэрнізацыі Беларусі». Яна патэнцыйна можа стаць каналам зносін як з беларускім грамадствам, так і з уладамі», — сказала яна.

Тое, што падтрымка грамадзянскай супольнасці афіцыйным Мінскам успрымаецца як стварэнне і падтрымка «пятай калоны», ні для каго не сакрэт. Працяг такой падтрымкі найперш азначае, што Еўропа ў бліжэйшай перспектыве не чакае, што ў Беларусі нешта зменіцца.

На еўрапейскім фоне неяк незаўважна прайшло яшчэ адно мерапрыемства. 28 кастрычніка на пасяджэнні Генеральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку разглядалі даклад аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Дакумент быў падрыхтаваны спецдакладчыкам Савета ААН па правах чалавека Міклашам Харашці. Асноўная ўвага ў дакладзе надаецца правам чалавека ў кантэксце выбарчых працэсаў у Беларусі. Беларускія ўлады, гаворыцца ў дакладзе, павінны забяспечыць правядзенне выбарчай і заканадаўчай рэформы з удзелам «шырокага кола зацікаўленых асобаў, нават калі законапраект ужо ўнесены на разгляд парламента», а таксама гарантаваць наяўнасць незалежных выбарчых камісій, забяспечыць адкрыты падлік галасоў з поўным і адкрытым наглядам за падлікам з боку чальцоў выбарчых камісій і іншых зацікаўленых асоб.

Іншая справа, што Беларусь не прызнае ані самога спецдакладчыка ААН, ані ягоныя дакументы. І ўпарта заяўляе, што ўсе рашэнні Камітэта па правах чалавека і іншых ААНаўскіх структураў носяць характар рэкамендацый, а таму выконваць іх неабавязкова. А калі неабавязкова — то і не выконвае.

На такім фоне шэраг аналітыкаў пачалі казаць, што афіцыйны Мінск можа праігнараваць саміт Усходняга партнёрства ў Вільні. Сапраўды, калі ніякага прагрэсу ў дачыненнях з заходнім светам у Беларусі няма, то навошта туды ехаць? У нас і сваіх праблемаў хапае.

Тым больш, што калі Беларусь праігнаруе саміт УП, гэта будзе не ўпершыню. У 2011 годзе на аналагічнае мерапрыемства ў Варшаву тады яшчэ міністр замежных справаў Сяргей Мартынаў не паехаў. Замест яго мог бы ўдзельнічаць пасол Беларусі ў Польшчы Віктар Гайсёнак, але ён пакрыўдзіўся, што яго не пакармілі. Дакладней, прычынай дэмаршу пасла было тое, што ён не атрымаў запрашэння на ўрачыстую вячэру ў межах саміта.

Да таго ж ва ўладаў ёсць яшчэ адзін моцны раздражняльнік — апазіцыя. Яна ўжо традыцыйна падцягнецца ці на сам саміт, ці на ягоныя паралельныя структуры, кшталту парламенцкай асамблеі УП альбо Форума грамадзянскай супольнасці. Дый розныя эмігранцкія арганізацыі могуць зрабіць сустрэчу афіцыйнай беларускай дэлегацыі ў Вільні вельмі гарачай.

Гэта не прычына, каб ігнараваць саміт? Можа быць. Але ўлады ўжо праігнаравалі перадсамітаўскую канферэнцыю, зладжаную па ініцыятыве Германіі. Менавіта таму, што арганізатары канферэнцыі паспрабавалі пасадзіць за адзін стол каардынатара «Гавары праўду!» Андрэя Дзмітрыева і намесніцу міністра замежных спраў Алену Купчыну. Відавочна, што хтосьці павінен быў не з’явіцца, і, зразумела, гэта была Купчына.

Такім чынам, пытанне пра тое, наколькі Беларусі патрэбны і саміт УП, і сама праграма «Усходняе партнёрства», застаецца адкрытай. Зразумела, афіцыйны Мінск хацеў бы атрымліваць ад яе выключна эканамічныя бонусы, без палітычных пытанняў у якасці дадатку.

У выніку, так доўга і ўпарта дамагаўшыся запрашэння на саміт УП, афіцыйны Мінск можа яго праігнараваць з-за яўнай адсутнасці ў ім будзь-якой карысці для ўладаў. Пытанне ж застанецца: «За што тады змагаўся Макей больш за год?». Але гэта ўжо іншае пытанне.

Каментаваць