Наблізілася да мяжы

Здаецца, такога раней не было, бо не магло быць ніколі. Маю на ўвазе пікетаванне грамадзянамі дзяржаўнай мяжы ў пунктах мытнага кантролю. Той мяжы, што была «на замку», лічылася «свяшчэннай і недатыкальнай». А зараз — на табе. Амаль што рэвалюцыя.



Здаецца, такога раней не было, бо не магло быць ніколі. Маю на ўвазе пікетаванне грамадзянамі дзяржаўнай мяжы ў пунктах мытнага кантролю. Той мяжы, што была «на замку», лічылася «свяшчэннай і недатыкальнай». А зараз — на табе. Амаль што рэвалюцыя.

Дарэчы, восенню 1990 года ў ціхім і, як да гэтага часу падаецца многім, правінцыйным Мінску ўзбунтаваліся курцы. Перакрылі Ленінскі праспект насупраць фірмовай крамы «Тытунь», бо там не было ўжо ні адмысловых гатункаў, ні звычайных «Прымы» з «Астрай». Рэвалюцыя не рэвалюцыя, бунт падсвядомы і ў чымсьці бязлітасны. Савецкую ўладу, якая пазбавіла людзей самых простых жыццёвых радасцяў, проста ўзненавідзелі. Не ўсе, зразумела. Але актыўная частка насельніцтва, якой смяротна надакучылі кіламетровыя чэргі.

Вось і зараз народ пачаў цікавіцца палітыкай. З аб’екта медыйных маніпуляцый ператварыўся ў суб’екта палітычнага дзеяння. Гэта «жывая творчасць мас» вытварае такія незвычайныя формы пратэсту, як узгаданае вышэй пікетаванне дзяржаўнай мяжы або акцыя «Стоп-бензін». Без пасярэдніцтва палітычных партый, прафсаюзаў, грамадскіх арганізацый. Як гэта было напачатку 1990-х гадоў, калі людзі верылі, што маюць права пратэставаць. І зараз, відаць, прыпякло.

Падаецца, што ўлады не зусім разумеюць сітуацыю. Прыкладам, працягваюць татальную зачыстку палітычнай прасторы, падбіраючы апошніх актывістаў ды журналістаў. Быццам бы за абразы ўладаў, асоб і дзяржінстытуцый. Хто ж у гэта паверыць? Некалі прадстаўнікі розных дзяржаўных устаноў ды органаў кпілі з людзей, якія спрабавалі адстаяць свае правы спасылкамі на Асноўны закон краіны. Вось дзе рогат стаяў. Апаганілі і тую Канстытуцыю, і парламент, і прэзідэнта. Па закону бумеранга. Прыкладам, артыкулы Канстытуцыі, якія гарантуюць нам розныя дэмакратычныя правы і свабоды, і выкананне якіх дзяржаўнымі асобамі і ўстановамі забяспечваецца прэзідэнтам краіны.

А сёння дастаткова сказаць, што прэзідэнт — гарант нашых правоў, і можна рагатаць да слёз.

Хто ж вінаваты, што палітыка ў краіне падобная на дрэнны вадэвіль, у якім дамінуе ўсё той жа састарэлы герой-палюбоўнік? Насуперак законам жанру, яму ўжо і каханкі не патрэбныя. Усё спрабуе зрабіць сам.

Ключавыя словы — несанкцыянаваныя акцыі. Улады ад людзей чакаюць любові, а тыя садзяцца ў аўтамабілі, загружаюцца таварамі і едуць прэч з сацыяльна арыентаванай дзяржавы. Невялікія набыткі, але якія ёсць. Большых пры гэтай уладзе не было і не будзе. А есці трэба кожны дзень. Як некалі казаў слынны сацыёлаг Піцірым Сарокін, натоўп крычыць адной вялікай глоткай, але кожны есць паасобку. Калі нешта ёсць. Гэта акцыя несанкцыянаваная і неспланаваная, натуральная і таму маючая моц абсалютнага закона.

Людзі ўжо і газет не чытаюць, і тэлебачанне не глядзяць. Навошта? Усю патрэбную на дадзены момант актуальную інфармацыі даюць цэннікі ў крамах. Чытай і ўспамінай, што некалькі тыдняў таму быў чалавекам адносна заможным, а сёння стаў амаль жабраком. Каб гэта злодзей зрабіў ці рабаўнік, то можна было і ў суд падаць. Але ж гэта ўтварыў урад гаранта нашых сацыяльна-эканамічных правоў. Іншы б на яго месцы папрасіў публічнага прабачэння, што так усё атрымалася, ды паціху сышоў. Але толькі не ён.

Ужо загаманілі пра надзвычайнае становішча. Пракуратура папярэджвае грамадзян краіны пра недапушчальнасць парушэння заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Маўляў, гэта супярэчыць прынцыпам любой прававой дзяржавы. Дык чаму ж тады ў «любой прававой дзяржаве» людзі маюць магчымасць выказаць абурэнне дзеяннямі розных «гарантаў», а ў нас не? Чаму нашы праваахоўнікі глядзяць толькі ў бок грамадзян, а ў процілеглы нават зірнуць баяцца? Чаму ў нас усе мерапрыемствы толькі несанкцыянаваныя?

Адказ просты — таму што па закону ў нас дзейнічае толькі адзін чалавек. Што б ні зрабіў, усё адразу кадыфікуецца. Прыкладам, паабяцаў не дапусціць у Беларусі страйкаў ды незапланаваных акцый. Зрабіць гэта можна — ёсць розныя шляхі і падыходы. Можна дамаўляцца з прафсаюзамі ў рамках сацыяльнага партнёрства, можна праз усталяванне льгот для самых бедных слаёў насельніцтва, можна праз палітычную лібералізацыю дамагчыся крэдытаў ды распачаць рынкавыя рэформы. Можна абмеркаваць Канстытуцыю і зліквідаваць інстытут прэзідэнцтва як патэнцыйна небяспечны ў краіне з няўстойлівай дэмакратыяй.

Усё можна, спосабаў не злічыць. Але толькі не ў нас. У нас толькі «шарахнуць».

Можна сказаць абсалютна дакладна: сёння інфармацыя па краіне распаўсюджваецца з хуткасцю «сарафаннага радыё», якое дзейнічае не менш хутка і красамоўна, чым той жа інтэрнэт. Усё на гэтым свеце мае межы, а дзяржаўная прапаганда наблізілася да іх.
 

Каментаваць