Начная аблава на ўдзельнікаў пікету ў абарону жывёл

На актывістаў з руху "Экалагічны Пошуг" і "Кошт жыцця", якія бралі ўдзел у пікеце ў абарону жывёл каля Дзяржцырку 17 красавіка, ўчынілі сапраўднае паляванне прадстаўнікі сілавых структур.


Пра начную аблаву праваабаронцам паведаміў адзін з удзельнікаў пікету Вячаслаў Касінераў:

 

“На лесвіцы паверхам вышэй супрацоўнік міліцыі, за домам стаіць міліцэйскі бус, і некалькі чалавек у цывільнай вопратцы дзяжураць пад домам”.

 

Дзяўчына Яна напісала:

 

“Да мяне і да Дашы прыходзілі з РУУСа, злавілі мяне двое проста ў ліфце, а вось з Дашай размінуліся. Пыталіся пра акцыю каля цырку і прапаноўвалі падпісаць пратакол адміністратыўнага правапарушэння. Але я адмовілася. Тады яны паведамілі, што хутка выклічуць у суд, але маюць права затрымаць і да суда, калі мы не паабяцаем з’явіцца ў суд самі”.

 

17 красавіка напярэдадні цыркавога прадстаўлення актывісты руху «Экалагічны пошуг» і «Кошт жыцця» агітавалі байкатаваць цыркавое шоу з удзелам дрэсіраваных жывёл. Пікет працягваўся каля 20 хвілінаў. Неўзабаве да актывістаў «Экалагічнага пошугу» падышоў ахоўнік цырку. На месцы таксама аказаліся і людзі ў цывільнай вопратцы з відэакамерамі. Але калі прыехала машына міліцыі, удзельнікі пікету паспелі разысціся.

 

Частка ўдзельнікаў пікету была з завязанымі тварамі, але іх апазнаў супрацоўнік ГУБАЗу Ігар Луневіч, які асабіста прысутнічаў падчас акцыі. Пазней былы складзеныя пратаколы адміністратыўнага правапарушэння за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. 25 красавіка ўсіх шасцёра актывістаў выклікалі ў Партызанскі РУУС Мінска, аднак яны адмовіліся туды ісці.


spring96.org

 

Каментаваць