«Чорны мяшок на галаву — і павезлі». Прыгоды расійскага дысідэнта ў Беларусі

Як беларускія спецслужбы перадаюць людзей расійскаму ФСБ, расказвае актывіст з невялікага гораду Таропца Цвярской вобласці Уладзімір Ягораў, паведамляе "Радыё Свадода".

Ягораў падчас адзіночнага пікету ў Таропцы

Уладзімір Ягораў кажа, што з Менску яго вывезлі на беларуска-расійскую мяжу з мяшком на галаве. А ў афіцыйных дакументах напісалі, што затрымалі пры спробе перасячэння мяжы на ўласным аўтамабілі.

У кастрычніку 2016 году супраць Уладзіміра Ягорава ў Таропцы завялі крымінальную справу паводле артыкулу «Экстрэмізм». Падставай сталі яго пасты ў групе «Грамадзяне Таропца», а менавіта карцінка з выявай Уладзіміра Пуціна.

«Пачаўся ціск на мяне, на маю сям’ю. Невядомыя дом падпалілі, — расказвае Ягораў. — І я вырашыў уцячы ва Украіну. Думаў, што пасля гэтага маю сям’ю ў спакоі пакінуць. А потым я іх перавязу да сябе».

 

Падпаленая брама дома Ягорава ў Таропцы

 «Спадзяваўся перачакаць у Беларусі»

Ва Украіне расіянін атабарыўся ў Чарнігаве, спачатку жыў у хостэле, потым зняў кватэру, пачаў зарабляць рамонтам швейных машынак. Дапамагалі мясцовыя праваабаронцы.

На пачатку ліпеня 2017 году па Ягорава на месца працы прыйшла група супрацоўнікаў СБУ. На здымнай кватэры сабралі рэчы і павезлі на ўкраінска-беларускую мяжу. Па дарозе паведамілі, што ў палітычным прытулку яму адмовілі, а ўезд на тэрыторыю Украіны Ягораву цяпер забаронены на тры гады.

«Я сеў у сваю машыну, якую на мяжы пакінуў, калі ва Украіну ўцякаў. Паехаў у Мінск — што мне было рабіць? — расказвае расіянін. — Вяртацца назад у Расію не хацелася, спадзяваўся перачакаць у Беларусі, даведацца, як дзейнічаць далей, скаргі напісаць».

Прыехаўшы ў Мінск, Ягораў запаркаваў свой аўтамабіль насупраць чыгуначнага вакзалу, на вуліцы Кірава. Нейкі час жыў проста ў машыне, а калі з’яўляліся грошы, перабіраўся ў хостэл, размешчаны ў адной з прывакзальных «вежаў».

«Грошай у мяне асабліва не было. Нешта сям’я перадавала, нечым праваабаронцы дапамаглі, — расказвае Ягораў. — Жыў у Мінску, перасылаў у Кіеў дакументы, усё вырашалася паволі. Мне нават паведамілі, што СБУ супраць мяне нічога не мае».

Расіянін прызнаецца, што прадчуваў арышт. За дзень да затрымання атрымаў паведамленне ад жонкі, што ў Расіі яго падалі ў федэральны вышук.

«Я пачаў ужо збірацца ехаць дадому. ФСБ, КДБ — гэта ўсё адно. Мяжу ва Украіну я б ужо не прайшоў. Але позна было, мяне ўзялі», — расказвае Ягораў.

Незадоўга да затрымання ён паспеў расказаць пра сітуацыю беларускім праваабаронцам, аднак тыя паставіліся да інфармацыі пра федэральны вышук са скептыцызмам.

 

 «Беларусь, Расія, Украіна — гэта сапраўды тры сястры»

«У хостэл па мяне прыйшлі. Моўчкі ўзялі пад рукі, начапілі на галаву чорны мяшок і павезлі. Нічога не сказалі, не прадставіліся. Наперад — і пайшоў», — распавядае Ягораў.

З хостэлу расіяніна прывезлі ў адзін з мінскіх РУУСаў, узялі адбіткі пальцаў, аформілі за «хуліганства» і накіравалі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў.

«На выходныя. Хацелі да панядзелка пратрымаць два дні, каб у выходныя не везці, — расказвае Ягораў. — У панядзелак раніцай вывелі адтуль разам з усімі. Маўляў, на суд зараз паедзем. Усе без кайданкоў, я ў кайданках. Бо ты бандыт, кажуць. Паглядзелі мае паперы, там нічога. Канваіры самі здзівіліся. А потым за мной іншыя прыехалі. Відаць, КДБ. Зноў мяшок на галаву — і павезлі на мяжу з Расіяй ужо. Мяшок толькі ля мяжы знялі. Расслабіліся, відаць».

За мікрааўтобусам, у якім Уладзіміра Ягорава везлі на расійскую мяжу, ехаў яго ўласны аўтамабіль. Прычыну такога клопату расіянін зразумеў толькі падчас перадачы сваім «родным» супрацоўнікам ФСБ. Паводле агучанай яму легенды, на мяжу Ягораў прыехаў самастойна на сваёй машыне. Там жа быў затрыманы расійскімі праваахоўнікамі.

«Картэж цэлы быў. Машына з мігалкамі, мікрааўтобус са мной і мая машына. Як у фільмах пра шпіёнаў, толькі не абменьвалі нікога. Смешна гэта, вядома. Цяпер смешна, але тады я не смяяўся», — успамінае Ягораў.

17 лістапада Уладзіміра Ягорава адпусцілі з-пад варты пад падпіску аб нявыездзе. Дата суду за «экстрэмізм» пакуль невядомая. Ягораў разам з сям’ёй жыве ў Падмаскоўі. З Цвярской вобласці давялося з’ехаць — пагрозы ў адрас сям’і працягваліся і пасля ад’езду Ягорава ва Украіну.

«Беларусь, Украіна, Расія — гэта сапраўды тры сястры. Усё аднолькавае. І ва Украіне таксама. Людзі простыя, нармальныя, Мінск — выдатны горад. Але так у прынцыпе сістэма аднолькавая», — гаворыць Ягораў.

Праваабаронцы: «Гэта не першая такая гісторыя»

«Cітуацыю з Уладзімірам Ягоравым досыць складана пракаментаваць, бо ў нас практычна няма ніякай афіцыйнай інфармацыі ад беларускіх праваахоўнікаў, — гаворыць Яна Ганчарова, прадстаўніца праваабарончай арганізацыі Human Constanta. — Мы рабілі запыты і звароты ў шэраг органаў — МУС, КДБ. І паўсюль атрымалі альбо адпіскі аб тым, што мы не маем права атрымаць інфармацыю аб яго высылцы, альбо аб тым, што наш зварот не падлягае разгляду».

Ганчарова ўказвае на нюансы, якія выклікаюць шэраг пытанняў. «Па-першае, калі ў дачыненні да Ягорава была заведзеная крымінальная справа ў Расіі, чаму да яго не была ўжытая працэдура экстрадыцыі? Працэдура, якая мае шэраг міжнародных гарантый, не магла здарыцца за 2 дні, — гаворыць яна. — Па-другое, са слоў расійскага адваката Ягорава мы ведаем, што ў крымінальнай справе сказана, што ён быў затрыманы на мяжы Беларусі і Расеі на асабістым аўтамабілі, і нічога не гаворыцца пра арышт у Беларусі супрацоўнікамі КДБ».

Паводле праваабаронцаў, гісторыя прыгодаў Уладзіміра Ягорава не першая. Расійскіх грамадзян ужо затрымлівалі на тэрыторыі Беларусі і выправаджвалі назад у Расію з парушэннем устаноўленых працэдур.

Вядомы выпадак затрымання ў Брэсце Імрана Саламава, які падаў дакументы на атрыманне прытулку ў Беларусі. Атрымаўшы адмову, Саламаў збіраўся абскардзіць гэтае рашэнне, але ў парушэнне вызначанага тэрміну для падачы скаргі яго выдалі Расіі.

«Афіцыйныя беларускія структуры не даюць інфармацыі пра выпадкі вывазу грамадзян у Расейскую Федэрацыю, таму мы не можам сказаць, наколькі яны законныя», — сказала праваабаронца.

 

Каментаваць