Надзея Генадзя Грушавога — у Садзе яго Надзеі. І ў будучыні Беларусі

З юбілеем, Шэф! Такія словы гучалі і такія ж думкі віталі 24 ліпеняў Садзе Надзеі імя Генадзя Грушавога, у дзень, калі яму споўнілася б 65 год.



У сад каля прыходу Іконы Маці Божае Чарнобыльскай “Усіх тужлівых радасць” на вуліцы Прытыцкага ў Мінску ў пятніцу прыйшлі некалькі дзясяткаў людзей, якіх лёс звёў з гэтым цудоўным чалавекам. Але тут не было тужлівасці. Не было хаўтураў. Тыя, хто прыйшлі, адзначалі юбілей свайго сябра і лідара, з усімі атрыбутамі менавіта Дня нараджэння.

Сад надзеі — гэта нейкая непаўторная рэч. Тут больш за 15 гадоў таму  актывісткі Беларускага дабрачыннага фонду “Дзецям Чарнобыля” разам з аднадумцамі высадзілі пладовыя дрэвы — яблыні і грушы, а таксама сакуры, іншыя расліны, каб прадэманстраваць, што жыццё ідзе, што яно дае свае плады пад агульным назовам “Надзея”. Надзея на выратаванне ад наступстваў жахлівай тэхнагеннай трагедыі ў гісторыі чалавецтва, якая надарылася на Чарнобыльскай АЭС 26 красавіка 1986 года.

Надзея на выратаванне ад духоўнага Чарнобыля.   

Генадзь Грушавы быў адным з першых, хто зразумеў, што будзе з беларускай нацыяй праз некалькі дзесяцігоддзяў.Таму і стварыў фонд, які праз літаральна пару гадоў займеў сусветную вядомасць. У той момант людзі, што далучыліся да Грушавога, яшчэ не разумелі сапраўдную місіянернасць гэтай арганізацыі. Для Грушавога і ягоных паплечнікаў галоўнае было — дапамагчы канкрэтнаму чалавеку.І такіх канкрэтных людзей апынулася больш за мільён, калі лічыць не толькі накіраваных на аздараўленне дзетак з атручаных “мірным атамам” рэгіёнаў Беларусі, але і тых, хто атрымаў сотні тысяч (калі не мільёны) тон гуманітарнай дамамогі ад “варожага” Захаду.

Сыход Генадзя Грушавога з жыцця ад лейкеміі быў нібыта сімвалам. Сімвалам супрацьстаяння чарнобыльскай навале. Фізічнай і духоўнай. Менавіта таму многія і многія тысячы людзей будуць успамінаць гэтага дабрачынцу, гэтага сапраўднага Чалавека. 

Але хопіць пра сумнае.

У Сад Надзеі паплечнікі Грушавога — фондаўцы, а таксама блізкія Генадзя Ўладзіміравіча сабраліся нібыта на пікінк. Неслі з сабою прысмакі, садавіну, печыва. Дзякуй Богу, атрымалася сапраўднае свята. Было адчуванне таго, што Генадзь Грушавы быў разам з прысутнымі ўвесь час. Ды і надвор’е паспрыяла таму, што не было адчування сумоты і разгубленасці. Нібы сваёю рукою з Нябёсаў працэсам зноў кіраваў Шэф. І ўсміхаўся жартам, успамінам сваіх сяброў. Напрыклад, журналіста Яўгена Агурцова, які распавёў адну са шматлікіх гісторыяў, звязаных з Грушавым. 

“Аднойчы я, Лёня Міндлін і Гена Грушавы сядзелі ў бары і пілі каву ды разважалі наконт таго, як трэба хадзіць у госці — ці варта насіць зрэзаныя кветкі або варта абысціся нейкім іншым чынам. Лёня распавёў, што аднойчы ён прынёс сваёй дзяўчыне ананас, упрыгожаны кветачкамі, малюнкамі і чымсьці яшчэ, і мы сышліся на  тым, што ў госці варта хадзіць з шампанскім і ананасам. Лёня, даставай!”, — сказаў Агурцоў. Пасля чаго абодва дасталі з пакункаў ананас ды шампанскае і паставілі іх ля камля “грушы Грушавога”.

Так што атмасфера была сапраўды святочная. Прысутныя разглядалі альбомы з фотаздымкамі ажно дваццацігадовай (ці нават больш) даўніны.  І ўзгадвалі сваё жыццё, хоць нейкім чынам звязанае з БДФ “Дзецям Чарнобыля” ці проста з Генадзем Грушавым. А такіх людзей — багата. Гэта і дачка класіка беларускай літаратуры Алеся Адамовіча Наталля Адамовіч, слынны фатограф Яўген Коктыш, суддзя першага складу Канстутуцыйнага суда незалежнай Беларусі Міхаіл Пастухоў, жуналісты Раман Якаўлеўскі, Аляксандр Тамковіч, а таксама тыя фондаўцы, якія амаль усе гады былі побач з генадзем Грушавым у час існавання гэтай выбітнай дабрачыннай арганізацыі. 

Было шампанскае, якім адорваў прысутных сын Генадзя Уладзіміравіча Максім, а людзі ўздымалі келіхі за тое, каб беларусы не забываліся на тую вяліку справу, якую рабіў Генадзь Грушавы, і працягвалі яе. Мяркую, што Шэф, які, напэўна, быў побач, застаўся задаволены сваім юбілеем.

Помнім. Любім.

Каментаваць