Нафта ў абмен на Крым

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што Украіна павінна быць адзінай і непадзельнай. Але даволі нечакана яго рыторыка змянілася. Адначасова заяўляючы, што Украіна павінна быць цэласнай дзяржавай, Аляксандр Рыгоравіч заявіў, што «Крым сёння — дэ-факта частка тэрыторыі Расійскай Федэрацыі».



Між тым, беларускі правадыр зрабіў такую заяву з шэрагам выдатных агаворак. Паводле ягоных слоў, «Крым не з’яўляецца незалежнай дзяржавай». Крым — дэ-факта частка Расіі, і «можна прызнаваць гэта, не прызнаваць, але ад гэтага нічога не зменіцца».

Лукашэнка таксама заявіў, што ад Беларусі «ніхто і не патрабуе: давайце прызнавайце Крым, падтрымлівайце расійцаў там ці не прызнавайце, не падтрымлівайце, выступайце супраць Расіі». «Таму прызнаем ці не прызнаем, думаю, сітуацыя будзе развівацца дэ-факта. Ці будзе Крым прызнавацца як рэгіён Расійскай Федэрацыі, гэта ўжо не важна. Бо Расію ўсе прызнаюць. Таму ад нас гэтага ніхто не патрабуе, мы ў гэтыя нетры абсалютна не залазім, а падабаецца ці не, я вам толькі што сказаў», — заявіў беларускі кіраўнік.

Але ў той жа прамове Аляксандр Лукашэнка дзіўна выказаў і іншую пазіцыю: «Украіна павінна застацца адзінай непадзельнай, цэласнай, пазаблокавай дзяржавай. Гэта наш інтарэс, глабальная наша цікавасць! Таму трэба дамовіцца. Далей ва Украіну ніхто не мае права лезці. Трэба дапамагчы Украіне разабрацца з гэтымі праблемамі».

То бок, з аднаго боку, Аляксандр Лукашэнка прызнаў, што Крым — расійскі, а з іншага — зноў выступіў за цэласнасць і адзінства Украіны, і супраць знешняга ўмяшання ў яе справы.

Канешне, Аляксандру Лукашэнку не хочацца псаваць адносіны ні з Украінай, ні з Расіяй. Але пазіцыя «мая хата з краю» не вельмі ўдалая для кіраўніка дзяржавы, бо «хаты з краю» звычайна хораша згараюць. І Аляксандр Рыгоравіч гэта разумее. З іншага боку, Лукашэнка таксама сочыць за навінамі, і калі ўжо ва Украіне вырашылі, што трэба (можа, часова) «здаць» Крым Расіі, то тут ужо ніяк не адкруцішся.

Палітолаг Валер Карбалевіч адзначае, што пазіцыя Аляксандра Лукашэнкі ў гэтым пытанні не ўнікальная. Калі раней можна было гуляць «у абодва бакі», прытрымліваючыся нейтралітэту, тады гуляліся, а зараз гэта атрымліваецца кепска.

На ягоную думку, на пазіцыю Лукашэнкі паўплывалі як унутраныя, так і знешнія фактары. З аднаго боку, зараз вырашаецца пытанне выдачы Беларусі чарговага крэдыту, без якога краіна не пражыве. З іншага — на погляд палітолага, настроі ў беларускім грамадстве сфармаваныя ўплывам расійскага тэлебачання. І сам Аляксандр Рыгоравіч, дарэчы, не стаў выключэннем, і ягонае абгрунтаванне сваёй пазіцыі па Украіне 23 сакавіка паўтарае трактоўку расійскіх тэлеканалаў. “Я думаю, нават тое, што Украіна адклікала свайго амбасадара для кансультацый, выкліканае не заявай Лукашэнкі пра Крым, а тым, што ягоная інтэрпрэтацыя падзеяў ва Украіне мала адрознівалася ад інтэрпрэтацыі расійскіх СМІ», — сказаў Карбалевіч.

Што тычыцца знешніх фактараў, то канфлікт у Крыме апошнім часам становіцца не ўкраінска-расійскім, а канфліктам Крамля і Захаду. «Лукашэнка апынаецца ў звыклай для яго сітуацыі «вайны з Захадам», у якой ён падтрымлівае Расію па зразумелай схеме. Ён увесь час спрабаваў трансфармаваць украінска-расійскі канфлікт у канфлікт Расіі з Захадам. Тое ж размяшчэнне расійскіх знішчальнікаў на нашай тэрыторыі ён тлумачыў не ўкраінскімі падзеямі, а супрацьвагай NАТO», — падкрэслівае Карбалевіч.

Ёсць і яшчэ адзін момант, які варта адзначыць. За два дні да таго, як Аляксандр Рыгоравіч выступіў са сваім спічам, начальнік галоўнага ўпраўлення знешняй эканамічнай палітыкі Мінэканомікі Беларусі Раман Бродаў на прэс-канферэнцыі агучыў сенсацыю, якую мала хто заўважыў. Ён паведаміў, што Мінэканомікі Беларусі лічыць «вырашаным» пытанне пошлінаў на нафту і нафтапрадукты ў межах маючага адбыцца Еўразійскага эканамічнага саюза. «Мы разумеем чаканні Расіі для дасягнення гэтай мэты і разумеем, якія крокі нам трэба для гэтага зрабіць, каб гэтая мэта была зафіксавана ў дагаворы (аб стварэнні ЕАЭС). Але, у любым выпадку, беларускі бок лічыць гэтае пытанне вырашаным», — заявіў Бродаў. Зразумела ж, жаданне беларускага боку і тое, што прадугледжвае дамова аб ЕАЭС, — пазбаўленне ўсіх пошлінаў і абмежаванняў, у тым ліку, на нафту.

Валер Карбалевіч не выключыў, што гэтая тэма гучала ў тэлефонных размовах Лукашэнкі і Пуціна, і, можа быць, Лукашэнка змяніў сваю пазіцыю ў абмен на бяспошлінную нафту, то бок, на дадатковыя 3–4 мільярды долараў у год.

А калі раптам Пуцін не выканае такой дамовы, калі яна, канешне, была? На гэта Аляксандр Рыгоравіч зрабіў яшчэ адну цікавую агаворку. Адказваючы на пытанні пра Крым і Украіну, ён адразу папярэдзіў: «Я кажу гэта як звычайны чалавек, як грамадзянін. Пра чалавека-палітыка выкажуся пазней».

Канешне, калі Лукашэнка возьме свае словы назад, лічыць Карбалвевіч, гэта будзе несур’ёзна, бо ўсе ўжо звыклі, што для кіраўніка Беларусі «дзяржава — гэта я». А значыць, словы Лукашэнкі — афіцыйная пазіцыя дзяржавы. Але таксама ўсе звыклі, што Лукашэнка гаспадар свайго слова — сам даў, сам назад забраў. І ўсё калісьці адбываецца ў першы раз.

Каментаваць