Найджэл Гулд-Дэвіс: кантраст паміж іміджам Беларусі і рэальнасцю ашаламляе

Надзвычайны і паўнамоцны пасол Вялікабрытаніі ў Беларусі Найджэл Гулд-Дэвіс пакінуў нашу краіну ў сувязі з завяршэннем сваёй дыпламатычнай місіі. Літаральна за некалькі гадзін да адлёту, на прэс-канферэнцыі ён прызнаўся журналістам, што не хоча адсюль з’язджаць, а ранейшае сваё рашэнне пра абмежаванне тэрміну працы ў Беларусі толькі двума гадамі назваў «самай вялікай прафесійнай памылкай».



Надзвычайны і паўнамоцны пасол Вялікабрытаніі ў Беларусі Найджэл Гулд-Дэвіс пакінуў нашу краіну ў сувязі з завяршэннем сваёй дыпламатычнай місіі. Літаральна за некалькі гадзін да адлёту, на прэс-канферэнцыі ён прызнаўся журналістам, што не хоча адсюль з’язджаць, а ранейшае сваё рашэнне пра абмежаванне тэрміну працы ў Беларусі толькі двума гадамі назваў «самай вялікай прафесійнай памылкай».

Найперш яго ўразілі беларусы сваёй «прыстойнасцю, спакойнай годнасцю, павагай, з якой людзі ставяцца адзін да аднаго». «Калі я сустракаюся з замежнікамі, якія першы раз прыехалі сюды, адно з першых іх уражанняў — якая прыгожая краіна, якія цудоўны горад і, самае галоўнае, якія дзіўныя, унікальныя людзі. Атрымліваецца, што мы, замежнікі, уражаныя ашаламляльным кантрастам паміж іміджам і рэальнасцю ў Беларусі», — падкрэсліў дыпламат.

Акрамя цудоўных людзей, дыпламата прываблівае і той факт, што праца цяпер, пасля паляпшэння адносінаў з ЕС, больш цікавай. «Мы здзейснілі своеасаблівы прарыў, і гэта вымагала значных высілкаў. Цяпер ёсць разуменне, што прагрэс магчымы. Гэтага разумення раней не было», — адз­начыў спадар Гулд-Дэвіс.

Аднак, паводле яго слоў, «у Еўрасаюза цяпер ёсць некаторая занепакоенасць з-за таго, што ў апошні час не бачны прагрэс у Беларусі, які быў раней. Беларусь зрабіла летась вызначаныя крокі для наладжвання адносін з ЕС. Мы спадзяёмся на працяг, таму што гэта будзе карысна для Беларусі. У цэлым Еўрасаюз спадзяецца на з’яўленне пастаяннай пазітыўнай дынамікі».

Гулд-Дэвіс нагадаў, што ў лістападзе Еўрасаюз і ЗША будуць разглядаць пытанне аб санкцыях у дачыненні Беларусі. «Калі Беларусь зацікаўленая ў пазітыўным рашэнні, то было б карысна рабіць тое, што трэба», — заўважыў ён. Пазіцыя ЕС адносна пераменаў у Беларусі была агучаная раней і застаецца нязменнай: рэформа выбарчага заканадаўства, забеспячэнне свабодаў і роўных умоў для дзейнасці СМІ і грамадзянскай супольнасці.

Уключэнне Беларусі ў праграму «Усходняе партнёрства», па словах дыпламата, сведчыць пра гатоўнасць Еўрасаюза да далейшага супрацоўніцтва.

Разам з тым спадар Найджэл Гулд-Дэвіс звярнуў увагу журналістаў, што Еўрасаюз не вядзе з Расіяй барацьбу за ўключэнне Беларусі ў сваю сферу ўплыву: «Гэта хібны і шкодны спосаб мыслення. Еўрасаюз — гэта інстытут XXI стагоддзя, а не дзяржава XIX стагоддзя. ЕС запрашае і прапаноўвае, але не пагражае і не прымушае. Мы былі б рады бачыць, што ў Беларусі складваюцца выдатныя адносіны як з дзяржавамі ЕС, так і з іншымі краінамі. Мы не лічым, што гэтыя рэчы выключаюць адна адну».

* * *

Новы Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі прыедзе ў Беларусь у сярэдзіне верасня. Місію Вялікабрытаніі ў Беларусі ўзначаліць Размары Томас. Раней яна працавала ў аддзеле Foreign-офіса, які спецыялізаваўся на краінах постсавецкай прасторы. Размары Томас з’яўляецца кар’ерным дыпламатам і працуе ў МЗС Вялікабрытаніі ад 1991 года.

Каментаваць