Найноўшую гісторыю ў асобах прэзентавалі ў Мінску

Ужо дваццатую сваю кнігу прэзентаваў увечары 19 лістапада вядомы беларускі журналіст і публіцыст Аляксандр Тамковіч. На вечарыну ў сталічную ''Галерэю Ў'' прыйшлі дзясяткі людзей — героі юбілейнай кнігі ''Найноўшая гісторыя ў асобах'' — вядомыя палітыкі, былыя палітзняволеныя, пісьменнікі, мастакі, навукоўцы, а таксама прадстаўнікі замежных пасольстваў, журналісты і простыя грамадзяне.



У перапоўненай зале можна было ўбачыць акадэміка Радзіма Гарэцкага і паэта Генадзя Бураўкіна, мастакоў Аляксея Марачкіна, Алеся Пушкіна і Алеся Шатэрніка, пісьменніка Уладзіміра Арлова, а таксама лідэраў многіх дэмакратычных партыяў і арганізацыяў ''трэцяга сектара'', праваабаронцаў.

Вялі імпрэзу народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка і журналіст Валер Каліноўскі, якія першымі павіншавалі Аляксандра Тамковіча з выхадам новай кнігі, а таксама з нядаўнім юбілеем (9 лістапада яму споўнілася 50 гадоў).

У новым выданні сабраныя палітычныя нарысы пра сто вядомых як у Беларусі, так і за яе межамі асобаў, якія цягам апошніх двух дзесяцігоддзяў мелі наўпроставае дачыненне да найноўшай гісторыі нашай краіны. Сам аўтар на пачатку вечарыны зрабіў так бы мовіць невялічкую справаздачу. Так, гэта ўжо дваццатая кніжка Аляксандра, усяго ва ўсіх кнігах выкарыстаныя 1148 фотаздымкаў, выданні маюць агулам 3872 старонкі, а іх героямі з’яўляюцца 465 чалавек.

Рэдактарам гэтага выдання быў галоўны рэдактар ''Новага часу'' Аляксей Кароль, якога сам аўтар назваў ініцыятарам стварэння ''гісторыі ў асобах''. Дарэчы, па прызнанні Аляксандра Тамковіча, пераважная большасць артыкулаў, якія ўвайшлі ў ягоныя кнігі, раней ужо з’яўляліся на старонках ''НЧ'', а таксама газеты ''Свободные новости Плюс''.

Асаблівую падзяку за аказаную інфармацыйную падтрымку пры падрыхтоўцы кнігі аўтар выказаў Міжнароднаму кансорцыюму ''ЕўраБеларусь'', а за дапамогу архіўнымі матэр’яламі — Незалежнаму інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных даследванняў.

Сярод тых, хто ў сваіх выступах вельмі станоўча ацаніў тытанічную працу Аляксандра Тамковіча, былі паэт Уладзімір Някляеў і адзін з лідараў беларускай Нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства Улад Вялічка, журналіст Аляксандр Уліцёнак і рэжысёр Юры Хашчавацкі, паэт Генадзь Бураўкін і акадэмік Радзім Гарэцкі, пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў, мастак Алесь Шатэрнік, а таксама філосаф Уладзімір Мацкевіч, старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч, літаратар і выдавец Алесь Усеня. Музычныя віншаванні Аляксандру Тамковічу прэзентавалі бард Эдуард Акулін, паэт Андрэй Хадановіч і палітык Аляксандр Дабравольскі, якія выканалі некалькі песень пад гітару.

Усе жадаючыя змаглі атрымаць амаль сямісотстаронкавую кнігу з аўтографам аўтара. У наступным годзе, па словах Тамковіча, гэтае выданне мае з’явіцца і ў англамоўным варыянце.

Каментаваць