Накладзены арышт на дом бабруйчанкі Валянціны Каваленка

Накладзены арышт на дом жыхаркі Бабруйска Валянціны Каваленка. Пра гэта гаворыцца ў пастанове ад 4 жніўня, што падпісала судовы выканаўца аддзелу прымусовага выканання Бабруйскага раёну і гораду Бабруйск Вольга Азоўцава.

Валянціна Каваленка (другая злева) падчас пікету 31 сакавіка на плошчы Свабоды ў Мінску.

Валянціна Каваленка (другая злева) падчас пікету 31 сакавіка на плошчы Свабоды ў Мінску.



Сваю пастанову яна матывавала тым, што Валянціна Каваленка не аплаціла адміністрацыйны штраф у суме 420 рублёў.

У каментары НЧ спадарыня Валянціна распавяла, што 8 жніўня яе выклікалі ў аддзел прымусовага выканання і ўручылі пастанову аб накладанні спагнання. Разам з тым, грамадская актывістка адмовілася ўпускаць у сваю хату судовых выканаўцаў для агляду маёмасці. Валянціна Каваленка будзе абскарджваць дзеянні Вольгі Азоўцавай ва ўпраўленні прымусовага выканання галоўнага ўпраўлення юстыцыі Магілёўскага аблвыканкаму.

Нагадаем, што 31 сакавіка на сталічнай плошчы Свабоды 15 актывістаў Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры — пенсіянеры і інваліды з розных рэгіёнаў краіны — правялі несанкцыянаваны пікет, каб дамагчыся дыялогу з чыноўнікамі, якія даюць адпіскі на звароты грамадзянаў. Падчас пікетавання людзі сталага веку трымалі плакаты: “Гульні ў дэмакратыю скончыліся з намі 11 кастрычніка”, “Патрабуем ад чыноўніцтва выканання Канстытуцыі краіны!”, “Чыноўнікі і дэпутаты схаваліся ад народа за плотам адпісак”.

А 22 красавіка суддзя суда Цэнтральнага раёна горада Мінска Валер Есьман аштрафаваў Валянціну Каваленку на 20 базавых велічынь (420 рублёў) за ўдзел у несанкцыянаваным пікетаванні.

Трэба мець на ўвазе, што накладзены арышт на кватэру яшчэ адной актывісткі Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры — юрысткі  Тамары Сяргей, якую за ўдзел і арганізацыю пікетавання на плошчы Свабоды 31 сакавіка суддзя суда Цэнтральнага раёна Мінска Вікторыя Шабуня аштрафавала на 40 базавых велічынь (840 рублёў).

На думку праваабаронцы, прымяненне такой санкцыі, як арышт маёмасці, сведчыць, што ўлады імкнуцца як мага мацней запалохаць тых, хто не скараецца перад беззаконнем з боку чыноўніцтва. “Прычым праз нас імкнуцца запужаць і астатніх”, — падкрэсліла юрыстка.








Абмеркаванне:

  • КВМ
  • 2016-08-10 17:47:49
Я считаю, что так оперативно работают чиновники Администрации Президента. Я также считаю, что у чиновников суда и прокуратуры, самостоятельно не хватит смелости так открыто нарушать Закон Республики Беларусь.

Каментаваць