Наколькі беларусы еўрапейцы

Інтэрнэт — гэта не толькі забаўка. У сеціве існуюць даволі сур’ёзныя праекты, якія дазваляюць высветліць настроі глабальнага грамадства. Адзін з іх — даследаванне «Generation What?»


Інтэрактыўны праект-апытанне «Generation What?» стартаваў у Францыі ў 2013 годзе. Тады ў даследаванні паўдзельнічала каля за 250 тысяч французаў, якія адказалі прыкладна на 140 разнастайных пытанняў, што тычыліся сям’і, кар’еры, палітыкі, тэхналогіяў, рэлігіі, сэксу, грошай і іншага.

У 2016 годзе стваральнікі вырашылі працягнуць апытанне, цяпер ужо па ўсёй Еўропе, у тым ліку і ў Беларусі. На дадзены момант у апытанні паўдзельнічалі 880 000 еўрапейцаў, сярод іх больш за 15 000 беларусаў. Вось некалькі цікавых фактаў пра «пакаленне 18–34».

Наколькі ж беларусы — еўрапейцы? Ці сапраўды іх хвалю­юць тыя ж пытанні, што і жыхароў Старога кантыненту?

Чатыры самыя важныя праблемы, якія турбуюць еўрапейцаў, нібыта, агульныя: гэта праца, навакольнае асяроддзе, адукацыя і жытло. Ці такія ж праблемы ў беларусаў?


Адукаваныя невукі

Як і ўся Еўропа, беларусы лічаць сваю сістэму адукацыі хібнай. З тым, што сістэма адукацыі эфектыўна рыхтуе студэнтаў для рынку працы, не згодныя 83% жыхароў нашай краіны. Сярод 30 дзяржаў Еўропы сваёй сістэмай адукацыі задаволеныя толькі скандынавы (Швецыя, Нарвегія, Фінляндыя і прылеглая да іх Эстонія) ды Нідэрланды, Швейцарыя, і, як ні дзіўна, Венгрыя.

Аднак толькі 57% нашых грамадзянаў лічыць, што дзяржава павінна аплачваць навучанне студэнтаў. Аналагічна, у межах 57–61%, думаюць і ўсходнееўрапейскія сябры ЕС — Польшча, Балгарыя, Літва, Румынія. А вось старыя «капіталістычныя зубры», як Германія, Італія, Іспанія, Швейцарыя, Нарвегія — тыя на 70% і больш лічаць, што студэнтамі павінна апекавацца дзяржава.

Прычым, чым больш дзяржава дэкларуе сваю «сацыяльнасць», тым гаротней там студыёзусы. Напрыклад, у Францыя з яе сацыялістычным урадам толькі на 67% гатовая ўтрымліваць студэнтаў. А вось Германія гатовая навучаць спецыялістаў за дзяржаўны кошт на 81%.




Няма шчасця без працы

Ці можна быць шчаслівым без працы? «Шчаслівымі і беспрацоўнымі» могуць быць 46% беларусаў і 30% немцаў. Увогуле па Еўропе лічба людзей, якія маглі б быць без працы шчаслівыя, вагаецца ў сярэдніх межах 30–35% у залежнасці ад краіны.

А вось у Грэцыі людзі адчулі важнасць працоўных адносінаў, і там шчаслівымі без працы сябе могуць адчуць толькі 16% апытаных.

Невядома, ці сапраўды на гэта паўплываў крызіс. Бо недалёка ад грэкаў сышла адносна шчасная Аўстрыя — там 23% могуць быць беспрацоўнымі і шчаслівымі. А 46% беларускіх карэлююцца з працавітымі фінамі, дзе каштоўнасць наяўнасці працы адчувае толькі 51%, а маглі б быць шчаслівымі і без яе — 49%.

Прычым цалкам ці часткова рэалізуюцца на сваёй працы толькі 19% беларусаў. У гэтым мы падобныя на балгараў з тымі ж 19%. А ў сярэднім па Еўропе толькі 38% лічаць, што яны на працы самарэалізуюцца.

Цікава, што 54% беларусаў не могуць быць шчаслівыя без працы, але ў той жа час 53% нашых суайчыннікаў лічаць працу выключна сродкам зарабіць грошы. І толькі 47% — сродкам самарэалізацыі, што падобна на колькасць тых, хто можа быць шчаслівы і без працы.

Такое ж стаўленне да працы — як да сродку атрымання грошай, — у найбольш развітых краінах Еўропы. «Працу як самарэалізацыю» найбольш пазначылі ў анкеце жыхары краін, якіх адчувальна закрануў эканамічны крызіс: Грэцыя, Партугалія, Іспанія, Італія. Выключэннем з гэтага шэрагу з’яўляюцца хіба толькі Данія і Нідэрланды.

Уся Еўропа лічыць, што іх на працы паважаюць. І толькі ірландцы адчуваюць на працы шчасце.


З мілым рай і ў шалашы

Уласнае жытло — гэта прыярытэт для ўсіх. Але навошта яно? Тут інтарэсы беларусаў і еўрапейцаў значна адрозніваюцца.

Для большасці еўрапейцаў уласны кут — гэта адзнака даросласці. Быць дарослым — азначае жыць асобна ад бацькоў (так лічыць 64% еўрапейцаў) і стаць ад іх фінансава незалежнымі (23%).

Для беларусаў жа ўласная хата і фінансавая незалежнасць ад бацькоў — зусім не прыкмета сталення. Нават наяўнасць сям’і яшчэ не азначае, што чалавек ужо дарослы. 65% беларусаў лічаць, што знак даросласці — гэта «сталасць і адказнасць». Наконт фінансавай незалежнасці жыхары нашай краіны з еўрапейцамі згодныя — гэты паказчык абралі 26%. У той час, як «жыць асобна ад бацькоў» як знак сталасці ўспрымаюць толькі 4% беларусаў.

То бок, можна жыць разам з бацькамі, але быць ад іх фінансава незалежнымі.

Еўрапейцы, між іншым, слаба ўспрымаюць сваю «ста­ласць і адказнасць»: на пытанне пра прыкметы даросласці выбралі гэты адказ толькі 2% жыхароў ЕС.

Але такое стаўленне да сталення — гэта, хутчэй, ідэал. 35% еўрапейцаў гатовыя жыць з бацькамі да таго часу, пакуль яны цвёрда не ўстануць на ногі — скончаць навучанне і атрымаюць працу. На тое ж згодныя 49% беларусаў. У той жа час 48% жыхароў нашай краіны лічаць, што сыходзіць з бацькоўскага дому трэба раней (так мяркуюць 57% еўрапейцаў).

Варта паглядзець і на тое, што і еўрапейцы, і беларусы лічаць поспехам у жыцці. Гэта не кватэра, не фінансавая незалежнасць, не наяўнасць працы і гэтак далей. Гэта такое абстрактнае паняцце, як шчасце, якое, зразумела, у кожнага сваё.

Адказваючы на пытанне, што яны лічаць поспехам у жыцці, 60% еўрапейцаў зазначылі — «быць шчаслівым». У беларусаў гэты паказчык нават вышэй — 68%.

І толькі для харватаў поспех у жыцці — сям’я. Дзеля яе можна ахвяраваць нават асабістым шчасцем, якое толькі 35% лічаць за жыццёвы поспех.

На сайце Generation-what.eu вы можаце прыняць удзел у апытанні, а таксама паглядзець усе вынікі.



Каментаваць