Налібоцкая пушча пад пагрозай свінакомплексу

Свінакомплекс на 110 тысяч галоў, які будуе каля вёскі Даўгулёўшчына Валожынскага раёна СТАА «Данпрод», ёсць вялікай праблемай, якая можа прывесці да агульнанацыянальнай экалагічнай катастрофы.



Эколагі забілі ў званы: нядбайнае праектаванне і ігнараванне некаторых нормаў могуць ператварыць частку Налібоцкай пушчы, да якой далучаецца гэты свінакомплекс, у «мёртвую зону».

Па-першае, будаўніцтва свінакомплексу пачалося без адпаведных дакументаў і экспертыз. Па-другое, у мясцовых ніхто не запытаў, ці патрэбнае ім новае жывёлагадоўчае прадпрыемства пад бокам. Па-трэцяе, эколагі і праектанты комплексу разышліся ў магчымых аб’ёмах выкідаў гною з комплексу. А гной — гэта калій, фосфар і натрый, якімі лёгка забрудзіць грунтовыя воды. Па-чацвёртае, гэтыя грунтовыя воды знаходзяцца ў «кароне Іслачы», то бок, з’яўляюцца водаўтваральнымі басейна Нёмана. І гэтак далей, далей, далей.

Для таго, каб журналісты самі маглі на свае вочы пабачыць аб’ект, прадзюсар Віталь Супрановіч наладзіў ім вандроўку ў зону будаўніцтва СТАА «Данпрод». Шчыра кажучы, у яго быў і свой інтарэс: непадалёк ад гэтага аб’екта ў яго хутар. А таму Супрановіч хоча, каб там было ўсё чыста і бяспечна.

Такім чынам група журналістаў апынулася ў Валожыне.

СВК «Пяршаі»: афрыканская чума побач

Інжынер-гідратэхнік з Валожына Георгій Каржанеўскі, які сустрэў дэсант журналістаў у Валожыне, найперш захацеў паказаць нам цудатворную крыніцу, да якой раней хадзіў народ. Хадзіў да тае пары, пакуль падчас будаўніцтва яе не знішчылі. Па шляху да крыніцы ён дэманструе нам жудасныя кадры, знятыя ім за пару тыдняў да нашага прыезду: па рацэ Дараўлянцы плывуць трупы свінак. Гэткім чынам, паводле яго слоў, СВК «Пяршаі» збаўляецца ад памерлых жывёл.

СВК «Пяршаі»

Шлях да памерлай крыніцы ляжыць якраз каля будынку СВК. Аднак дарогу нам перагароджвае шлагбаум. Пільная ахоўніца кажа нам, што на тэрыторыі — каранцін, і нікога блізка да прадпрыемства не падпускаюць.

Хутка прыязджае галоўны ветэрынарны ўрач СВК Віктар Радзвіловіч. Ён тлумачыць: каля СВК «Пяршаі» зона закрытая праз афрыканскую чуму свіней. «У нас пакуль чумы няма, але побач ходзіць. Іўеўскі раён, Стаўбцоўскі», — кажа ўрач.

Ён тлумачыць, што афрыканская чума — гэта захворванне, вельмі небяспечнае менавіта для свіней. «Птушка, карова, авечка, чалавек, які есць мяса, — яны самі не хварэюць, яны носьбіты гэтай хваробы. Есці мяса свіней яны могуць, небяспекі гэта не ўяўляе. Але разнесці чуму могуць, і свінні ад яе паміраюць павальна», — кажа ён. Таму, калі чума ходзіць побач, на ўсіх свінагадоўчых прадпрыемствах уводзіцца каранцін, а ў прыватных гаспадарках забіваюць свіней, каб гэтая зараза не перадавалася.

Так журналісты, пэўна, першыя атрымалі пацверджанне таго, эпідэмія афрыканскай чумы свіней у Беларусі ёсць. Пра маштабы эпідэміі пачалі казаць толькі праз тыдзень нашага візіту.

Георгій Каржанеўскі: «Не толькі цуда-крыніца пацярпела ад будаўніцтва. У некалькіх вёсках і бліжэйшых рэчках пачала знікаць вада — спусцелі калодзежы». Паводле ягонага меркавання, пры бурэнні свідравін для будаўніцтва свінакомплекса СТАА «Данпрод» недзе перабілі ваданосную жылу.

«Данпрод»

Комплекс «Данпрод» сустракае нас вялікай будоўляй. Што дзіва, ніхто нас з яе не гоніць і здымаць не забараняе. Наадварот, будаўнікі вельмі прыязна ставяцца да журналістаў. Намі нават выдзяляюць «правадніка» — прараба, які імя называць не хоча, але з задавальненнем паказвае нам будучую вытворчасць і расказвае, як яно будзе функцыянаваць.

Пашпарт аб’екта «Данпрод»

У комплексе — 17 вялізных ангараў. «Мы будуем зараз першыя пяць. Тут адны і тыя ж праекціроўшчыкі. Наш комплекс — як «Белдан» пад Баранавічамі, толькі ў два разы большы: там 8 будынкаў, тут 17. Для кожнага будынку — свае функцыі: ёсць цэхі пад маладняк, цэхі апаросу, цэхі гадоўлі. Гэта дацкая тэхналогія. Частку будаўнічых матэрыялаў мы атрымліваем з Даніі. Мы будуем ангары для маладняку», — кажа наш павадыр.

У кожным ангары ён паказвае нішу, зачыненую кратамі — туды будуць змывацца адкіды жыццядзейнасці свінак. Кожная з нішаў мае два люкі, якія будуць адкрывацца, і праз іх гной трапляе ў трубы. Пасля ідзе ачыстка на цвёрдую і вадкую фракцыі. Цвёрдая складуецца ў адмысловым памяшканні на тэрыторыі прадпрыемства, вадкая ідзе ў лагуны.

Праблема лагунаў

Удосталь паразмаўляўшы на будаўнічай пляцоўцы, едзем далей — у тыя лагуны, куды будуць злівацца свіныя ўгнаенні. Зараз там працуе тэхніка: на нашых вачах бульдозер расчышчае адзін з чатырох катлаванаў.

Лагуны — кар’еры-катлаваны пад адкрытым небам. Па словах Георгія Каржанеўскага, ніякім чынам бетанавацца або неяк умацоўвацца яны не будуць. «Гэта проста яміны, якія потым будуць засланыя плёнкай, і сюды будуць зліваць гной. Тут ён будзе пэўны час адстойвацца, брадзіць, потым яго будуць вывозіць і раскідваць па палях», — тлумачыць ён. Лагуны чамусьці разлічаныя на аб’ём у 80 тысяч кубаметраў на год. Адкідаў жа будзе больш за 300 тысяч тон. Праекціроўшчыкі памыліліся разы ў чатыры. Лішак угнаенняў прывядзе да немінучага засалення грунтовых водаў.

«Усё нармальна, мама»

Андрэй Працько

Андрэй Працько лічыць усе жудасці прадпрыемства надуманымі. «Што тычыцца адкідаў, то ў кожным памяшканні ёсць латкі, адкіды з іх транспартуюцца праз сістэму трубаправодаў да насосу, насос далей адпраўляе іх на станцыю сепарацыі. Там гной падзяляецца на цвёрдую і вадкую фракцыі, цвёрдая частка будзе складавацца ў памяшканні, а вадкая — транспартуецца ў лагуны. У лагунах пэўны час гной будзе адстойвацца і вывозіцца на палі ў якасці ўгнаення», — распавядае Працько.

На пытанне пра тое, што аб’ём лагунаў, мякка кажучы, не суадносіцца з падлічанай эколагамі колькасцю гною, які будуць даваць свінні, то Андрэй Працько кажа: «У нас ёсць праект, калі ў вас ёсць пытанні па аб’ёме лагунаў — звяртайцеся да праектантаў. Гэта яны распрацоўвалі, і пэўна, ведаюць, што зрабілі. Я ж не сам гэта праектаваў».

Біягазу не будзе

Улічваючы, што комплекс «Данпроду» будзе самым буйным комплексам свінагадоўлі ў Беларусі, эколагі прапаноўвалі паставіць на ім біягазавую ўстаноўку. Яна б значна павысіла якасць сепарацыі гною, скараціла б час гэтай сепарацыі, зменшыла б колькасць выкідаў і давала б газ самому прадпрыемству. Але «Данпрод» да гэтых прапановаў прыслухоўвацца не збіраецца.

«Тут біягазавая ўстаноўка не запланаваная. Такія праекты вельмі стратныя, яны нават на Захадзе датуюцца дзяржавай. Калі будуць нейкія значныя датацыі, то, мажліва, пабудуем, але без датацый — гэта проста агромністыя грошы. Гэта вялікія капітальныя ўкладанні», — адзначае Працько.

Між тым, біягаз — гэта дзяржаўная праграма Беларусі. У 2012 годзе на цырымоніі адкрыцця самай магутнай у краіне біягазавай устаноўкі ў СВК «Рассвет» Кіраўскага раёна прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч заявіў, што на працягу трох гадоў у Беларусі будзе пабудавана 25 біягазавых установак. Як адзначыў прэм’ер-міністр, падобныя праекты «дазваляюць вырашаць лакальныя праблемы, не патрабуюць вялікіх выдаткаў на канверсію, а лішак электраэнергіі, які атрымліваецца на іх, рэалізуюць у энергасістэму Беларусі па выгадным каэфіцыенце — 1,3».

Для параўнання: сабекошт вырабленай на біягазавай устаноўцы электраэнергіі складае каля 3,5 цэнта за кВт/г. Сабекошт кілавата ў аб’яднанай сістэме Беларусі — 9,7 цэнта.

А мясцовым — нічога

Па ідэі, усе магчымыя «непрыемнасці» свінакомплексу павінны неяк кампенсавацца мясцовым жыхарам. Усе забудоўшчыкі абяцаюць гэта. Прыкладам, будуць стварацца новыя працоўныя месцы, палепшыцца інфраструктура, правядуць газ, упарадкуюць школы і дзіцячыя садкі… Тады людзі «праз сябе», але пачынаюць пагаджацца: так будзе лепш.

 Будаўніцтва ангараў

СТАА «Данпрод» абяцае, што штогадовае паступленне падаткаў у бюджэт раёна складзе каля 327 тысяч еўра. І ўсё. Працоўных месцаў на свінакомплексе для мясцовых не прадугледжана. «Па-першае, у іх няма той кваліфікацыі, якую трэба мець, каб працаваць на свінакомплексе. Па-другое, няма ў іх той адукацыі, якая патрэбна», — кажа Працько.

Ён не можа сказаць, ці будуць тут працаваць людзі «вахтавым метадам». «Адзінае, я ведаю, што ў Валожыне будуецца жыллё для працоўных комплексу, для маладых спецыялістаў, якія будуць працаваць у адпаведнасці з патрабаваннямі гэтага прадпрыемства», — адзначае ён.

Астатнія патрэбы мясцовых жыхароў будуць вырашацца пазней, калі ўвогуле будуць вырашацца.

Чумы не будзе

«Ані забою свіней, ані іх утылізацыя ў выпадку хваробы гэтым комплексам не прадугледжана. Прадугледжана тут толькі жывёлагадоўля. То бок, цэху забою жывёлы тут няма. Усе яны будуць забівацца ў спецыяльна вызначаных для гэтага месцах», — кажа Працько.

На выпадак падзяжу жывёлы, распавядае ён, прадугледжаны асобны комплекс мерапрыемстваў і забудоваў. «Тут будзе асобны маразільнік, куды будуць звозіцца памерлыя жывёлы, замарожвацца, а потым утылізавацца. Як правіла, яны ўтылізуюцца на спецыяльных прадпрыемствах, перамолваюцца на мясакосную муку. Мука потым скарыстоўваецца для кармоў іншых жывёл, напрыклад, норкі», — кажа ён.

Афрыканскай чумы свіней, упэўнены Працько, на прадпрыемстве не будзе — будзе вельмі жорсткі санітарны кантроль. «Калі ферма будзе запушчаная, вы сюды ўвогуле не зойдзеце, і ніводны пабочны чалавек сюды не трапіць. Ніводны яе працоўны не будзе мець права трымаць хатнюю свінню, каб не пранесці заразу: пра гэта будзе брацца адмысловая падпіска. Калі вы кантактавалі з іншымі свіннямі — забарона на ўваход на ферму на два дні. Уваход у свінарнік — толькі праз душ», — кажа Працько.

Але адпаведныя папераджальныя меры не заўсёды спрацоўваюць. А на выпадак крызісных сітуацый, ці то будзе прарыў трубы, ці нейкая яшчэ свіная чума ці грып, забудоўшчыкі цвердзяць: «Гэтага не адбудзецца, таму што не можа адбыцца ніколі». Дастаткова слабая і непераканаўчая аргументацыя.

Па сведчанні Віталя Супрановіча, будаўніцтва комплексу на 110 тысяч галоў свіней пачалося не тое што без абмеркавання з грамадскасцю — нават без папярэдняй экалагічнай экспертызы праекта. «Калі мы ўжо заварушыліся, пачалі дзейнічаць, яны правялі папярэднюю экалагічную экспертызу. Мы дамагліся таго, што ў мінулым годзе прайшло абмеркаванне АУНА — ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, як таго патрабуюць дакументы ў межах Орхускай канвенцыі, — кажа Супрановіч. — Мясцовым жыхарам казалі ў самым лепшым стылі: «Гэта не будова — гэта толькі падрыхтоўка да будаўніцтва».

Заўвагі грамадзян — побаку

Абмеркаванне ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе прайшло 1 верасня 2012 года. У гэты дзень людзі, вядома, занятыя — адпраўляюць дзяцей у школу. Таму на абмеркаванні прысутнічалі толькі дзевяць чалавек з ліку зацікаўленых асобаў. Але і на іх пытанні шмат адказаў не прагучала.

Вельмі паказальныя адказы на той момант дырэктаркі «Данпроду» Юліі Швед. На пытанне, чаму народ не паставілі ў вядомасць, што тут будзе будавацца свінаферма, і ці пагадзілася б яна набыць тут дом, калі б пра ферму ведала, Швед адказала: «Пэўна, не. Але набыццё дома і пабудова фермы не ўзаемазвязаныя».

У такім рэчышчы былі і астатнія адказы. Прыкладам, на пытанне, чаму было выбрана месца ў непасрэднай блізкасці ад Налібоцкай пушчы, Швед адказвае: «Гэтае месца найбольш падыходзячае». На пытанне, ці не падводзіць свінаферма ў выпадку чаго да экалагічнай катастрофы Налібоцкую пушчу, начальнік аддзелу комплекснага праектавання «Брэстбудпраект» Сяргей Дзернін пераконваў: «Катастрофы не будзе!» Не ўдакладніўшы, канешне, чаму ён так упэўнены. Той жа Дзернін пагаджаецца, што па «тэорыі і нарматывах» аб’ём сцёкаў у лагуны сапраўды павінен быць у раёне 300–450 тысяч кубаметраў, але лагуны праектаваліся ў аб’ёме 80 тысяч «кубоў» «з практыкі па дзейснаму прадпрыемству».

Між іншым, старшыня пасяджэння, намеснік старшыні Валожынскага райвыканкама Іосіф Ляшкевіч некаторыя пытанні прысутных акцэнтаваў з занясеннем у пратакол. Такімі пытаннямі былі ўстаноўка біягазавага абсталявання, пытанні забруджвання рэчак і іншыя. Нават разглядалася магчымасць, пры адмоўным рашэнні экалагічнай экспертызы, зменшыць свінаферму да 25 тысяч галоў.

АУНА прайшло. Пытанні людзей выслухалі, але… не пачулі. Як кажа Супрановіч, нягледзячы на ўсе намаганні, пакуль яму не ўдалося атрымаць вынікі канчатковай экалагічнай экспертызы гэтага праекта. То бок, немагчыма паглядзець, ці былі ўнесеныя ў праект будаўніцтва змены і дапаўненні, якія патрабавалі грамадзяне. А будоўля тым часам ідзе.

Ці есці нам свініну?

Свінакомплекс будуецца ў месцы, дзе бяруць пачатак некалькі буйных рэк, у іх ліку Іслач. У непасрэднай блізасці ад свінакомплексу — рэчка Яршоўка, па якой праходзяць экалагічныя экскурсіі. Будаўніцтва часткова альбо цалкам закранае вёскі Даўгулёўшчына з прылеглымі хутарамі, Канюшэўшчына, Макрычаўшчына, Лайкаўшчына, Сугвозды, Пугачы, Ласаўкіна, Цябуты. У зону экалагічнай небяспекі таксама трапляюць Пяршаі, Доры, Сямернікі, іншыя вёскі.

Свінакомплекс «Данпрод» — гэта не праблема мясцовага маштабу. Бо ён кранае менавіта нацыянальны набытак — Налібоцкую пушчу, экалагічна-турыстычныя маршруты. У той час, калі краіна хуткімі тэмпамі развівае агратурызм і экатурызм, калі такія туры ўсё больш і больш заваёўваюць папулярнасць, «Данпродаўскі» свінакомплекс, самы буйны ў Беларусі, робіць непрыдатнай і непрывабнай цудоўнае месца — «Карону Іслачы».

Недалёка ад плануемага свінакомплекса ёсць выдатная аграсядзіба Людмілы і Алеся Белых «Марцiнова Гусь» (вёска Малая Люцынка). Для якаснага адпачынку туды трэба завітаць у кампаніі 7–8 чалавек. Бо «Марцiнова Гусь» — яшчэ і своеасаблівая творчая лабараторыя, у якой вяртаюцца да жыцця гастранамічныя традыцыі Вялікага Княства Літоўскага. Алесь Белы — аўтар і рэдактар шматлікіх публікацый, прысвечаных гісторыі традыцыйных беларускіх страў і прадуктаў, у тым ліку кнігі «Наша страва» і Энцыклапедыі беларускай кулінарыі.

У ваколіцах Малой Люцынкі ствараецца экамузей «Брама ў Налібокі», а таксама размечаная велатраса даўжынёй у 20 кіламетраў. Яна пралягае праз былую сядзібу Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, руіны палаца і фоталабараторыі Бенядзікта Тышкевіча, піянера айчыннай фатаграфіі, і многія іншыя цікавыя месцы.

На рэчцы Яршоўка праходзіць «Зялёны маршрут» і ёсць аграсядзіба «Барок», гаспадар якой — вядомы майстар народных інструментаў Алесь Лось, і побач жа — аграсядзіба «Свет пчолаў».

Гэты край проста створаны для экатурызму. Будаваць тут самы буйны свінакомплекс у краіне — не лепшая ідэя. Па максімуме, яго б трэба было пераносіць. Але зараз тут хаця б магчыма было паставіць біягазавую ўстаноўку. Справа, канешне, нятанная, але не вельмі ж балючая для таго, каб прыгажосць гэтых мясцінаў не знікла. А свінакомплекс у гэтым выпадку будзе называцца «перадавым экалагічным прадпрыемствам»?

Ну каму ад гэтага будзе кепска?

Каментаваць