«Нам трэба было знайсці 15% несапраўдных подпісаў, мы знайшлі 24 з паловай»

У Мінскім гарадскім судзе адбыліся слуханні па скарзе сябры Рады Руху «За Свабоду» Вольгі Быкоўскай на нерэгістрацыю яе кандыдатам у дэпутаты на выбарах у мясцовыя саветы.

У працэсе ўдзельнічалі суддзя Іна Яблакава, пракурор па прозвішчу Пастаялка, падаўца скаргі Вольга Быкоўская і прадстаўнікі гарадской камісіі на чале з яе кіраўніком, дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Дзмітрыем Шаўцовым.

Выбарчая камісія Савецкага раёна Мінска 17 студзеня адмовіла Вользе Быкоўскай у рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты па Лагойскай выбарчай акрузе на той падставе, што ў яе болей за 15% правераных подпісаў несапраўдныя (намаганнямі камісіі выявілі 13 нібыта несапраўдных подпісаў са здадзеных 166). Гэтае рашэнне пацвердзіла і гарадская выбарчая камісія.

Як выявілася, рашэнне пра несапраўднасць подпісаў прымалася на падставе таго, што дзесьці дата пастаўлена нібыта рукой зборшчыка подпісаў, дзесьці памылка ў даце нараджэння выбаршчыка на адзін год, у двух выпадках апіскі ў прозвішчы выбаршчыка (Алефціна-Алевціна і Абразевіч-Абражэвіч). Ёсць выпадак, дзе зборшчык подпісаў забыў напісаць вуліцу, а таксама дзе фактычнае месца пражывання выбаршчыка, запісанае ў подпісным лісце, не адпавядае фармальнаму.

Відавочна, што знойдзеныя памылкі фармальныя і іх характар адназначна сведчыць, пра тое, што подпісы ў падтрымку ставілі рэальныя людзі. Мажліва менавіта таму суддзя не падтрымала хадайніцтва Вольгі запрасіць у суд у якасці сведкаў людзей, чые подпісы камісіі прызналі несапраўднымі.

Склалася уражанне, што камісіі выконвалі задачу максімальна перашкодзіць прэтэндэнту зарэгістравацца, а не спрыяць яму, пра гэта ўскосна сведчаць словы Дзмітрыя Шаўцова: «Нам трэба было знайсці 15% несапраўдных подпісаў, мы знайшлі 24 з паловай».


Вольга заявіла, што лічыць сваю нерэгістрацыю камісіямі двух узроўняў палітычным рашэннем, паколькі з’яўляецца актывістам Руху «За Свабоду». Вольга таксама выказала свае сумневы наконт працэдуры «выпадковага» адбору выбарчымі камісіямі падпісных лістоў для праверкі, бо пры гэтым не прысутнічалі незалежныя назіральнікі. Таксама ў Вольгі былі пытанні па правядзенні графалагічнай экспертызы, працэдура якой даволі працаёмкая і патрабуе аналізу шматлікіх узораў почырку.

«Лічу знойдзеныя апіскі ў зборшчыкаў недастатковымі для прызнання подпісаў несапраўднымі. Гэтыя людзі сапраўды пакінулі ў маю падтрымку свой подпіс, яны былі перакананыя, што ў Мінгарсавеце павінна быць альтэрнатыва, але іх меркаванне не было прынятае пад увагу па фармальных прычынах», — адзначыла падчас перапынку ў паседжанні Вольга Быкоўская.

Пасля перапынку цуду не адбылося: суддзя вынесла рашэнне аб незадавальненні скаргі Вольгі Быкоўскай на нерэгістрацыю яе кандыдатам у дэпутаты.

Фота аўтара

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць