Намеры і рашэнне не супалі

Савет міністраў замежных спраў краін ЕС прыняў рашэнне падоўжыць санкцыі ў дачыненні да Беларусі да 31 кастрычніка 2013 года. Пашырэння санкцый не адбылося, ЕС заяўляе, што гатовы да перамоў аб спрашчэнні візавага рэжыму з Беларуссю.
 



Савет міністраў замежных спраў ЕС паўтарыў свой заклік неадкладна вызваліць і рэабілітаваць усіх палітвязняў у Беларусі, пазітыўна ацаніў вызваленне віцебскага актывіста КХП–БНФ Сяргея Каваленкі, але выказаў занепакоенасць з нагоды інфармацыі аб дадатковых турэмных тэрмінах і неналежным абыходжанні з палітвязнямі.

«Паколькі не ўсе палітвязні былі вызваленыя, а вызваленыя вязні не былі рэабілітаваныя, а таксама з прычыны адсутнасці паляпшэнняў у сферы павагі да правоў чалавека, вяршэнства закона і дэмакратычных прынцыпаў савет прыняў рашэнне падоўжыць дзеянне абмежавальных мер да 31 кастрычніка 2013 года», — гаворыцца ў рашэнні ЕС.

Савет заклікае ўлады Беларусі спыніць пераслед грамадзянскай супольнасці, палітычнай апазіцыі і незалежных СМІ, а таксама заклікае Мінск супрацоўнічаць са спецдакладчыкам Савета ААН па правах чалавека па сітуацыі ў Беларусі.

Савет ЕС зноў заявіў аб прыхільнасці развіваць адносіны з беларускім народам і грамадзянскай супольнасцю, у тым ліку праз ініцыятыву «Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі». Акрамя таго, Еўрасаюз гатовы пачаць перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму і пагадненні аб рэадмісіі, што дасць магчымасць актывізаваць кантакты паміж людзьмі і пойдзе на карысць беларускім грамадзянам. Савет выказвае шкадаванне, што беларускія ўлады так і не адказалі на гэтую прапанову, апублікаваную Еўракамісіяй яшчэ ў чэрвені 2011 года.

Андрэй Елісееў, аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў, адзначае, што летам ЕС дэклараваў больш жорсткія намеры. Аднак рэалізаваць іх амаль немагчыма з прычыны сістэмы, паводле якой прымаюцца бюракратычныя рашэнні.

«Савет ЕС па замежных справах у пэўнай ступені ёсць закладнікам кансенсуснай сістэмы прыняцця рашэнняў. Паколькі прадстаўнікі кожнай з 27 краін ЕС (а з ліпеня 2013 ЕС папоўніцца і Харватыяй) мусяць даць сваю згоду, то фактычна рашэннем становіцца самы мяккі з варыянтаў, якія ёсць на стале. Рашэнне Савета ЕС, паводле якога дзеянне «чорнага спісу» проста падоўжылі, не адпавядае раней выказаным намерам. Так, 10 жніўня ў Брусэлі адбылося пасяджэнне Камітэта па палітыцы і бяспецы Савета ЕС, прысвечанае сітуацыі вакол беларуска-шведскага дыпламатычнага канфлікту. Старшыня Камітэта Олаф Скоог пасля заявіў, што вызначальнымі для Савета ЕС 15 кастрычніка будуць наяўнасць палітзняволеных і апошнія падзеі, уключна з дыпламатычным канфліктам са Швецыяй, — нагадвае аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў. — Нягледзячы на тое, што ацэнка выбараў АБСЕ была вельмі крытычнай, палітзняволеныя засталіся, а дыпламатычны канфлікт не вырашаны, частка краін ЕС выступала супраць пашырэння «чорнага спісу». Адзначым, што яго пашырэнне было б асабліва балючым для беларускіх уладаў менавіта зараз, у перыяд няпростых адносін з Расіяй».

Цяпер пад візавыя і эканамічныя санкцыі ЕС падпадаюць 243 беларускіх чыноўніка, у тым ліку Аляксандр Лукашэнка.

На прэс-канферэнцыі для расійскіх рэгіянальных СМІ ў Мінску Аляксандр Лукашэнка заявіў, што разумее прычыну для падаўжэння санкцый ЕС — яго падыходы да палітыкі. Але кіраўнік Беларусі не згодны з меркаваннем, што тут — дыктатура.

Санкцыі ЕС, выказаў сваё меркаванне Лукашэнка, звязаныя і з добрымі адносінамі паміж Беларуссю і Расіяй. «Гэта — крытэр стасункаў Захаду з намі. Калі мы з Расіяй — дзярмо, такія-сякія, ворагі і гэтак далей. Такая ў іх палітыка», — перакананы беларускі кіраўнік.
 

Каментаваць