Напярэдадні Дзядоў запланаваная мастацка-дакументальная выстава “Курапаты”

Напрыканцы кастрычніка, напярэдадні восеньскіх Дзядоў у Мінску запланаваная мастацка-дакументальная выстава “Курапаты”. Такое рашэнне было прынятае ў Мінску 9 ліпеня на першым пасяджэнні працоўнай групы па падрыхтоўцы адкрытага нацыянальнага конкурсу на лепшую ідэю ўшанавання ў Курапатах бязвінных ахвяраў савецкага таталітарызму.



Нагадаем, што працоўная група з 15 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі была створаная 30 чэрвеня ў Мінску па выніках круглага стала, арганізаванага грамадзянскай ініцыятывай “Эксперты ў абарону Курапатаў”. Менавіта на гэтым пасяджэнні старшыня суполкі “Пагоня” Беларускага саюзу мастакоў Генадзь Драздоў у якасці першага кроку на шляху стварэння праекту канцэпцыі мемарыялізацыі Курапатаў прапанаваў  падрыхтаваць выставу мастацкіх твораў, артэфактаў, дакументаў, матэрыялаў і публікацый паводле народнага мемарыялу крыжоў ва ўрочышчы і масавых палітычных рэпрэсій савецкіх часоў.

На думку мастака, такая выстава, разлічаная на некалькі дзён і насычаная мультымедыяй, у тым ліку дакументальнымі відэа, аўдыё і фотаматэрыяламі, можа абудзіць у грамадстве цікаўнасць да Курапатаў і тэмы сталінскіх рэпрэсій. Прычым, для такой экспазіцыі змест важней за маштаб, лічыць мастак.

Як адзначалася на пасяджэнні, выстава, у праграму якой увойдзе навукова-практычная канферэнцыя, будзе спрыяць аб’яднанню грамадства вакол Курапатаў. Пад час выставы будзе агучаны і абмеркаваны праект канцэпцыі конкурсу на лепшую ідэю мемарыялізацыі Курапатаў.  На выставу будуць запрошаныя прадстаўнікі творчых аб’яднанняў, студэнты і навучэнцы мастацкіх ВНУ і ССНУ, у тым ліку Беларускай акадэміі мастацтваў і архітэктурнага факультэту Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэту. Такім чынам, выстава дасць старт творчаму спаборніцтву.

Гэтая мастацкая з’ява стане першай, але не апошняй з курапацкай тэматыцы на бліжэйшыя гады. Мяркуецца арганізаваць правядзенне невялікіх лятучых інтэрактыўных выставаў па названай праблематыцы ў сталіцы і іншых населеных пунктах краіны, а таксама падрыхтаваць інтэрнэт-экспазіцыю па згаданай тэматыцы. Плануецца падрыхтоўка заяўкі ў Беларускі саюз мастакоў на правядзенне ў 2016–2017 гадах маштабных выставаў “Курапаты” у сталічным Палацы мастацтва, дзе , дарэчы, улетку 1993 годзе экспанаваліся творчыя вынікі першага конкурсу на лепшы праект помніка ахвярам сталінізму ў Курапатах -- больш за 50 праектаў, 31 траўня 1993 года разгледжаных экспертнай камісіяй пад старшынствам народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча.

Каментаваць