Напішы артыкул у Вікіпедыю і атрымай планшэт

Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны працягвае абвешчаны конкурс артыкулаў у Вікіпедыю на тэму “Гуманітарныя навукі. Персаналіі”. Артыкулы на конкурс можна дасылаць да 15 чэрвеня 2015 года. Пераможца атрымае галоўны прыз — планшэт. Іншыя прызы: электронная кніга і флэшка.



Але атрымаць планшэт — не галоўная нагода. Гэта — той самы выпадак, калі ўдзел важнейшы за перамогу.

Кожны з нас ёсць спецыялістам у сваёй прафесіі. Кожны мае нейкае захапленне — ад вырошчвання хатніх раслінаў да парашутнага спорту — пра якое, пэўна, можа з імпэтам распавядаць не адну гадзіну. І кожны з нас проста абавязаны напісаць артыкул у Вікіпедыю!

Навошта? Каб па-беларуску можна было знайсці ўсё! Ну і, вядома, каб атрымаць планшэт.  Каб навуковыя артыкулы беларускай Вікіпедыі можна было выкарыстоўваць замест падручнікаў — не толькі школьных, але і ўніверсітэтскіх. І гэта не перабольшванне: такая практыка ўжо замацавалася ў некаторых краінах.

Прадбачым першае пытанне: “А што рабіць, калі я не ўмею пісаць артыкулы ў Вікіпедыю?” Адказ на яго можа быць толькі адзін: вучыцеся! Гэта проста. Вам у дапамогу — даведка Вікіпедыі. Таксама вы ў любы момант можаце звярнуцца па параду да арганізатараў.

Умовы конкурсу чытайце ТУТ. Артыкулы трэба дасылаць да 15 чэрвеня.

Калі ўзнікне такая патрэба, ТБМ арганізуе навучальны занятак; галоўнае — паведаміце нам пра гэта: напішыце на пошту ТБМ siadziba@gmail.com, дашліце паведамленне ў суполкі Таварыства ў сацыяльных сетках.

Дык стварайма беларускамоўную прастору разам!

Каментаваць