Народная падтрымка на крыві

Прагназуемая колькасць людзей, якія выйдуць на плошчу, ацэньвалася скептыкамі ў пяць-дзесяць тысяч чалавек. Вечарам 19 снежня гаварылі, што ў акцыі пратэсту ўдзельнічае каля 20 тысяч чалавек. У выніку многія з гэтых людзей атрымалі не толькі амапаўскай дубінкай па хрыбту, але і рэвалюцыю ў свядомасці. Людзі сталі грамадзянамі.



Прагназуемая колькасць людзей, якія выйдуць на плошчу, ацэньвалася скептыкамі ў пяць-дзесяць тысяч чалавек. Вечарам 19 снежня гаварылі, што ў акцыі пратэсту ўдзельнічае каля 20 тысяч чалавек. У выніку многія з гэтых людзей атрымалі не толькі амапаўскай дубінкай па хрыбту, але і рэвалюцыю ў свядомасці. Людзі сталі грамадзянамі.

А пачыналася ўсё мірна і нават прыгожа. На буйнейшую вулічную акцыю апазіцыі з часоў вясны 2006 года ў цэнтр Мінску ехалі-ішлі і самі мінчукі, і жыхары рэгіёнаў. Апошнім кампанію ад чыгуначнага вакзалу ў бок Кастрычніцкай плошчы складалі кандыдаты ў прэзідэнты Віталь Рымашэўскі і Мікола Статкевіч, якія абвясцілі збор людзей на пляцоўцы перад вакзалам. Па шляху надзвычайных інцыдэнтаў не было, хіба што некалькі п’яных спрабавалі прычапіцца да дэманстрантаў.

Тым часам на Кастрычніцкую падцягваўся народ, недзе ў 20.30 яна была цалкам запоўненая людзьмі, з дынамікаў гучна транслявалася расійская папса. Яшчэ да з’яўлення кандыдатаў у прэзідэнты калегі-журналісты расказалі, што збіты Уладзімір Някляеў, яго адвезлі ў бальніцу. Пазітыву ад гэтай весткі не дадалося, але міліцыі, апроч супрацоўнікаў у цывільным, не было. І падавалася, што ўлады абыдуцца толькі ліквідацыяй актыўнага апанента.

Прыйшлі кандыдаты ў прэзідэнты, гукаўзмацняльнай апаратуры не было, і словы з мегафону былі чутныя максімум на адлегласці ў дзесяць метраў ад выступоўцаў. Потым прынеслі калонкі, і кандыдаты выступілі з невялікімі прамовамі. Прыехаў кіраўнік штабу Уладзіміра Някляева Андрэй Дзмітрыеў, які расказаў пра напад на кандыдата ў прэзідэнты, ён перадаў словы кандыдата ў прэзідэнты: «Можна зламаць руку, але нельга зламаць волю, можна разбіць галаву, але нельга разбіць надзеі».



Людзі скандавалі: «Сыходзь!», «Жыве Беларусь!», «Пора менять лысую резину». Мікола Статкевіч паведаміў звесткі незалежнага экзіт-пола і заклікаў прысутных ісці да Лукашэнкі і патрабаваць яго сысці з пасады. Літаральна цягам 10–15 хвілін натоўп рушыў па праспекту ў бок плошчы Незалежнасці. Людзі цалкам запоўнілі вуліцу ад плошчы да плошчы, калона ішла вельмі хутка. Быў момант замяшальніцтва, калі на плошчу дайшла частка людзей — было не зразумела, дзе лідары, што рабіць далей. Праехала машына з гукаўзмацняльнай апаратурай, некалькі разоў папярэдзіла дэманстрантаў аб адказнасці за ўдзел у масавых мерапрыемствах і з’ехала. З’явіліся палітыкі, пачаўся мітынг каля помніка Леніну. Натоўп быў настроены міралюбіва, не агрэсіўна, але адчувалася энергетыка рашучасці.

Віталь Рымашэўскі заявіў, што кандыдаты ў прэзідэнты запрашаюць на плошчу кіраўнікоў міліцыі, пракуратуры, Лукашэнку, патрабуюць правядзення новых выбараў, але цяпер хочуць перамоў. Кандыдат запэўніваў, што сілавых дзеянняў не будзе. З боку Дома ўраду даляцеў гук разбітага шкла. Натоўп зароў: «Правакатары!» Кандыдаты спрабавалі ўціхамірыць людзей. У гэты час адбылася першая спроба зачысткі, людзей білі ля ганку Дома ўраду. Але раптам АМАП пачаў сыходзіць. Выступоўцы міралюбіва заклікалі: «Міліцыя пакідае нас і вернецца без формы для таго, каб нас падтрымаць. Не біце міліцыю — хай сыходзіць з мірам!» Натоўп з адабрэннем закрычаў: «Міліцыя з народам!» Да дзвярэй парламенту стварылі жывы калідор з людзей, Андрэй Саннікаў і Віталь Рымашэўскі пайшлі «на перамовы».



Далейшыя падзеі разгортваліся хутка. З Дому ўраду выбегла каля сотні байцоў спецназу, пад’ехалі аўтазакі, аўтобусы з міліцыянтамі, амапаўцамі. Людзей пачалі выцясняць, пры гэтым білі, не разбіраючы каго і па чым — жанчын, пажылых, па спіне, галовах... Спецназ сціскаў натоўп з усіх бакоў, аргументуючы свае дзеянні дубінкамі, мацюкамі... Тыя, што ў цывільным, выхоплівалі дэманстрантаў па аднаму і збівалі нагамі. Людзей пачкамі закідвалі ў аўтазакі, выдаючы порцыі ўдараў дубінкамі, нагамі. Літаральна за дзесяць хвілін натоўп быў разбіты, людзі, як вада з прарванай плаціны, расцякаліся па прылеглых вуліцах, але і там іх чакалі дубінкі, аўтазакі. Каля чыгуначнага вакзалу міліцыянты «вінцілі» нейкіх хлопцаў каля кіёску «хутка-смачна», з рацыяў міліцыянтаў даносіліся загады «пакаваць». Пакавалі без разбору па ўсяму гораду да раніцы — мінакоў, мітынгоўцаў, кандыдатаў у прэзідэнты...

* * *

Рэжым Лукашэнкі праявіў сваю жахлівую, сапраўдную існасць.

Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што Плошчы не будзе. Плошча была, але нядоўга. Падкрэслена мірны характар вулічнай акцыі пратэсту катастрафічна дысануе з метадамі яе разгону. Пазней з’явіліся фота- і відэадоказы таго, што вандалізм на ганку Дома ўраду надта нагадвае спланаваную акцыю, якая развяжа рукі сілавікам.

На заклікі да сілавых структур знайсці паразуменне, не ісці супраць сваіх суграмадзян быў адказ у выглядзе брутальнага, нематывавана жорсткага разгону. Людзей сціскалі паміж дзвюма сценкамі з амапаўцаў у шлемах, са шчытамі, з дубінкамі. Працягні руку ў адзін бок — дакранешся да амапаўца, працягні ў другі — тое ж. Натоўп шалеў ад страху, амапаўцы таксама пад адрэналінам былі далёкія ад адэкватнасці. Сітуацыя, якая склалася ў выніку гэтых манеўраў, — другая Няміга. Адрозненне ў тым, што над галовамі быў не дождж, а дубінкі.

Нейкага мужчыну збівалі нагамі каля дзясятка супрацоўнікаў, апранутых у цывільнае. Крымінальныя, дваровыя разборкі — вось узровень сілавікоў Беларусі. Такая ў нас улада, спадарства, такую ўладу мы трываем 16 гадоў. Відаць, усё мае пад сабой грунт.

Напад на ініцыятыўную групу Уладзіміра Някляева, збіццё самога кандыдата ў прэзідэнты — гэта папросту па-за каментарамі. Імаверны бліжэйшы супернік Лукашэнкі, які, верагодна, мог бы быць другім прэзідэнтам Беларусі, невядома дзе з чэрапна-мазгавой траўмай.

Так, магчыма, апазіцыя «правісла» ў плане падрыхтоўкі, правядзення акцыі, кіраўніцтва натоўпам, не прадугледзела магчымыя правакацыі. Не зразумелая сутнасць перамоў у Доме ўраду, што ініцыявалі кандыдаты ў прэзідэнты, калі гэты самы Дом ураду зачынены і, па логіцы, там хіба што прыбіральшчыца знаходзілася (але падзеі паказалі, што знайшлося месца ў гэтым будынку і не адной сотні амапаўцаў). Але ўсё гэта не можа быць падставай для бойні пад сценамі Дома ўраду, пасля якой застаўся чырвоны ад крыві снег.

Кроў, боль, сорам — вось вынік 19 снежня 2010 года.

Каментаваць