Народны сход чакае саўдзелу

 Арганізатары Народнага сходу заклікаюць людзей ужо цяпер фармуляваць свае патрабаванні да ўладаў, а таксама дапамагчы ў правядзенні мерапрыемства хто чым зможа. 

 Арганізатары Народнага сходу заклікаюць людзей ужо цяпер фармуляваць свае патрабаванні да ўладаў, а таксама дапамагчы ў правядзенні мерапрыемства хто чым зможа. 

Народны сход апазіцыйныя сілы плануюць правесці 8 кастрычніка ў Мінску, ва ўсіх абласных гарадах і 48 райцэнтрах. На Народных сходах мусяць быць прынятыя сацыяльна-эканамічныя і палітычныя патрабаванні да ўладаў. Таксама плануецца абраць паўнамоцных прадстаўнікоў Народных сходаў, якія і перададуць сфармуляваныя патрабаванні прадстаўнікам органаў улады. Будзе прызначана і дата наступных Народных сходаў, дзе агучаць рэакцыю ўладаў на патрабаванні людзей і прынятыя захады па вырашэнню сацыяльна-эканамічных праблем. Арганізатары мерапрыемства гавораць, што да іх працы далучыліся амаль усе палітычныя партыі і рухі краіны, і заклікаюць грамадзян зрабіць свой пасільны ўнёсак у арганізацыйную працу.

«Няма банка, які б фінансаваў гэтае мерапрыемства. Гэта ўсё творчасць грамадзян. Нехта ўкладвае свае сродкі і рэсурсы, а нехта траціць свой асабісты час на дапамогу арганізацыі. Таму мы заклікаем усіх, хто не хоча, каб наша жыццё было такім змрочным і бесперспектыўным, як сёння, укладаць, што магчыма», — заявіў кіраўнік партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін.

Дапамагчы арганізатарам Народнага сходу паабяцаў і Вячаслаў Дыянаў, які меў дачыненне да мабілізацыі людзей на летнія акцыі маўклівага пратэсту.

Які ў Народнага сходу будзе вынік, па словах арганізатараў, пакажуць дзеянні ўладаў. То бок у чарговы раз рэжыму Лукашэнкі хочуць зладзіць праверку на адпаведнасць Канстытуцыі.
 

Каментаваць