Народны сход. Пратэсты з розных бакоў

На шэрагу беларускіх прадпрыемстваў прайшлі лакальныя пратэстныя акцыі — людзі патрабавалі падвышэння заробку. 8 кастрычніка ў сталіцы і рэгіянальных гарадах Беларусі мяркуецца правесці Народны сход — акцыю, на якой будуць сфармуляваныя і падрыхтаваныя патрабаванні да кіраўніцтва дзяржавы.



На шэрагу беларускіх прадпрыемстваў прайшлі лакальныя пратэстныя акцыі — людзі патрабавалі падвышэння заробку. 8 кастрычніка ў сталіцы і рэгіянальных гарадах Беларусі мяркуецца правесці Народны сход — акцыю, на якой будуць сфармуляваныя і падрыхтаваныя патрабаванні да кіраўніцтва дзяржавы.

На Народны сход будуць вынесеныя для абмеркавання праграмы выхаду краіны з палітычнага і эканамічнага крызісу. Арганізатары падкрэсліваюць, што выніковасць гэтай працы будзе залежаць толькі ад колькасці беларусаў, якія падтрымаюць акцыю і не пабаяцца выйсці на вуліцу з патрабаваннямі да ўладаў.

«Эканамічнае патрабаванне да ўладаў — гэта лакаматыў, тое, што мусіць выцягнуць людзей на вуліцы. І, выйшаўшы на вуліцы пад патрабаванне забяспечыць свае сацыяльныя правы, я перакананы, людзі запатрабуюць і вызвалення палітвязняў, і правядзення свабодных выбараў», — выказвае ўпэўненасць адзін з арганізатараў «Народнага сходу» Віктар Івашкевіч.

 «Рабочыя ўжо выходзяць з курылак і пачынаюць адкрыта выказваць пратэст супраць зніжэння ўзроўню заробкаў і росту цэн», — гаворыць каардынатар аргкамітэта па правядзенні акцыі «Народны сход» прадпрымальнік Мікалай Пахабаў. Паводле яго слоў, такія «італьянскія забастоўкі», калі людзі не працавалі на рабочых месцах, былі ў Барысаве, Салігорску, Слуцку, Мінску.

Прадстаўнік Незалежнага прафсаюзу Генадзь Раманюк працуе на «Беларуськаліі». Ён гаворыць, што і там ёсць нарастанне незадаволенасці. І гэта пры тым, што салігорскія шахцёры — у ліку найбольш аплачваемай катэгорыі работнікаў. «Тымі заробкамі, што цяпер паднялі, ніхто не задаволены, ні на грам! Усё адно ў людзей ідзе пратэстны настрой, што трэба мяняць кіраўніцтва дзяржавы, усе разумеюць, што ўсё вырашае адзін чалавек. Намеснік старшыні канцэрна сказаў, што ў нас будзе народная прыватызацыя. І паўтара гады незалежны прафсаюз змагаецца за тое, каб даць работнікам акцыі. І яны ідуць ужо нават на гэта, гатовыя выдаць частку акцый працоўнаму калектыву. Усё залежыць ад людзей, ад кожнага з нас. Наймальнік усімі шляхамі імкнецца прыціснуць нас. Не фізічна, а фінансава — ростам заробку, прэмій», — расказвае Раманюк.

Аргкамітэт па правядзенню ўсебеларускай акцыі «Народны сход» рыхтуе інфармацыйную кампанію цягам бліжэйшых трох месяцаў. Віктар Івашкевіч спадзяецца, што «Народны сход» знойдзе падтрымку ў людзей, бо гэта ёсць «пратэст супраць збяднення мільёнаў, штодзённага зневажання чалавечай годнасці, самаізаляцыі краіны і здачы яе незалежнасці».

Івашкевіч тлумачыць адцягнутасць у часе даты правядзення вулічнай акцыі аб’ектыўнымі прычынамі. «У насельніцтва, у тым ліку рабочых, сёння ёсць негатыўнае ўспрыманне таго, што робіць улада. Але пакуль яны яшчэ думаюць, спадзяюцца, што крызіс скончыцца, улады паднімуць заробак. Праз некалькі месяцаў гэтыя ілюзіі могуць знікнуць. Рабочыя ўжо праяўляюць цікавасць да «Народнага сходу», яны незадаволеныя сваім цяперашнім станам», — гаворыць адзін з арганізатараў акцыі.

Цяпер па краіне штосераду праходзяць акцыі маўклівай нязгоды. Іх ладзяць праз сацыяльныя сеткі, і, трэба прызнаць, гэтыя выхады на вуліцы гарадоў без лозунгаў і патрабаванняў знаходзяць падтрымку, хаця пакуль і не такую масавую. Адзін з адміністратараў суполкі «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі» Вячаслаў Дзіянаў гаворыць, што пакуль арганізатары «Народнага сходу» да яго не звярталіся. «Я магу проста прапанаваць арганізатарам «Народнага сходу» хаця б паразмаўляць на гэтую тэму, каб карыстальнікі сацыяльных сетак, сябры нашых суполак маглі даведацца пра гэтую ідэю. Пакуль такіх прапаноў не было. А ўсё ж трэба неяк размаўляць, каардынавацца. І гэта пры тым, што ад іншых суб’ектаў палітычных структур былі ініцыятывы кантактаў, мы хоць неяк абмяркоўвалі дзейнасць», — падкрэслівае Дзіянаў. Арганізатар вулічных акцый мірнага пратэсту мяркуе, што «Народны сход» не можа быць самамэтай: «Гэта мусіць быць толькі этап вялікай кампаніі. Тады будзе вынік».

Віктар Івашкевіч спадзяецца на масавую падтрымку, бо «некалькі тысяч чалавек на вуліцах Беларусі не могуць змяніць сітуацыю, уступаючы ў супрацьдзеянне з дзясяткамі тысяч падрыхтаваных карнікаў». Іншая справа, калі маніфестантаў будзе ў 10–20 разоў больш.

У аргкамітэт «Народнага сходу» ўваходзяць прадстаўнікі аргкамітэта партыі «Беларускі рух», Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, аргкамітэта па стварэнні партыі працоўных, а ў рэгіянальныя аргкамітэты — прадстаўнікі практычна ўсіх дэмакратычных рухаў.
 

Каментаваць